Да страйку на «Нафтане» далучыўся дыспэтчар вытворчага аддзелу прадпрыемства. Прычына сыходу рабочага ў страйк: татальныя парушэньні правоў чалавека і правоў працоўных у Беларусі, піша «Віцебская вясна».
У заяве на імя генэральнага дырэктара «Нафтану» Дзяніс Абрамовіч зазначыў, што служба бясьпекі прадпрыемства чыніць дыскрымінацыйныя дзеяньні ў дачыненьні да яго калегі і паплечніка па прафсаюзе. Пасьля таго як ён сам уступіў у незалежны прафсаюз, пачаўся ціск, каб звольніць яго з працы. Абрамовіч зьвяртае ўвагу на тое, што стала нормай не працягваць працоўныя адносіны з супрацоўнікамі прадпрыемства, якія не пабаяліся ўступіць у незалежны прафсаюз.
«Голас народу 9 жніўня 2020 году ня быў пачуты... У сваім штодзённым жыцьці я не сустракаў людзей, якія на мінулых выбарах аддалі свой голас у падтрымку Лукашэнкі, хоць іх вынікі сьведчылі пра адваротнае. У сувязі з гэтым мяркую, што быў парушаны цэлы шэраг у тым ліку і маіх канстытуцыйных правоў, такіх як права на выбары, права на свабоду думкі, права на масавыя мерапрыемствы», — напісаў Абрамовіч у заяве.
Буйныя расейскія нафтавыя кампаніі з пачатку траўня не пастаўляюць нафту на наваполацкае прадпрыемства. Трубаправодныя пастаўкі нафты з РФ на НПЗ Беларусі, ня толькі на «Нафтан», але і на Мазырскі НПЗ, у траўні былі заплянаваныя ва ўдвая меншым абʼёме, чым у красавіку. «Нафтан» знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, як і шэраг іншых дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад сёньня набываюць сілу санкцыі ЗША. Тлумачым, што гэта значыць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы зможам законна баставаць». Як на «Гродна Азоце» звальняюць сябраў незалежнага прафсаюзу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сёньня мы, простыя людзі, робім гісторыю». Як пасьля выбараў перавярнулася жыцьцё сямʼі зь «Беларуськалію»