Пра што здолелі дамовіцца прэзыдэнты ЗША і Расеі? Ці стала прадметам перамоваў беларускае пытаньне? Наконт чаго Байдэн і Пуцін засталіся нязгоднымі паміж сабой?
На гэтыя пытаньні каналу Свабода Premium адказвае прафэсар паліталёгіі Ўнівэрсытэту штату Тэнэсі (ЗША) Андрэй Карабкоў.
Карабкоў
- Сустрэча прайшла без сэнсацыяў. І гэта сама па сабе сэнсацыя.
- У шэрагу пытаньняў яны дамовіліся, а шэраг пытаньняў яны дамовіліся абысьці.
- Гэта даволі непрыемная навіна для Ўсходняй Эўропы і шэрагу постсавецкіх краінаў.
- Блёк пытаньняў, у якіх зроблены крокі насустрач адзін аднаму — гэта ядзернае раззбраеньне, падыход да перамоваў, якія будуць ахрышчаныя перамовамі аб стратэгічнай стабільнасьці.
- Другі пункт судакрананьня пазыцыяў — гэта нераспаўсюджаньне ядзернай зброі, іранская ядзерная ўгода, КНДР.
- Яшчэ адно пытаньне, у якім прасунуліся — гэта кібэрбясьпека.
- Падзеі нават апошніх тыдняў паказалі, наколькі разбуральныя наступствы могуць мець хакерскія атакі.
- Байдэн неаднаразова казаў, што хакерскія атакі на ЗША былі зробленыя з Расеі, але не расейскімі ўладамі.
- Але было заяўлена: калі высьветліцца, што за гэтым стаялі расейскія ўлады, то будуць прынятыя жорсткія захады.
- Паездка Байдэна ў Эўропу, яго сустрэчы і заявы ў Эўропе сьведчаць пра тое, што ягоны курс стаў шмат у чым паўтараць палітыку Трампа.
- Першае — гэта трактоўка Кітая, як галоўнай пагрозы.
- Ён ціснуў на эўрапейцаў, каб яны гэтую палітыку, хаця яна ня блізкая Эўропе геапалітычна і балючая эканамічна.
- Другое — тое, што гэтая адміністрацыя пачала дыфэрэнцыяваную палітыку адносна краінаў Эўропы.
- Тое, што адбылося ў апошнія тыдні — саступка Нямеччыне ў пытаньні «Паўночнага патоку – 2», паказала, што Байдэн вельмі зацікаўлены ў аднаўленьні добрых стасункаў з эўрапейскімі структурамі і вядучымі эўрапейскімі краінамі.
- Байдэн «здаў» Украіну, даўшы згоду на «Паўночны паток – 2».
- Байдэн сказаў, што асноўная праблема Ўкраіны — гэта карупцыя ўкраінскіх чыноўнікаў.
- Гэта вельмі непрыемны сыгнал.
- Завяршэньне будаўніцтва «Паўночнага патоку – 2» — гэта праблема ня толькі Ўкраіны, гэта праблема і Беларусі, і Польшчы, і краінаў Балтыі.
- ЗША паказваюць, што яны вяртаюцца ў Эўропу, што разглядаюць эўрапейцаў як раўнапраўных партнэраў, але некаторыя зь іх, як у Оруэла, раўнейшыя за іншых.
- Робяцца жэсты ў бок немцаў, французаў, брытанцаў.
- Пуцін даў зразумець, што пытаньні дысыдэнцкага руху ў Расеі, ды і ў Беларусі, — гэта ўнутранае пытаньне Расеі, прычым пытаньне бясьпекі.
- Ён некалькі разоў падчас прэсавай канфэрэнцыі паўтарыў, што разглядае гэтыя рухі як замежных агентаў.
- Ён шчыра верыць, што пратэсты ў Беларусі і Расеі былі падтрыманыя з-за мяжы.
- Упэўнены, што гэтак жа сама ён размаўляў і з Байдэнам.
- Байдэн — чалавек спрактыкаваны, ён ведае, дзе яго мэтаў можна дасягнуць, а дзе не.
- Галоўная яго мэта — гэта спыніць Кітай.
- Таксама вельмі важнае пытаньне — канкурэнцыя ў Арктыцы. Ён у гэтым пытаньні будзе ціснуць на эўрапейцаў і спрабаваць дасягнуць пагадненьня з Расеяй аб гэтым.
- Ён усьведамляе, што выход амэрыканцаў з Аўганістану, які ён ініцыяваў, можа прывесьці да палітычнага вакуўму ў рэгіёне, і будзе спрабаваць супрацоўнічаць з РФ у Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі.
- Эўрапейцы ў цэлым задаволеныя, адносіны неяк нармалізуюцца, ёсьць база для перамоваў у ядзернай сфэры.
- І адначасна эўрапейцы, асабліва Ўсходняя Эўропа, глядзяць з напружанасьцю на хаду перамоваў.
- Амэрыканскія прыярытэты, як гэта было і пры Трампе, пачынаюць аддаляцца ад эўрапейскіх.
- Байдэн адышоў ад жорсткага стылю, які казаў эўрапейцам, што яны не партнэры, а кліенты.
- Байдэн выступае ў ролі «добрага сьледчага».
- Пуціна прызналі роўным, зь ім гатовыя ісьці на нейкія перамовы.
- Байдэну важна было паказаць, што ён не праявіў мяккацеласьці.
- Заява пра стратэгічную стабільнасьць — гэта пачатак перамоваў пра СНВ-4, спроба абмежаваць гонку ўзбраеньняў у Арктыцы і падключыць да перамоўнага працэсу Кітай.
Што было раней
- 16 чэрвеня ў Жэнэве адбылася сустрэча прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
- На прэсавай канфэрэнцыі пасьля саміту Пуцін сказаў, што на ім загарэліся «бліскавіцы даверу».
- Паводле Пуціна, бакі дамовіліся аб вяртаньні неўзабаве амбасадара ЗША ў Маскву і расейскага амбасадара ў Вашынгтон.
- Паводле Пуціна, бакі дамовіліся аб пачатку кансультацый наконт кібэратак і кібэрбясьпекі.
- На пытаньне CNN пра Аляксея Навальнага Пуцін адказаў, што Навальны сам, пэўна, хацеў, каб яго арыштавалі.
- Байдэн на сваёй прэсавай канфэрэнцыі паведаміў, што адной з тэмаў на саміце ў Жэневе была сытуацыя ў Беларусі. «Я падзяліўся нашай заклапочанасьцю наконт Беларусі. Ён ня стаў не згаджацца з тым, што здарылася, у яго проста іншы погляд на тое, што з гэтым рабіць», — сказаў Байдэн.
- Паводле Байдэна, ЗША і Расеі неабходна дамовіцца аб правілах гульні ў стратэгічных пытаньнях, у тым ліку аб стратэгічнай стабільнасьці і кантролі над узбраеньнямі.
- Паводле прэсавага сакратара Пуціна Дзьмітрыя Пяскова, жэнэўскі саміт паказаў, што «зблізіць пазыцыі па Беларусі немагчыма».