Прэм’ер-міністар Літвы абмеркавала ў Латвіі нелегальную міграцыю зь Беларусі

Мяжа Літвы і Беларусі

Умацаваньне межаў Эўразьвязу ў сувязі з ростам нелегальнай міграцыі зь Беларусі стала адным з пунктаў парадку дня візыту ў Латвію прэмʼер-міністра Літвы Інгрыды Шыманіце, паведамляе БелаПАН.

«Мы асабліва занепакоеныя (...) нелегальнай міграцыяй празь мяжу зь Літвой, арганізаванай зь ведама або нават з дапамогай рэжыму. Калі беларускі рэжым выкарыстоўвае нелегальных мігрантаў як зброю і сродак ціску на ЭЗ, гэта парушэньне ня толькі міжнародных нормаў, але і асноўных прынцыпаў гуманізму», — заявіла Шыманіце.

Кіраўнік ураду Літвы падзякавала свайму латвійскаму калегу Крышʼянісу Карыньшу за хуткую рэакцыю ягонай краіны на «згон грамадзянскага самалёта беларускім рэжымам».

«Толькі адзіная пазыцыя дэмакратычнай міжнароднай супольнасьці і пасьлядоўны ціск могуць даць выразны сыгнал рэжыму, што няма іншага шляху, акрамя як пакласьці канец рэпрэсіям супраць уласных грамадзян і нападкам на ЭЗ», — лічыць Шыманіце. Яна выказала заклапочанасьць катаваньнямі і павелічэньнем колькасьці палітвязьняў у Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскія памежнікі затрымалі яшчэ адну групу нелегальных мігрантаў, якія прыйшлі зь Беларусі

Прэмʼер-міністр Літвы адзначыла важнасьць адзінага падыходу дзьвюх краін да Беларускай АЭС:

«Астравецкая АЭС небясьпечная, і электраэнэргія, якая вырабляецца на ёй, не павiнна паступаць на рынак ЭЗ. Для мяне важна пераканацца, што ў нас няма розных палітычных пазыцый. А тэхнічныя пытаньні ў найбліжэйшы час абмяркуюць энэргетыкі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прынялі ў прамысловую эксплюатацыю першы энэргаблёк БелАЭС

ЭЗ павінен быць гатовы падтрымаць умацаваньне сваёй зьнешняй мяжы з Беларусьсю, гэта важна ня толькі для бясьпекі рэгіёну, але і для ўсяго ЭЗ, заявіла сьпікер Сэйму Латвіі Інара Мурніеце на сустрэчы з Шыманіце.

Па словах Мурніеце, эканамічныя санкцыі ЭЗ супраць Беларусі павінны быць уведзеныя як мага хутчэй, у той жа час неабходна падтрымліваць права людзей свабодна выказваць свае погляды, а таксама працягваць дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасьці, падкрэсьліла яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць сёлетніх нелегальных мігрантаў зь Беларусі ў Літву перавысіла 400 чалавек

11 чэрвеня ў Вене на сустрэчы з канцлерам Аўстрыі Сэбастыянам Курцам Інгрыда Шыманіце заявіла, што паток нелегальных мігрантаў зь Беларусі ў Літву дасягнуў гістарычнага максымуму.

Па словах Шыманіце, беларускі рэжым нядаўна паабяцаў напоўніць Эўропу нелегаламі.

  • БелаПАН нагадвае, што 26 траўня ў беларускіх праўладных телеграм-каналах зьявіліся паведамленьні, як сьцьвярджаецца, з асобнымі заявамі Аляксандра Лукашэнкі на сустрэчы з дэпутатамі абедзьвюх палатаў Нацыянальнага сходу, членамі канстытуцыйнай камісіі і прадстаўнікамі органаў дзяржкіраваньня. У прыватнасьці было апублікавана паведамленьне зь ягонай рэакцыяй на дзеяньні Захаду: «Лукашэнка: мы спынялі наркотыкі і мігрантаў — цяпер будзеце самі іх есьці і лавіць».
  • Гэтыя паведамленьні былі перадрукаваныя ў телеграм-канале аднаго з дзяржаўных тэлеканалаў. Са спасылкай на яго адпаведныя навіны апублікавалі некаторыя расейскія і ўкраінскія СМІ. Прэс-служба Лукашэнкі ў расшыфроўцы выступу на ягоным сайце такіх заяў не прыводзіла. Не было іх і ў паведамленьнях дзяржаўных СМІ.
  • На гэтым жа мерапрыемстве міністар замежных спраў Уладзімер Макей паведаміў: «Мы вымушаныя і будзем жорстка рэагаваць на любыя недружалюбныя крокі ў наш адрас. Мы разглядаем магчымасьць прыпыненьня ўзаемадзеяньня з ЭЗ па пытаньнях барацьбы з нелегальнай міграцыяй, аргзлачыннасьцю, забесьпячэньня ядзернай бясьпекі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Лукашэнка помсьціць Эўропе і хто просіць у яго літасьці