Міколу Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка і астатніх фігурантаў гэтай крымінальнай справы нават не павязуць у суд. Іх будуць судзіць у закрытым рэжыме проста ў СІЗА Гомля.
4 траўня стала вядома, што справу палітвязьняў Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка, Уладзімера Цыгановіча, Арцёма Сакава і Дзьмітрыя Папова будзе разглядаць Гомельскі абласны суд.
Сёньня стала вядомая дата пачатку працэсу: 24 чэрвеня. Пра гэта Свабодзе паведамілі сваякі палітвязьняў. Паседжаньні заплянаваныя з 24 чэрвеня па 30 ліпеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: Статкевіча, Ціханоўскага, Лосіка і іншых будуць судзіць проста ў СІЗАЦіханоўскаму, Сакаву і Папову інкрымінуюць:
- арганізацыю масавых беспарадкаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусі ў 2020 годзе (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу);
- распаўсюджваньне групай асобаў на папярэднюю змову матэрыялаў, накіраваных на распальваньне сацыяльнай варожасьці супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў (ч. 3 арт. 130 КК);
- пагрозы ў адрас старшыні ЦВК Рэспублікі Беларусь (ч. 2 арт. 191 КК);
- арганізацыю групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак і зьвязаныя з прымяненьнем гвалту ў дачыненьні прадстаўнікоў улады (ч. 1 арт. 342 КК).
- Мікалаю Статкевічу выстаўлена абвінавачаньне ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК).
Лосіка і Цыгановіча вінавацяць паводле артыкулаў:
- распальваньне сацыяльнай варожасьці да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненыя групай асобаў (ч. 3 арт. 130 КК);
- арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады (ч. 1 арт. 293 КК).
- Блогерам Лосіку і Цыгановічу пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Астатнім фігурантам справы — да 15 гадоў зьняволеньня.
Каго раней судзілі ў закрытым рэжыме ў гомельскім СІЗА-3?
У 2007 годзе ў гомельскім СІЗА-3 у закрытым рэжыме праходзіў суд над «пажарнікамі» — гомельскай злачыннай групоўкай. Судзілі адразу 18 чалавек. Тады суд у СІЗА быў абумоўлены тым, што ў гомельскіх судах няма вялікай залі, каб зьмесьціць 18 абвінавачаных. Пасьля ў Гомлі ўзьвялі для абласнога суду вялікі будынак. Там дастаткова заляў і месца ў іх. Напрыклад, у 2018 годзе у ім судзілі групу (16 чалавек) гомельскіх мытнікаў, якіх абвінавацілі ў хабарніцтве. Увесну 2021 году ў закрытым рэжыме ў будынку гомельскага СІЗА судзілі 68-гадовага актывіста АГП, пэнсіянэра МУС Уладзімера Няпомняшчых — за «пагрозу жыцьцю» пракуроркі. Ён быў пакараны на два з паловай гады пазбаўленьня волі.