Кіраўніца праваабарончай арганізацыі «Зьвяно» Тацяна Гацура-Яворская заклікала беларусаў і грамадзян іншых краін уступаць у гэтую арганізацыю, бо, паводле прагнозу, улады зьбіраюцца яе закрыць. Тацяна расказвае, што адбываецца ў «Зьвяне».
Ці ёсьць маніторынг дасьледаваньнем?
Кіраўніца «Зьвяна» Тацяна Гацура-Яворская кажа, што 9 чэрвеня «Зьвяно» атрымала пісьмовае папярэджаньне ад Міністэрства юстыцыі аб парушэньні дзейнага заканадаўства. Паводле ведамства, наладжаны «Зьвяном» маніторынг працы сыстэмы аховы здароўя ў пэрыяд пандэміі супярэчыць заканадаўству і статуту арганізацыі.
А таксама паведамляецца, што на сайце «Зьвяна» нібыта пазначаныя мэты, якіх няма ў статуце.
Апошнюю прычыну папярэджаньня Тацяна Гацура-Яворская называе сьмешнай і заклікае ахвотных паглядзець сайт «Зьвяна» і параўнаць яго са статутам, які ёсьць у адкрытым доступе. Паводле Тацяны, яна сама, параўнаўшы, разыходжаньняў ня выявіла. А першую прычыну спадарыня Гацура-Яворская камэнтуе больш падрабязна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя прэтэнзіі Міністэрства юстыцыі да аб’яднаньня «Зьвяно». Арганізацыя запрашае ў свае шэрагі новых сяброў«Слухайце, калі журналісты пазначаюць пэўную працу як „журналісцкае расьсьледаваньне“, гэта ж таксама не расьсьледаваньне ў юрыдычным сэнсе, але сутнасьць застаецца. Вось і мы рабілі тое, што маглі рабіць паводле статуту: зьбіралі інфармацыю пра барацьбу з пандэміяй, аналізавалі яе і накіроўвалі ў зацікаўленыя органы. Так, мы сапраўды выбралі для сваіх дасьледаваньняў такі тэрмін, як маніторынг, але ў статуце ў нас запісана, што мы можам рабіць збор і аналіз інфармацыі. Гэтак і было. І пасылалі вынікі гэтых дасьледаваньняў у тое ж Міністэрства аховы здароўя ды атрымлівалі ад іх адказы. У нас ёсьць іхныя лісты, што інфармацыя перададзеная зацікаўленым асобам зь Міністэрства. Таму я і лічу, што чапляцца за гэты тэрмін, каб вынесьці нам папярэджаньне, — гэта тыповая праява „палітычнай матываванасьці“. А як яшчэ?»
«Далучайцеся да Зьвяна»
«Мы зьвяртаемся да ўсіх неабыякавых грамадзянаў па ўсім сьвеце з заклікам праявіць з намі салідарнасьць і стаць сябрам „Зьвяна“. Давайце пакажам, што наша праца важная і яе падтрымліваюць людзі, і ўжо калі ўлады Беларусі зьнішчаць нашу арганізацыю, хай гэта будзе самая вялікая колькасьцю сяброў арганізацыя ў Беларусі з паважанымі ў грамадзтве людзьмі», — з такім зваротам зьвярнулася праваабаронца Тацяна Гацура-Яворская праз фэйсбук.
«Гэта такая спроба абараніцца публічнасьцю і салідарнасьцю. Усё ж большых рэпрэсій за гэта не чакаю. Вядома, я не лічу, што Міністэрства юстыцыі саступіць, хутчэй за ўсё, на іх ужо нішто не паўплывае. Але заклік да салідарнасьці — гэта яшчэ і спроба паказаць, што наша дзейнасьць не абыякавая для грамадзянаў, што яны нас падтрымліваюць і становяцца з намі ў адзін шэраг. Нам ужо падалі заявы грамадзяне Беларусі, Аўстраліі, Ірляндыі, Румыніі, Францыі ды іншых краін. Сярод іх ня толькі праваабаронцы, але і пісьменьнікі, лекары, рэжысэры. Гэта дапамагае нам быць аптымістамі. Спадзяюся, мы ў будучыні ўсё роўна зможам працаваць», — кажа праваабаронца.
Небясьпечнае зьвяно
Праваабарончай арганізацыі «Зьвяно» ў жніўні 2021 году будзе 8 гадоў. Тацяна Гацура-Яворская ўспамінае, што яшчэ год таму пэрспэктывы арганізацыі здаваліся хоць і не вясёлкавымі, але яснымі і зразумелымі. Але цяпер паўстае пытаньне, ці ўвогуле можа ў Беларусі працаваць не залежная ад дзяржавы грамадзкая арганізацыя?
