ЭЗ пагражае Вугоршчыне скарачэньнем выплатаў у сувязі з новым законам супраць ЛГБТ

Дэманстрацыя праціўнікаў закону «Аб забароне прапаганды гомасэксуалізму», Будапэшт, 14 чэрвеня 2021

У Эўракамісіі дапускаюць скарачэньне выплатаў Вугоршчыне, калі ў гэтай краіне будзе прыняты закон, які забараняе «рэкляму гомасэксуалізму» і зьмену полу непаўналетнімі.

Пра гэта паведамляе DW.

«Калі вы не шануеце каштоўнасьці дэмакратыі і роўнасьці Эўразьвязу, то вы ня маеце права атрымліваць грошы на ваш праект», — заявіла камісарка ЭЗ у пытаньнях роўнасьці Элена Далі ў інтэрвію агенцтву Reuters 15 чэрвеня, незадоўга да галасаваньня ў парлямэнце Вугоршчыны аб спрэчным законапраекце.

Пры гэтым яна спаслалася на аналягічныя захады Брусэлю ў дачыненьні да рэгіёнаў Польшчы, якія абвясьцілі сябе «вольнымі ад ЛГБТ» зонамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт паскардзіўся заснавальніку Telegram Паўлу Дураву на «дэструктыўныя» каналы

Новы закон аб забароне гей-прапаганды ў Вугоршчыне

У той жа дзень парлямэнт у Будапэшце прыняў закон аб забароне гей-прапаганды, нягледзячы на крытыку з боку апазыцыі, праваабаронцаў і СМІ. Закон накіраваны супраць адукацыйных праектаў, якія раскрываюць тэму гомасэксуальнасьці, і рэклямы буйных кампаніяў, якія дэманструюць салідарнасьць з ЛГБТ. Законапраект быў накіраваны ў парлямэнт у мінулы чацьвер партыяй «ФІДЭС — Вугорскі грамадзянскі саюз» прэм’ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана.

Партыю прэмʼера ФІДЕС абвінавацілі ў капіяваньні «дыктатарскіх мадэляў»

Напярэдадні галасаваньня ў Будапэшце адбылася шматтысячная акцыя пратэсту. Пяць няўрадавых арганізацыяў, уключаючы Amnesty International, выступілі з крытыкай закону: ён, на іх думку, прывядзе як да парушэньня свабоды слова, гэтак і да абмежаваньня правоў дзяцей. Партыя FIDESZ, кажуць праваабаронцы, «капіюе дыктатарскія мадэлі, якія накіраваны супраць эўрапейскіх каштоўнасьцяў».

Новая вугорская заканадаўчая норма аналягічная расейскаму закону, які забараняе «прапаганду нетрадыцыйных сэксуальных адносінаў сярод непаўналетніх». Гэты закон быў прыняты 1 чэрвеня 2013 году Дзярждумай РФ адразу ў другім і ў канчатковым трэцім чытаньнях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удаве Тарайкоўскага падатковая інспэкцыя выставіла падатак за ахвяраваньні на 4,5 тысячы даляраў