Даляр па 2,48. Чаму ўмацоўваецца рубель і як доўга гэта працягнецца

Валютны курс, ілюстрацыйнае фота

Увесь мінулы тыдзень рубель умацоўваўся да даляра, а эўра абнавіў гістарычны мінімум і апусьціўся да 3038 рублёў. Разьбіраемся, з чым гэта зьвязана.

Добрая сытуацыя з экспартам

Цяпер для Беларусі складаецца добрая сытуацыя з экспартам. У студзені-красавіку пастаўкі зь Беларусі вырасьлі на 26,1% у параўнаньні з такім жа пэрыядам летась.

На гэта зьвяртае ўвагу старшы фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрт: «Расея ня зможа абараніць Беларусь ад наступстваў санкцый пры ўсім жаданьні»

«Сальда гандлю таварамі і паслугамі станоўчае, у экспартэраў расьце валютная выручка, яны могуць прадаваць больш валюты. З пачатку чэрвеня ўмацаваньне рубля стала больш хуткім», — кажа Вадзім Іосуб.

Прадпрыемствы прадаюць валюту

Другі фактар — продаж валюты прадпрыемствамі, працягвае экспэрт.

«Ідзе продаж валюты нейкімі прадпрыемствамі ў вялікіх аб’ёмах. Магчыма, гэта неабходнасьць пагашэньня рублёвых крэдытаў, што і прымусіла прадаваць валюту. Таксама як вэрсія — нейкія буйныя прадпрыемствы могуць апасацца санкцый, таму выходзяць з валюты ў рублі, каб пазьбегнуць замарозкі грошай», — кажа Вадзім Іосуб.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінус 2 мільярды рублёў за 4 месяцы. Як зьмяняўся дэфіцыт бюджэту Беларусі

Колькі будзе ўмацоўвацца рубель

Умацаваньне рубля — часовы фактар, які можа працягнуцца тыдзень ці два. У гэтым упэўнены Вадзім Іосуб.

«Калі мы гаворым аб чэрвеньскім умацаваньні, то гэта часовы фактар. Разавы продаж буйной сумы валюты. Калі казаць пра сальда гандлёвага балянсу, то яно ўстойліва застаецца станоўчым. Да зьменаў могуць прывесьці новыя санкцыі», — мяркуе Вадзім Іосуб.

Такім чынам, адзін з фактараў умацаваньня рубля — продаж валюты прадпрыемствамі — мае часовы характар, а другі — станоўчая дынаміка экспарту — можа зьмяніцца пад уплывам новых санкцый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба браць пад прыцэл грошы». Ініцыятар «Закону Магніцкага» пра санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

14 чэрвеня падчас таргоў на валютна-фондавай біржы курс даляра вырас на 0,33% — да 2,4892 рубля. Курс эўра зьнізіўся на 0,27% — да 3,0149 рубля, курс расейскага рубля ўпаў на 0,5% — да 3,4455 рубля за 100 расейскіх рублёў.