У інтэрвію дзяржаўнай газэце «СБ. Беларусь сегодня», Уткін заявіў, што цяпер «шырока даступныя ў СМІ і інтэрнэце матэрыялы групы Ціханоўскай і яе ячэек»:
«Зь відэа-, аўдыёзапісаў, паказаньняў зразумела, якія экстрэмісцкія мэты ставіліся перад рознымі групамі асоб: захапіць, запалохаць, ліквідаваць. На гэтым фоне зьмены ў законы аб пытаньнях процідзеяньня экстрэмізму — гэта толькі прывядзеньне нашага заканадаўства да міжнародных патрабаваньняў у барацьбе з тэрарызмам.
На самой справе, чым гэтыя экстрэмісцкія групоўкі па сутнасьці адрозьніваюцца ад „Аль-Каіды“? Калі б не было законнага процідзеяньня міліцыі і спэцслужбаў, мы б убачылі забойства, тэракты».
На думку Уткіна, існавала цэлая сетка, якая хацела сур’ёзна дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне, гэта нібыта «чыстай вады тэрарызм»:
«За такія дзеяньні, больш за тое, толькі за намер іх ажыцьцявіць, у той жа Францыі чалавек паўжыцьця можа правесьці за кратамі. Тым ня менш шэраг эўрапейскіх краін дэманструе палітыку двайных стандартаў у дачыненьні да Беларусі. З аднымі тэрарыстамі трэба змагацца, а зь іншымі не. Чаму? Макрон сустрэўся б зь бін Ладэнам? Дык навошта запрашае Ціханоўскую?»
«Мы сваё заканадаўства ў дачыненьні да экстрэмізму на гэты момант узгаднілі з патрабаваньнямі міжнародных арганізацый і таму будзем злачынцаў судзіць жорстка, як гэта робяць у ЭЗ і ЗША»,— заявіў дэпутат Уткін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Любая дзейнасьць можа падпасьці пад экстрэмісцкую». Юрыст тлумачыць, што можа пагражаць паводле новага і дзейнага заканадаўстваПасьля масавых пратэстаў за новыя выбары і спыненьне гвалту дэпутаты прынялі каля дзясятка новых законаў, унесьлі зьмены ў тры кодэксы і 12 законаў. Гэтыя зьмены назвалі "антыэкстрэмісцкімі".
У тым ліку законы пра экстрэмізм, масавыя мерапрымствы, рэабілітацыю нацызму, дзейнасьць СМІ і абарону сілавікоў, а таксама зьмены ў законы дзяржаўнай абароне судзьдзяў, адказных асоб праваахоўных і кантрольных (наглядных) органаў, супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай аховы,
Сярод іншага дэпутаты ухвалілі:
- Скасавалі паведамляльны парадак для акцый у вызначаных месцах.
- На ўсе акцыі патрэбны дазвол уладаў.
- Пакуль няма дазволу, нельга нават абвяшчаць пра акцыю ў СМІ, ня тое што закліка́ць на яе.
- Забаранілі жывыя эфіры зь несанкцыянаваных акцый.
- Да журналістаў на акцыях будуць ставіцца гэтак жа, як да ўдзельнікаў ці арганізатараў.
- Палітычныя партыі і грамадзкія аб’яднаньні будуць адказваць за заклікі іх чальцоў да арганізацыі і правядзеньня несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў.
- Забаранілі зьбіраць грошы і хоць як дапамагаць людзям, пакараным за парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў.