Бяз зручнай дарогі ў цэнтар Барысава засталіся Печы. На пуцеправодзе над чыгункай вечарам 18 чэрвеня нечакана паднялася пліта прымыканьня пераезду з дарогай, паведаміла тутэйшае выданьне «Адзінства».
З боку Барысаў-арэны ў Печы цяпер ня трапіш. Давядзецца ехаць у абʼезд церазь вёскі Гара ці Перасады, дзе нядаўна зрабілі капітальны рамонт дарогі.
З Барысава ў Печы таксама вядзе другарадная вуліца Братоў Вайнрубаў. Яна была ў кепскім стане, цяпер яе тэрмінова падсыпаюць.
19 траўня каля Барысава абрынуўся мост на дарозе Р76, што вядзе ў Бярэзіну. Каля яго зрабілі часовы пераезд цераз раку.
18 чэрвеня закрылі таксама адзіны мост церазь Дзьвіну ў Наваполацку. У ім выявілі дэфэкты, якія могуць прывесьці «да разбурэньня пралётных збудаваньняў».
Каб трапіць на другі бок, давядзецца рабіць крук у 20 км. Пакуль не пачнуцца асноўныя рамонтныя работы, мост можна будзе перайсьці пешкі.
У 2017 годзе даў расколіну мост цераз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне. Пасьля гэтага праверылі іншыя масты і шмат дзе выявілі дэфэкты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стан перадаварыйны. У Наваполацку закрываюць адзіны мост церазь Дзьвіну