Прэс-служба Міжнароднай фэдэрацыі баскетболу FIBA адказала, чаму паліцыя вывела з трыбун заўзятараў зь беларускімі нацыянальнымі сьцягамі на Эўрабаскеце-2021, словы арганізацыі цытуе Tribuna.
«Згодна з правіламі, „любыя сьцягі, акрамя афіцыйных сьцягоў краін, якія ўдзельнічаюць у спаборніцтвах FIBA“, забароненыя ўнутры месца правядзеньня спаборніцтваў. Супрацоўнікі службы бясьпекі заўсёды тлумачаць усім заўзятарам, ня толькі Беларусі, што гэтае правіла дзейнічае для ўсіх сьцягоў і сымбаляў».
18 чэрвеня на матчы жаночай зборнай Беларусі ў Гішпаніі паліцыя вывела заўзятараў баскетбольнай зборнай Беларусі, у якіх былі бел-чырвона-белыя сьцягі. Па словах заўзятараў, прадстаўнікі паліцыі заявілі, што гэтая сымболіка зьяўляецца «незарэгістраванай», таму яе папрасілі прыбраць, а ў выпадку нязгоды гледачам прапаноўвалі пакінуць арэну.
Эпізод з заўзятарамі, якія трымаюць бел-чырвона-белыя штандары, трапіў і ў жывы этэр беларускай дзяржаўнай тэлевізіі, якая набыла правы на паказ чэмпіянату Эўропы. Празь некалькі сэкундаў пасьля зьяўленьня нацыянальных сьцягоў на экране тэлеканал закрыў відэа застаўкай турніру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У маратоне будзем бегчы да перамогі». Баскетбалістка Сныціна пра нацыянальныя каманды не для заўзятараў, пераезд у Вільню і Ціханоўскую ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На канцэрце «Кино» падчас песьні «Перемен» разгарнулі афіцыйныя сьцягі. Незадаволенага забраў АМАП