«Мы зьвярнуліся ў Генэральную пракуратуру паводле фактаў злачынстваў, у тым ліку і па Пратасевічу, калі Лукашэнка фактычна прызнаў так званыя „ЛНР“ і „ДНР“ легітымнымі рэжымамі і дазволіў сьледчыя дзеяньні квазі-спэцслужбамі гэтых утварэньняў. Гэта прызнаньне акупацыйных рэжымаў, і мы катэгарычна супраць такога кроку», — сказала Юлія Кліменка Свабодзе ў эксклюзіўным камэнтары.
Дэпутатка перакананая, што «Лукашэнка павінен адказваць паводле міжнароднага права як за злачынствы перад уласным народам, так і за прызнаньне акупацыйных рэжымаў» на тэрыторыі Ўкраіны.
«Генэральная пракуратура павінна разабрацца ў гэтай справе, даць адказ і сваю ацэнку. Гэта важна ў тым ліку і ў міжнародным аспэкце, калі далей гэта будзе абмяркоўвацца. Украіна ня можа талераваць сытуацыю, калі нехта прызнае акупацыйныя рэжымы і легітымізуе іх такімі дзеяньнямі. Я лічу, што гэта дастаткова адыёзны факт. Лукашэнка ў чарговы раз пераступіў праз чырвоную лінію», — перакананая Юлія Кліменка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь ня будзе прымаць самалёты, якія ляцяць цераз УкраінуПаводле яе, адпаведны зварот падтрымалі ня толькі прадстаўнікі міжфракцыйнага аб’яднаньня «За дэмакратычную Беларусь», але і дэпутаты іншых фракцый, за выключэньнем «Апазыцыйнай плятформы «За жыцьцё», якія лічаць Аляксандра Лукашэнку дзейным прэзыдэнтам.
Дэпутатка Вярхоўнай Рады перакананая, што праваахоўныя органы Ўкраіны ня будуць выдаваць на запыты тых беларускіх грамадзян, якія фігуруюць у крымінальных справах у Беларусі за ўдзел у акцыях пратэсту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўкраінскі парлямэнт унесьлі праект пастановы аб прыпыненьні дыпляматычных адносін зь Беларусьсю«На тэрыторыі Ўкраіны сапраўды знаходзіцца вялікая колькасьць беларусаў, але ніводнага выпадку выдачы іх у Беларусь не было. Наколькі я разумею, і ў прававым, і ў палітычным полі Ўкраіна не плянуе ісьці на якую-небудзь супрацу з Лукашэнкам. У нас засталіся эканамічныя дачыненьні, якія маюць пэўную інэрцыю», — дадала Юлія Кліменка.
У той жа час, дэпутатка мяркуе, што пракуратура Ўкраіны ня мае юрысдыкцыі, каб заводзіць крымінальныя справы супраць прадстаўнікоў беларускай улады за злачынствы супраць удзельнікаў акцый пратэсту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць Аўтуховіча завялі яшчэ адну справу? КДБ Беларусі хоча дапытаць ва Ўкраіне сьведкаў у справе беларускага актывіста«Мяркую, гэта дакладна не зьяўляецца прававым полем украінскай пракуратуры. Гэта міжнароднае права, і пытаньне ў тым, каб правільна аформіць і дапамагчы беларускім грамадзянам правільна аформіць пазовы супраць Лукашэнкі за парушэньні правоў і свабодаў, за перасьлед і злачынствы, якія ён зьдзяйсьняе супраць беларусаў. Гэта не мае дачыненьня да ўкраінскага прававога поля», — патлумачыла Юлія Кліменка.
Раней генэральная пракурорка Ўкраіны Ірына Венядзіктава заяўляла, што будзе дэталёва вывучаць усе матэрыялы праваахоўных органаў Беларусі аб вышуку і выдачы беларускіх грамадзян, якія ўцяклі ва Ўкраіну ад крымінальнага перасьледу за ўдзел у выбарчай кампаніі і акцыях пратэсту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы па-за палітыкай». Генпракурорка Ўкраіны расказала, ці будуць выдаваць беларускіх уцекачоў на радзіму