Ад Расеі да ЗША. Хто ў Беларусі сядзіць «за палітыку» з іншаземным грамадзянствам

Расказваем, хто з грамадзянаў іншых краінаў сядзіць у Беларусі з палітычных прычын.

Соф’я Сапега

Соф’я Сапега ляцела разам са сваім хлопцам Раманам Пратасевічам з адпачынку дадому. Самалёт нечакана пасадзілі ў Менску, абаіх маладых людзей затрымалі. Сапегу вінавацяць у дзеяньнях, якія яна нібыта зрабіла ў жніўні-верасьні 2020 году. Пакуль яна затрыманая на 2 месяцы.

Беларусь не аддасьць Сапегу Расеі, судзіць яе будуць у Беларусі. Пра гэта заявіў Аляксандар Лукашэнка. Расейскі консул наведаў яе толькі аднойчы.

Адвакат расказаў, што ў Соф’і зрэдку здараюцца панічныя атакі, але агулам яна адчувае сябе нармальна. У лістах дзяўчына напісала сваёй маці, што ў камэры чытае, вядзе дзёньнік, займаецца спортам, дае сабе рады.

Ёй пагражае да 15 гадоў турмы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацька палітзьняволенай Соф’і Сапегі папрасіў Лукашэнку аб літасьці да дачкі. ВІДЭА

Андрэй Новікаў

Новікаў правёў за кратамі паўгода. 26 лістапада яго вывезьлі на беларуска-расейскую мяжу і пакінулі аднаго ў летняй вопратцы, далёка ад населеных пунктаў. У пашпарце пакінулі адзнаку пра забарону ўезду. Мужчына плянаваў перавезьці жонку і двух дзяцей таксама ў Расею, але жонцы трэба было назірацца ў лекараў пасьля цяжкіх родаў, таму пераезд адкладалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У ноч з 9 на 10 жніўня прыгадаў ваенныя дзеяньні на Каўказе». Вялікая гутарка з Андрэем Новікавым, якога вывезьлі зь СІЗА № 1 у Расею

Дзьмітры Папоў

Папова затрымлівалі дома ў мазырскага фэрмэра Аляксандра Вянгуры. Пры начным ператрусе маці фэрмэра зламалі пальцы на руцэ, а на малую дачку настаўлялі пісталет. Перад затрыманьнем Дзьмітры запісаў відэа «зь лесу», дзе казаў, што яго шукае міліцыя.

Неўзабаве яго пачнуць судзіць у Гомлі, разам зь Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам ды іншымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, дзе будуць судзіць Ціханоўскага, Статкевіча, Лосіка, Цыгановіча, Сакава і Папова

Аляксандар Геджадзэ

Геджадзэ пераважна жыў у Маскве, часам прыяжджаў у Менск да сваёй дзяўчыны. Як ён тлумачыў у судзе, падчас аднаго з такіх візытаў у кастрычніку ён дапамог малазнаёмым людзям падвезьці пакрышкі. Мэты перавозу ня ведаў. Удзелу ў пратэстах, зь ягоных словаў, не прымаў.

Ягор Дуднікаў

Ягор родам з Саратава. У Расеі вывучыўся на кухара. У Менску жыў каля году, прыехаў дзеля каханай дзяўчыны. Агучваў мультфільмы, анімэ, рэклямныя ролікі. Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што пры затрыманьні яго зьбілі і спачатку ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ.

«Працаваў ГУБАЗ, не шкадуючы рук, — білі нагамі і рукамі пры затрыманьні. Крычалі: „Поскудзь, дабегаўся?“ У мяне ўсё ў вачах пацямнела», — пераказваў адвакат словы Дуднікава пра затрыманьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пагражаюць, што з турмы жывым ня выйдзе». Ціск на палітвязьня Дуднікава працягваецца і ў СІЗА

Ігар Канапайка

Пацярпелая ў справе — прэс-афіцэр Цэнтральнага РАУС Менску Тацяна Абозная. Канапайка тлумачыў у судзе, што зрабіў свой учынак на моцных эмоцыях. Ён убачыў, што Абозная пасьля сьмерці Рамана Бандарэнкі напісала, што той быў п’яны, і ня выказала спачуваньня сям’і нябожчыка.

«Калі я бачу несправядлівасьць, я заводжуся з паўабароту. Так было і тады. Сьмерць Рамана Бандарэнкі ўразіла ўсю Беларусь. Ён служыў, як і я. Ён загінуў у цэнтры Менску, у мірны час, у краіне, якую называюць „краінай для жыцьця“», — казаў на судзе Канапайка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запеніў дзьверы, «хацеў захапіць уладу». Хто яны — беларускія пэнсіянэры, якія сядзяць за палітыку

Юрась Зянковіч

Зянковіч нарадзіўся ў Менску, з 2007 году жыве ў ЗША. Уваходзіў у Сойм партыі БНФ да 2008 году. Узначаліў Інстытут беларускай дэмакратыі ў ЗША, які займаўся пашырэньнем амэрыканска-беларускага супрацоўніцтва. Улетку 2020 адседзеў адміністрацыйныя суткі за пратэсты, трымаў галадоўку.

Беларускага юрыста з ЗША затрымалі ў Маскве беларускія спэцслужбы. Адначасна там жа затрымалі палітоляга Аляксандра Фядуту, а ў Шклове — старшыню БНФ Рыгора Кастусёва. Напярэдадні Зянковіч у фэйсбуку заклікаў далучацца да «Дружынаў народнай самаабароны». Адной з падставаў крымінальнай справы стаў запіс Zoom-сустрэчы, дзе фігуранты справы абмяркоўвалі нібыта плянаваны «пераварот».

Неўзабаве АНТ паказала фільм «Забіць прэзыдэнта», у якім паказала кадры, дзе Зянковіч, Фядута, Кастусёў на камэру прызнаюць сваю віну ў «дзяржаўным перавароце».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманы ў Маскве юрыст Зянковіч пісаў пра стварэньне дружынаў народнай самаабароны

Натальля Хершэ

Апошнія 12 гадоў Натальля жыла ў Швайцарыі, прыяжджала ў Беларусь раз на год. У 2020-м яна прыехала ў Менск на традыцыйны адпачынак. Ужо ўзяла квіток на самалёт дадому. За два дні да вылету ўпершыню далучылася да акцыі пратэсту каля Камароўскага рынку разам зь сяброўкай. Яе спачатку затрымалі па адміністрацыйнай справе за ўдзел у недазволеным мітынгу, а потым завялі крымінальную справу, бо пры затрыманьні жанчына нібыта ўпіралася, спрабавала зьбегчы, падрапала твар амапаўцу і сарвала зь яго маску.

На суд над сабой Хершэ прыйшла ў адзеньні колераў нацыянальнага сьцяга.

У гомельскай калёніі Натальля шые рабочае адзеньне. Шыць форму для сілавікоў яна адмовілася. Таму праз брата жанчына зьвярнулася да прадпрыемстваў, каб тыя замаўлялі шыцьцё робаў у калёніі.

У зьняволеньні Натальля двойчы абвяшчала галадоўку на знак пратэсту. Цяпер другі раз сядзіць у карцары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хочуць зламаць яе волю і дамагчыся поўнага падпарадкаваньня». Натальлю Хершэ трымаюць у карцары