«У залежнасьці ад таго, што яна робіць і як ставіцца да ўлады, — разважае Тацяна. — Калі арганізацыя займаецца толькі гуманітарнай дапамогай ці, як каманда „Анёл“, супрацоўнічае з МУС, не крытыкуе публічна нейкіх дзеяньняў уладаў, дык безумоўна, няма пытаньняў. Але калі арганізацыя паказвае пальцам на пэўную праблему грамадзтва, дык будзе складана. Нам як праваабаронцам яшчэ складаней. Гэта ж відавочны факт, што з правамі чалавека ў Беларусі далёка ня ўсё добра. І парушальнікі правоў чалавека — гэта ж не сусед ці нехта яшчэ, а часьцей за ўсё прадстаўнікі ўлады. І ў любым выпадку мы мусім ня толькі ўказваць на праблему, але і называць яе крыніцу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самаму малодшаму 4 гады. Хто яны — шматдзетныя маці, якіх перасьледуюць у Беларусі «за палітыку»?Паводле статуту «Зьвяно» — асьветніцка-сацыяльнае грамадзкае аб’яднаньне.
«„Зьвяно“ — бо мы сваю місію бачылі ў злучэньні людзей, якім патрэбна дапамога, і людзей або органаў, якія могуць вырашыць гэтую праблему. То бок зьвязваць адных з другімі», — тлумачыць Тацяна і канстатуе, што цяпер і гэта стала небясьпечным. Паводле суразмоўцы, улады Беларусі вельмі пільна сочаць і за адукацыйнымі праектамі.
«Гэта таксама ўжо разглядаецца як магчымая падрыхтоўка да нейкіх незаконных дзеяньняў, нават да масавых пратэстаў», — мяркуе Тацяна Гацура-Яворская.
«Улады ня хочуць, каб мэдыкі адчулі ад грамадзтва ўдзячнасьць»
30 сакавіка ў Менску ў прасторы «Месца» адкрылася выстава «Машына дыхае, а я — не», падрыхтаваная сябрамі і валянтэрамі «Зьвяна» і мастацкай плятформай SHKLO. Выстава прысьвячалася гераізму мэдыкаў у змаганьні з пандэміяй COVID-19. Адзін з дакумэнтальных праектаў на ёй апавядаў і пра тое, з чым мэдыкі сутыкнуліся ў жніўні мінулага году — з гвалтам сілавікоў супраць пратэстаў. Ужо праз два дні працы выставы ў яе лёс умяшаліся чыноўнікі і закрылі экспазыцыю нібыта з прычыны санітарных парушэньняў. Пяцярых арганізатараў выставы, у тым ліку Тацяну Гацура-Яворскую, затрымалі. Тацяна правяла за кратамі больш за 10 дзён. Зь СІЗА № 1 на Валадарскага выйшла ў статусе падазраванай у крымінальнай справе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта наш з вамі голас». Арганізатары і мастакі пра закрытую выставу аб гераізьме мэдыкаўПакуль яна была ў зьняволеньні, муж Тацяны Гацура-Яворскай, грамадзянін Украіны Ўладзімер Яворскі ў пачатку красавіка быў высланы з Беларусі. На зборы яму далі 48 гадзін. Ён выехаў разам зь 9-гадовым сынам.
Кіраўніца «Зьвяна» мяркуе, што пазыцыя ўладаў больш сур’ёзная, чым толькі не дазволіць дыскусій аб праблемах, зь якімі мэдыкі сутыкнуліся за 2020 год.
«Улады ня хочуць, каб мэдыкі адчулі ад грамадзтва падтрымку і ўдзячнасьць. Гэта сумна і прыкра, бо мэдыкі ахвяравалі сваім жыцьцём і здароўем дзеля людзей. Проста нехта ня хоча ніякіх рэфлексій пра гэта: чаму ўсё адбывалася так, а не інакш, і хто на гэта ўплываў. Улады ведаюць, што адказы на гэтыя пытаньні не на іхную карысьць, і спрабуюць перагарнуць старонку».
