Пра гэта заявіла ў чацьвер кампанія-апэратар трубаправоду. Паводле яе, 10 чэрвеня выкладзеныя з боку Расеі і Нямеччыны марскія сэкцыі газаправоду былі злучаныя паміж сабой. Зь пятніцы пачнуцца работы па запаўненьні газаправода газам.
Гэта не азначае, што газаправод будзе ў найбліжэйшы час запушчаны ў эксплюатацыю, — чакаецца, што пусканаладачныя работы працягнуцца некалькі месяцаў. Акрамя таго, газаправод павінен прайсьці сэртыфікацыю і іншыя працэдуры.
Аб завяршэньні пракладкі труб першай ніткі газаправода паведаміў 4 чэрвеня ў прамым эфіры расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін. Гэта стала нечаканасьцю, паколькі раней паведамлялася, што застаецца абкласьці яшчэ некалькі дзясяткаў кілямэтраў труб.
Працягваецца кладка другой ніткі газаправода.
- Кладка труб была спыненая ў сьнежні 2019 году больш чым на год праз пагрозу санкцый ЗША. У пачатку 2021 году яе аднавілі расейскія караблі. Яны, як і кампаніі-ўладальнікі, былі ўнесены Вашынгтонам у санкцыйны сьпіс. ЗША, аднак, ня сталі накладваць санкцыі на кампанію-апэратара «Паўночнага патоку — 2», заснаваную расейскім «Газпромам».
- Адміністрацыя ЗША падкрэсьлівае, што выступае супраць будаўніцтва газаправоду, лічачы яго пагрозай энэргетычнай бясьпекі ЭЗ і Ўкраіны. Аднак і прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, і дзяржсакратар Энтані Блінкен заяўлялі, што перашкодзіць дабудоўцы газаправода праз санкцыі было б вельмі праблематычна, акрамя таго, санкцыі супраць нямецкіх кампаній, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве, маглі б закрануць супрацоўніцтва ЗША і Нямеччыны.
- Вашынгтон і Берлін працягваюць перамовы пра лёс праекту — у прыватнасьці, аб магчымых гарантыях Украіне, якія маглі б стаць умовай пачатку яго эксплюатацыі. Ні пра якія канкрэтныя рашэньні пакуль не абвешчана. Улады Нямеччыны падтрымліваюць дабудову газаправоду.