Забралі тэхніку ў незалежнага журналіста
Да незалежнага журналіста і краязнаўцы з-пад Докшыцаў Кастуся Шыталя прыйшлі зь ператрусам. Яго вінавацяць у тым, што ён нібыта адмініструе мясцовы Telegram-чат, у якім карыстальнікі «абражаюць» супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
«Быў ператрус, забралі ўсю тэхніку, — напісаў Кастусь Шыталь на сваёй старонцы ў Facebook. — Ператрус праводзілі ў рамках крымінальнай справы, заведзенай па арт. 369 на падставе некалькіх паведамленьняў у чаце „Докшыцы для жыцьця“. Паводле сілавікоў, там зьмешчаныя абразы трох супрацоўнікаў Докшыцкага РАУС».
Кастусь Шыталь удакладніў, што мае статус сьведкі. У пастанове на ператрус пазначана, што ў яго як у «адміністратара чату» (гэта журналіст катэгарычна абвяргае) могуць быць матэрыялы, патрэбныя сьледзтву.
Кастусь Шыталь жыве ў вёсцы Параф’янава Докшыцкага раёну, яго падчас ператрусу не затрымлівалі. Аднак раней журналіста неаднаразова прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці за выкананьне сваіх прафэсійных абавязкаў.
Дзьве крымінальныя справы за відэа ля Вечнага агню
Супраць жыхаркі Менску пачалі дзьве крымінальныя справы за TikTok-відэа ля Вечнага агню.
У пастанове Сьледчага камітэту гаворыцца сутнасьць абвінавачаньняў:
«Накінуўшы на плечы сьцяг бел-чырвона-белых колераў цынічна пазіравала і ўсаджвалася ягадзіцамі на мармуровую пліту, устаноўленую на рытуальнай пляцоўцы зь Вечным агнём і абэліскам на плошчы Перамогі».
Дзяўчыну вінавацяць у «зьдзеку з помніка абаронцу Айчыны» (ч. 2 арт. 346 КК), а таксама ў «хуліганстве» (ч.1 арт. 339 КК). Санкцыя кожнага з артыкулаў прадугледжвае максымальнае пакараньне ў выглядзе 3 гадоў пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сыну палітзьняволенай Канеўскай прысудзілі максімальнае пакараньне за нэгатыўныя камэнтары на адрас сілавікоў