Міністэрства ўнутраных спраў просіць суд Цэнтральнага раёну Менску і Мінінфармацыі прызнаць экстрэмісцкай інфармацыйную прадукцыю Tut.by — самога партала, а таксама яго прадстаўніцтваў у сацсетках: Telegram, Viber, Twitter, TikTok, «ВКонтакте», «Одноклассниках», паведаміў Tut.by.
МУС просіць Міністэрства інфармацыі ўключыць матэрыялы парталу ў сьпіс экстрэмісцкіх і абмежаваць доступ да іх.
Калі гэта адбудзецца, пад пагрозай перасьледу апынецца мноства людзей, якія калі-небудзь дзяліліся публікацыямі Tut.by.
«Кожны зь мільёнаў нашых чытачоў будзе пастаўлены ў небясьпечнае становішча, калі хоць у які дзень па яго могуць прыйсьці і судзіць за тое, што дзяліўся ўпадабаным матэрыялам парталу», — зазначыла ў камэнтары каманда Tut.by.
Каманда Tut.by назвала дзеяньні ўладаў «спробай сьцерці гісторыю краіны, якую 20 гадоў пісалі журналісты Tut.by. А ўсё сказанае і напісанае парталам — абʼявіць незаконным для абмеркаваньня».
У Tut.by не разумеюць, як у выпадку прызнаньня матэрыялаў экстрэмісцкім будуць чысьціць ад шматлікіх перадрукаў сайты, стужкі, газэты, кнігі, сюжэты дзяржаўных тэлеканалаў. А сярод матэрыялаў Tut.by былі і інтэрвію з прадстаўнікамі ўлады, у тым ліку самім Лукашэнкам.
Суд аб прызнаньні прадукцыі Tut.by экстрэмісцкай пройдзе ў судзе Цэнтральнага раёну ўжо 24 чэрвеня.
Матэрыялы Tut.by прааналізавала Рэспубліканская экспэртная камісія.
Яна прыйшла да высновы, што «дзеяньні інфармацыйнага рэсурсу Tut.by у інфармацыйным забесьпячэньні пратэстаў, стварэньні магчымасьці выступаць з дэструктыўнымі заклікамі наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь у палітычнай, сацыяльнай, інфармацыйнай сфэрах і, значыцца, нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь», гаворыцца ў заяве МУС.
Што экстрэмісцкага ўгледзела камісія
- Лінгвістычныя прыкметы высьмейваньня і абразы, нэгатыўная ацэнка дзейнасьці Аляксандра Лукашэнкі, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, асобных груп асобаў, вылучаных паводле прафэсійнай прыкметы.
- Рэалізаваную стратэгію і тактыку дыскрэдытацыі Лукашэнкі, дзяржаўных дзеячаў, кіраўнікоў, групаў асоб і асобных людзей.
- Супрацьстаўленьне пратэстоўцаў і дзейнай улады, сілавікоў, АМАПу, ЦВК, «праўладных» людзей.
Такім чынам Tut.by распальваў сацыяльную варожасьць, што ёсьць экстрэмізмам, лічаць у МУС.
У экспэртызе 77 старонак. Зь ёй азнаёмілі прадстаўнікоў парталу, але скапіяваць інфармацыю не далі.
Пра перасьлед Tut.by
- 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
- У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
- Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
- Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
- У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
- Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
- 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
- 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
- Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
- На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
- 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
- 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.