У той дзень шасьцёх матацыклістаў спынілі на выезьдзе з вуліцы Астрашыцкай на праспэкт Незалежнасьці. Трох мужчын і трох жанчын моцна зьбілі і павезьлі спачатку ў Першамайскі РУУС Менску, а затым у турму на Акрэсьціна.
ByPol апублікаваў радыёперахоп перамоваў інспэктараў дарожнага руху ў той дзень, яны мелі намер спыняць любыя арганізаваныя групы матацыклістаў, што накіроўваліся ў горад. У групе, якая ўдзельнічала ў затрыманьні, па інфармацыі ByPol, былі лейтэнант Андрэй Р., інспэктар ДАІ Ўладзімер К., старшы лейтэнант Арцём П., які прыехаў на затрыманьне зь Берасьцейскай вобласьці, а таксама капітан Андрэй К.
Беларускія ўлады раней прызналі тэлеграм-канал ByPol экстрэмісцкім.
Адзін зь сілавікоў прыстаўляў пісталет да галавы адной з затрыманых дзяўчат, чаго не вымагала становішча. ByPol сьцьвярджае, што сілавікоў не цікавіла, ці бралі пабітыя байкеры ўдзел у пратэстах.
Ініцыятыва паведаміла, што асабістую інфармацыю пра сілавікоў перададуць у эўрапейскія інстанцыі для ўнясеньня названых асоб у санкцыйныя сьпісы, а таксама для далейшага крымінальнага перасьледу сілавікоў, якія чынілі злачынствы супраць беларускага народу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ByPol: У беларускай міліцыі недахоп супрацоўнікаў перавышае 18% ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта будуць арганізаваныя пратэсты». Прадстаўнік BYPOL — пра плян «Перамога» і адказных за спробу суіцыду ЛатыпаваШто такое ініцыятыва ByPol
У ініцыятыву ByPol уваходзяць былыя і цяперашнія працаўнікі сілавых структур, нязгодныя з гвалтам, фальсыфікацыямі і масавымі рэпрэсіямі, якія ўзмацніліся ў Беларусі пасьля выбараў 2020 году.
Згодна са справаздачай на тэлеграм-канале ByPol, унутраныя дакумэнты сілавых структур у офіс арганізацыі паступаюць штодня. Асаблівая ўвага надаецца супрацоўніцтву зь дзейнымі сілавікамі, якія сьвядома дапамагаюць апанэнтам рэжыму.
Як вынік, ByPol рэгулярна публікуе сакрэтныя ведамасныя ўказы і аўдыёзапісы перамоваў высокіх чыноў сілавога блёку (напрыклад, экс-старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, былога начальніка ГУБАЗіК Мікалай Карпянкова ды іншых).
Iніцыятыва аб’ядноўвае былых беларускіх сілавікоў, уключна з супрацоўнікамі Камітэту дзяржбясьпекі, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, Службы бясьпекі прэзыдэнта ды іншых структураў.
У красавіку 2021 суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў Telegram-канал ByPol экстрэмісцкім. 8 лістапада 2021 суд вызнаў ByPol і распрацаваны ініцыятывай мабілізацыйны плян «Перамога» «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».
У чэрвені 2023 году ByPol раскалоўся, удзельнікі нутранога канфлікту паспрачаліся паміж сабой, у выніку спатрэбілася ўрэгуляваньне пры дапамозе АПК. Пасьля перамоваў бакоў з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай ініцыятыва падзялілася на фонд ByPol і аб’яднаньне BelPol.
BelPol стаў праваўладальнікам «тэхнічных і інтэлектуальных магчымасьцяў і інструмэнтаў» першапачатковай арганізацыі. У сваю чаргу, фонд, які ўзначальвае Аляксандар Азараў, захаваў толькі юрыдычную назву ByPol і плян «Перамога».