Дакумэнтальная частка выставы захавалася і калісьці вернецца да грамадзкасьці. «Мы зможам яе паказаць у будучыні. Гэта будзе яшчэ і сьведчаньне таго няпростага часу, у якім мы ўсе цяпер жывём», — мяркуе Тацяна Гацура-Яворская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як улады Беларусі перамаглі каранавірус«Суду яшчэ не было, а маё пакараньне ўжо адбываецца»
15 красавіка Тацяна выйшла з «Валадаркі», але цалкам вольнай яе лічыць нельга. Жанчына знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе, яна застаецца падазраванай паводле 1 часткі 342 артыкулу Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя альбо падрыхтоўка дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»). Паводле Тацяны, за гэты час ніякіх сьледчых дзеяньняў зь яе ўдзелам не вялося.
«Больш як за два месяцы нічога, нібыта пра мяне забылі. Але для мяне гэта яшчэ горш. Думаю, суду яшчэ не было, а маё пакараньне ўжо адбываецца, тэрмін ужо ідзе. Бо я не магу выехаць з краіны і пабачыцца з малым сынам, які цяпер з бацькам знаходзіцца ў Кіеве. Муж нарэшце зьняў кватэру, дагэтуль жылі па сябрах. Сын ужо вучыць украінскую мову, але я далучыцца да іх не магу, жыць паўнавартасным сямейным жыцьцём мне не дазваляе гэтая падпіска. Таму, калі шчыра, нават зацікаўленая, каб хутчэй адбыўся суд і мне ўжо далі тэрмін, „хімію“ ці рэальнае зьняволеньне, але каб гэты тэрмін ужо пачаў адлічвацца і, адпаведна, хутчэй закончыўся. А так, як паміж небам і зямлёй, аказваецца, яшчэ цяжэй», — кажа Тацяна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нашу сям’ю разьдзялілі». Інтэрвію з праваабаронцамі Тацянай Гацурай-Яворскай і Ўладзімерам Яворскім. ВІДЭАЗа якія пэўна дзеяньні яна стала падазраванай, Тацяна можа толькі здагадвацца.
«Асабіста я на маршах не была заўважаная, але наша арганізацыя напісала справаздачу аб парушэньнях правоў чалавека з 7 па 14 жніўня, якую ўжо 1 верасьня мы адправілі ў Сьледчы камітэт. Таксама я асабіста засьведчыла, што была сьведкай у людзей, супраць якіх былі ўжытыя спэцсродкі. Але пакуль з матэрыяламі справы я не знаёмілася і таму ня ведаю, што там супраць мяне».
У верасьні «Зьвяно» падрыхтавала і абнародавала справаздачу, прысьвечаную парушэньням правоў удзельнікаў пратэстаў у Беларусі ў пэрыяд з 7 па 14 жніўня. Валянтэры «Зьвяна» адшукалі ў лякарнях Менску 120 чалавек і апыталі 30 пацярпелых, якія атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасьці. Паводле справаздачы праваабаронцаў, у Беларусі на той момант падчас пратэстаў загінулі 5 чалавек, хаця ўлады афіцыйна прызнавалі сьмерць толькі аднаго, Аляксандра Тарайкоўскага, якога застрэлілі ў Менску 10 жніўня каля мэтро «Пушкінская».
Ці будзе «Зьвяно» абскарджваць папярэджаньне Міністэрства юстыцыі?
Тацяна кажа, што да 18 чэрвеня арганізацыя мусіць выправіць парушэньні, пазначаныя ў папярэджаньні міністэрства. Праблема, праўда, у тым, што з гэтымі заўвагамі арганізацыя ня згодная.
«Мы пакуль падрыхтавалі адказ, чаму ня згодны, што гэта парушэньні. Таксама ад нас просяць перадаць ім частку дакумэнтаў ды пячатку. І тут мы зноў жа мусім патлумачыць, чаму ня можам гэта зрабіць: бо гэта ў нас забралі падчас вобшуку. Таму тэрмінова накірую ў Сьледчы камітэт просьбу вярнуць нам дакумэнты і тэхніку, каб мы маглі ўсё патрэбнае падаць у Міністэрства юстыцыі. Тады да 18 чэрвеня я магу пасьпець. Яшчэ ёсьць шлях — падаваць у суд, каб абскардзіць папярэджаньне. Гэта можна зрабіць цягам месяца. Але ці будзем падаваць? Па шчырасьці, 50 на 50. Бо на 90% зразумела, чым гэта скончыцца. Безумоўна, мы ня згодныя з папярэджаньнем Міністэрства юстыцыі, але ўсё ж думаем, ці варта свае грошы і высілкі аддаваць? Час яшчэ ёсьць на абдумваньне будучага рашэньня», — кажа Тацяна Гацура-Яворская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронца Тацяна Гацура-Яворская: «Свабода немагчымая без уласнай ахвяры»