Напярэдадні Міністэрства ўнутраных спраў Расейскай Фэдэрацыі паведаміла, што прозьвішча лідэркі дэмакратычнага руху Беларусі няма ў базе тых, каго шукаюць па міждзяржаўных каналах.
Там патлумачылі, што гэта зроблена «на падставе рашэньня беларускіх праваахоўнікаў». Маўляў, рашэньне аб абвяшчэньні ў міждзяржаўны вышук асобы або яго спыненьні, а таксама накіраваньні такой інфармацыі на цэнтралізаваны ўлік у інфармацыйны банк знаходзіцца выключна ў кампэтэнцыі праваахоўных органаў дзяржавы-ўдзельніцы СНД, якая ёсьць ініцыятарам вышуку.
Сілавыя структуры ў Менску адрэагавалі праз суткі. Прэс-сакратарка МУС Беларусі Вольга Чамаданава заявіла, што статус Сьвятланы Ціханоўскай застаўся ранейшы.
«Гэтая грамадзянка дагэтуль знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку ў СНД», — канстатавала яна.
Чаму яе пры гэтым няма ў базе дадзеных асобаў, якія адшукваюцца расейскім МУС, чыноўніца не ўдакладніла. Раней Сьвятлана Ціханоўская сапраўды фігуравала ў агульнарасейскім і міждзяржаўным вышуку «на падставе артыкула Крымінальнага кодэксу» (сутнасьць не ўдакладнялася).
Летась у кастрычніку ўлады Беларусі абвясьцілі Сьвятлану Ціханоўскую ў вышук паводле ч. 3 арт. 361 за «заклікі да зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу і дзеяньняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы».