На лаве падсудных 12 чалавек:
- Раман Гвазьдзелка (26 гадоў)
- Мікіта Ганчароў (19 гадоў)
- Вадзім Жылінскі
- Дзяніс Жук
- Арцём Клімчук
- Дзьмітры Князеў
- Юрый Кузьміч (32 гады)
- Дзьмітры Панько
- Антон Сотнікаў (28 гадоў)
- Аляксандар Цялешман (18 гадоў)
- Дзьмітры Тур (30 гадоў)
- Максім Шатохін.
Палова з 12 абвінавачаных да гэтага моманту знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе. Усе астатнія ўжо некалькі месяцаў знаходзяцца ў берасьцейскім СІЗА-7.
Усіх фігурантаў абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК). Ім пагражае да 8 гадоў пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мой бацька-вэтэран ваяваў, каб яго ўнук сядзеў ні за што?» — маці палітвязьня Дзьмітрыя Тура«Разумееш, што мне ад цябе трэба?»
Працэс вядзе судзьдзя Сьвятаслаў Каліна. Бок дзяржаўнага абвінавачаньня прадстаўляюць пракуроры Бараноўскі і Шарко.
Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», на судовы працэс у якасьці сьведкі выклікалі двух знаёмых абвінавачаных. Адзін зь іх — Дзьмітры Сьнегіроў, які разам з абвінавачаным Вадзімам Жылінскім быў у цэнтры Берасьця 10 жніўня.
Падчас паседжаньня 15 чэрвеня Сьнегіроў заявіў, што ня памятае, што дакладна адбывалася ў жніўні. У сувязі з гэтым суд зачытаў ягоныя паказаньні, дадзеныя ў ходзе дасудовага сьледзтва з 22 студзеня.
Паводле «Вясны», Сьнегіроў падчас допыту 12 кастрычніка быў сьведкам, аднак падчас допыту 22 студзеня ён меў ужо статус падазраванага. Пазьней крымінальную справу на Сьнегірова спынілі.
Падчас допыту сьледчы сярод іншага паказваў Сьнегірову відэа з пратэстаў 10 жніўня і пытаўся, ці пазнае ён Жылінскага. Першапачаткова Сьнегіроў сказаў, што не, але празь некаторы час зьмяніў свае паказаньні на супрацьлеглыя.
На судзе Сьнегіроў успомніў гэтую сустрэчу са сьледчым:
«Да таго, як на мяне была заведзеная крымінальная справа, я не [даваў паказаньняў]. Сьледчы задаваў пытаньне каля 10-20 разоў, але я яму казаў, што не магу сказаць дакладна [не магу ўспомніць і даць паказаньні]. Тады сьледчы сказаў: „Сядзь, пасядзі 20 хвілін, я зараз вярнуся“. Потым ён вярнуўся — мяне павезьлі ў ІЧУ і завялі артыкул 293, частку другую — таксама ў справе аб масавых беспарадках. Мы са сьледчым пасядзелі, пагутарылі... Ён сказаў: „Ты разумееш, што мне ад цябе трэба?“»
Пачуўшы гэта, адвакаты абвінавачаных задалі яму пытаньні:
- «Што менавіта сьледчы прапаноўваў Сьнегірову, калі прывёз у ІЧУ?»
- «Наўзамен спыненьня крымінальнай справы Сьнегірову прапаноўвалі пазнаць Жылінскага на відэа?»
На пытаньні Сьнегіроў адказаў невыразна. Абвінавачаны Дзяніс Жук з клеткі таксама пацікавіўся ў Сьнегірова:
— Ці адчувалі вы ціск, калі вас дапытвалі?
— Так.
— Ці была ў вас сустрэча са сьледчым без адваката? Хоць бы на адну хвіліну заставаліся вы зь ім адзін на адзін?
— Была.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад 3 гадоў выхаваўчай калёніі і да 5 гадоў у турме. У Берасьці вынесьлі прысуд 13 фігурантам «справы аб пагромах» 10 жніўняУ чым абвінавачваюць фігурантаў
Дзяржаўны абвінаваўца сьцьвярджае, што падсудныя 10 жніўня падчас несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ў цэнтры Берасьця — на вуліцах Савецкай і Нафтавай, бульварах Шаўчэнкі і Касманаўтаў, праспэкце Машэрава — груба парушылі грамадзкі парадак і нібыта ўчынілі пагромы. Яны таксама нібыта рабілі гвалт над супрацоўнікамі праваахоўных органаў.
Выкарыстоўвалі пры гэтым дошкі, палкі, сьметніцы, фрагмэнты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, мэталічныя ніты, ёмістасьці з фарбай, піратэхнічныя вырабы. Потым абвінавачаныя наўмысна зьнішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкі i іншую маёмасьць, якая належала міліцыі, фізычным і юрыдычным асобам.
У выніку беспарадкаў, паводле вэрсіі сьледзтва, пацярпелі 24 сілавікі. Зь іх пацярпелымі ў справе прызналі 19 чалавек. Адзін супрацоўнік атрымаў дзьве раны ў раёне вялікага пальца правай рукі, якія адносяцца да катэгорыі лёгкіх цялесных пашкоджаньняў. У астатніх — пабоі.
Акрамя таго, абвінавачаныя нібыта спрабавалі ўжыць гвалт і прычыніць цялесныя пашкоджаньні яшчэ траім сілавікам, заявіў у судзе пракурор. Па вэрсіі сьледзтва, агульная сума нанесенай шкоды — каля 24 тысяч рублёў: пашкоджана 13 аўтамабіляў міліцыі, адзін аўтобус, шчыты, шлемы, бронекамізэлькі, асфальт, тратуарная плітка, лаўкі, сьметніцы, дрэвы.
Каго ўжо пакаралі
Раней у «справе аб масавых беспарадках» у Берасьці вынесьлі прысуд 22 пратэстоўцам, прысудзіўшы ім ад 3 да 5 гадоў калёніі агульнага і ўзмоцненага рэжыму. Траім непаўналетнім фігурантам (Аляксандру Вінярскаму і Эдуарду Кудынюку, Дзянісу Хазею) прысудзілі 3 гады выхаваўчай калёніі.
Дзяўчыну непаўналетняга Дзяніса Хазея 18-гадовую Віталію Бандарэнка таксама абвінавацілі ў гэтай справе. 21 траўня судзьдзя Андрэй Грушко пакараў яе 4 гадамі калёніі агульнага рэжыму.
Віталію мусілі судзіць у сярэдзіне лютага разам зь іншымі 9 фігурантамі справы аб масавых беспарадках. Аднак дзяўчына на суд не зьявілася.
Нягледзячы на тое, што яна знаходзілася пад падпіскай аб нявыезьдзе, Віталія пакінула краіну. У сувязі з гэтым яе абвясьцілі ў вышук. Аднак Віталія непакоілася за лёс свайго хлопца і 27 лютага вярнулася ў Беларусь. Ужо 1 сакавіка яе затрымалі, пасьля чаго зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, а потым перавялі ў СІЗА-7, дзе да суду знаходзілася большасьць абвінавачаных у гэтай справе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Берасьцейскую актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк засудзілі на 2 гады калёніі. Яе прызналі палітзьняволенай