Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец пракамэнтаваў «Салідарнасьці» імкненьне ўладаў прызнаць экстрэмісцкімі матэрыялы парталу Tut.by.
«Працягваецца праца, накіраваная на тое, што называецца «разгром Tut.by», — заявіў старшыня БАЖ Андрэй Бастунец. — Спачатку іх пазбавілі статусу СМІ, потым распачалі справу на 15 супрацоўнікаў і зьвязаных з парталам асоб. Потым быў заблякаваны партал. Цяпер мы бачым, што яны гэтае блякаваньне спрабуюць абгрунтаваць прызнаньнем экстрэмісцкімі матэрыялаў самога сайта.
На самой справе, як і пішуць супрацоўнікі, гэта можа выклікаць вельмі сур’ёзныя, практычна невырашальныя ў прававым полі праблемы, зьвязаныя з тым, што прадукцыя Tut.by разьмяшчалася на велізарнай колькасьці інфармацыйных рэсурсаў, у тым ліку і дзяржаўных».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС Беларусі падало ў суд пазоў, каб матэрыялы Tut.by прызналі экстрэмісцкіміСтаршыня БАЖ ня лічыць выстаўленыя парталу абвінавачаньні правамернымі і абʼектыўнымі.
«Права да гэтага ня мае ніякага дачыненьня. Таму што сярод прэтэнзій, пазначаных у рашэньні камісіі, можна, напрыклад, убачыць высьмейваньне або нэгатыўныя ацэнкі каго б там ні было. Але і тое, і другое цалкам ахоўваецца свабодай выказваньня меркаваньняў.
Калі мы возьмем асноватворны дакумэнт „Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах“ і тыя рашэньні Камітэту ААН па правах чалавека, якія прынятыя ў адпаведнасьці зь ім, то ўбачым, што СМІ мае магчымасьць выказваць ня толькі папулярныя выказваньні або такія, якія ўхваляюцца ў грамадзтве, але і непапулярныя, і рэзка крытычныя.
Варта адзначыць, што Tut.by многія абвінавачвалі, хутчэй, у залішняй нэўтральнасьці. І спроба прызнаць гэтую інфармацыйную прадукцыю экстрэмісцкай падобная да таго, што ўвесь час цяпер спрабуюць зрабіць нашы кантрольныя органы — нацягнуць саву на глёбус», — адзначыў Бастунец.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пры цяперашнім рэжыме я ніколі ня траплю ў Беларусь». Яўгенія Чарняўская — пра месяц хатняга арышту маці і лёс Tut.byЁн падкрэсьліў, што Беларуская асацыяцыя журналістаў у абавязковым парадку працягне інфармаваць усю сусьветную грамадзкасьць пра тое, што адбываецца.
«Мы праводзім гэтую працу кожны дзень, але такія выпадкі, як з Tut.by, або як крымінальны перасьлед журналістаў, — яны першачарговыя, найважнейшыя і самыя значныя.
Мы будзем спрабаваць прыцягнуць да ўсяго гэтага ўвагу як грамадзкасьці, так і дзяржаўных структур, міжнародных. А таксама мы абавязкова зьвяртаемся да беларускіх уладаў, але, на жаль, гэтыя нашы звароты застаюцца не пачутымі», — заявіў старшыня БАЖ.
Пра перасьлед Tut.by
- 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
- У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
- Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
- Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
- У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
- Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
- 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
- 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
- Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
- На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
- 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
- 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.