Віктар Бабарыка да гадавіны свайго ўвязьненьня, якая будзе 18 чэрвеня, даў інтэрвію з-за кратаў парталу Tut.by. Ён выказаў упэўненасьць у пераменах у Беларусі, якія наступяць, нягледзячы на вал рэпрэсій, якія ўчыніў Лукашэнка супраць людзей, што наважыліся запярэчыць ягонай уладзе.
Бабарыка прызнаўся, што ў сям’і і ў штабе абмяркоўвалі магчымыя наступствы рашэньня балятавацца ў прэзыдэнты, разглядалі сцэнары з арыштамі. Аднак ніхто ня думаў, што «ўлада настолькі слабая і спалохаецца свайго народу, што будзе абвешчаная вайна супраць грамадзян Беларусі». Бабарыка называе любую жорсткасьць праявай страху і слабасьці, бо «моцны не бывае жорсткім».
Па словах Бабарыкі, у працэсе змаганьня важная ня толькі хуткасьць дасягненьня выніку, але і «незваротнасьць пачатых працэсаў». Улады, на думку палітвязьня, зараз трапілі ў «сьпіраль адчаю», таму працягваюць рэпрэсіі, а яго амаль пазбавілі лістоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы простымі словамі растлумачым, чаму абвінавачаньне беспадстаўнае». У судзе над Бабарыкам рыхтуюцца да спрэчакТаксама палітык расказаў пра сваё стаўленьне да зьняволеньня сына і паплечнікаў.
«Вельмі няпростае выпрабаваньне разумець, што твой сын — закладнік. Практычна ўсе даўнія сябры, блізкія людзі, як тыя, што ведаюць мяне даўно, так і тыя, хто стаў мне такімі ў апошні час, таксама знаходзяцца за кратамі альбо прайшлі праз затрыманьні і абмежаваньне волі. Хай яны ў рознай ступені знаёмыя са мной, але практычна ніхто зь іх не сказаў пра мяне дрэннага слова, не пайшоў на падман, каб аблягчыць сваю долю. Яны вераць, што я не злачынца. Прызнаць віну ў злачынстве, якога я не зьдзяйсьняў, — падмануць усіх гэтых людзей».
Бабарыка мяркуе, што пратэсты 2020 году захавалі перад Беларусьсю пэрспэктыву застацца самастойнай краінай. Краіна магла б зьнікнуць, і яе лёс тады мала каго цікавіў, а цяпер, пасьля ўсіх падзей, «Беларусі спачувае ўвесь сьвет».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як можна баяцца санкцый, якія быццам нічога не значаць«Трэба суперажываць трагічным пэрсанальным стратам, але для нацыі і краіны гэтыя людзі пакінулі надзею на лепшую будучыню. Мы павінны быць удзячныя за іх ахвярнасьць. На жаль, так ужо ўладкаваныя любыя супольнасьці: для агульнага шчасьця хтосьці павінен быць „раньнім эвангелістам“ і браць на сябе больш адказнасьці», — сказаў Бабарыка.
На 21 чэрвеня прызначаныя судовыя спрэчкі ў справе Віктара Бабарыкі. Сам ён маральна гатовы да працяглага тэрміну ў турме, «тым больш што цяпер там зьбіраюцца ня самыя дрэнныя людзі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Які плян перамогі? Дыскусія экспэртаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стала з удзельнікамі прэзыдэнцкай кампаніі — 2020