АБСЭ заклікала Беларусь перагледзець празьмерна абмежавальны закон аб СМІ

Акцыя салідарнасьці з журналістамі ў Менску, 3 верасьня 2020

Прадстаўніца АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ бачыць сур'ёзнае абмежаваньне свабоды слова ў Беларусі ў сувязі з увядзеньнем новага заканадаўства.

Прадстаўніца АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ Тэрэза Рыбэйра заявіла сёньня, што прынятыя нядаўна ў Беларусі законы сурʼёзным чынам супярэчаць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека, у прыватнасьці, у дачыненьні да свабоды выказваньня і свабоды СМІ, у тым ліку абавязаньням дзяржавы, прынятым у рамках АБСЭ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы законапраект аб СМІ: абмяжоўваць доступ да сайтаў, пазбаўляць акрэдытацыі, прыцягваць да адказнасьці

24 траўня Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон аб зьменах у закон аб СМІ. Паводле закону, акрамя іншага:

  • забараняецца трансьляцыя недазволеных уладамі масавых мерапрыемстваў
  • забараняецца публікаваць вынікі апытаньняў грамадзкай думкі аб грамадзка-палітычнай сытуацыі, праведзеных без афіцыйнай акрэдытацыі
  • забараняецца даваць гіпэрспасылкі на афіцыйна не дазволеныя матэрыялы
  • пракурорам даецца права абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў, якія парушылі закон
  • выпуск СМІ можа спыніць ня толькі суд, але і Міністэрства інфармацыі.

Прадстаўніца АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ Тэрэза Рыбэйра заклікала ўлады Беларусі адмяніць «гэтыя празьмерна абмежавальныя палажэньні і правесьці комплексную рэформу нацыянальнага заканадаўства, каб прывесьці яго ў адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі і абавязаньнямі Рэспублікі Беларусь у рамках АБСЭ».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Папраўкі ў закон „Аб СМІ“ немагчыма абмеркаваць, бо яны ўжо прынятыя», — дэпутат Давыдзька адказаў БАЖ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У першым і другім чытаньні. Палата прадстаўнікоў прыняла «рэпрэсіўныя законапраекты»