Сяргей Скрыба, намесьнік рэктара Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту. Пры ягоным кіраўніцтве з унівэрсытэту адлічвалі студэнтаў за ўдзел у мірных акцыях.
13 кастрычніка студэнты БДЭУ правялі акцыю на прыступках унівэрсытэту ў адказ на разгон маршу пэнсіянэраў, якія адбыўся напярэдадні. Пазьней у інтэрнэце зьявіўся дакумэнт за подпісам Сяргея Скрыбы, накіраваны ў міліцыю, каб студэнтаў прыцягнулі да адказнасьці. Тады ў міліцыю выклікалі 11 студэнтаў, некаторых зь іх адлічылі.
Агулам з ВНУ за пазыцыю адлічылі 15 студэнтаў і студэнтак.
Сяргей Рубніковіч, рэктар Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту, арганізатар рэпрэсій супраць студэнтаў у гэтай ВНУ. Адлічыў звыш 20 студэнтаў і студэнтак за выказваньне сваёй грамадзянскай пазыцыі. 28 кастрычніка адміністрацыі ВНУ выклікала АМАП на бацькоў, якія прыйшлі даведацца, чаму адлічылі іхных дзяцей.
Сярод адлічаных, напрыклад, была 20-гадовая студэнтка Яна, якая ўжо працавала зь людзьмі, якія захварэлі на каранавірус.
Пазьней адміністрацыя БДМУ прапаноўвала некаторым студэнтам аднавіцца — з умовай не ўдзельнічаць у пратэстах.
Аляксандар Бахановіч, рэктар Берасьцейскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту. На ягоны загад з унівэрсытэту адлічылі 9 чалавек, якія ўдзельнічалі ў акцыі пратэсту.
«У панядзелак 26 кастрычніка, калі мы вырашылі падтрымаць нацыянальную забастоўку, нас запрасілі ў аўдыторыю і пачалі непрыемную гутарку. Калі коратка, пераконвалі, што нашы погляды няслушныя. Яшчэ былі дзіўныя фразы, што папярэдняга рэктара Аляксандра Драгана звольнілі за нас, пры гэтым ён сышоў пры згодзе бакоў», — так апісваў сытуацыю былы студэнт унівэрсытэту Дзяніс.
Бацькі другога адлічанага студэнта, Міхаіла Якушэвіча, нават судзіліся з адміністрацыяй ВНУ, каб іхнага сына аднавілі на вучобе. Але суд вырашыў, што адміністрацыя ВНУ паступіла правільна.
Міхаіл Баразна, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Пры ягоным кіраўніцтве ў 2020 годзе з палітычных матываў з акадэміі адлічылі каля 20 студэнтаў і студэнтак.
Адной са студэнтак, Карыне, рэктар заявіў, што яна больш ня вучыцца ў гэтай ВНУ, проста на вуліцы. Студэнты, у тым ліку Карына, зрабілі інсталяцыю, на вялікім палатне напісалі словы «гвалт, злосьць, бяспраўе, жорсткасьць». Пасьля Карына выйшла на акцыю ў Дзень народнага ўльтыматуму — гэта і стала прычынай адлічэньня.
Студэнтка Акадэміі мастацтваў Марыя Каленік праходзіць абвінавачанай у «справе студэнтаў». Ёй пагражае да 3 гадоў пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуроры, сьледчыя і міністар абароны. Хто тыя сілавікі, што трапілі ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Управіць мазгі», «вешаць без суду». Што кажуць прапагандысты, якія трапілі пад санкцыі ЭЗ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алексін, Гуцэрыеў, Зайцаў, Цяцерын. Што за набліжаныя да Лукашэнкі бізнэсоўцы падпалі пад санкцыі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сохра», «Брэміна Груп», «БелАЗ», «МАЗ». Што за кампаніі падпалі пад санкцыі Эўразьвязу