Сойм Латвіі дазволіў пракуратуры арыштаваць дэпутата ад партыі «Згода» Яніса Адамсанса, які падазраецца ў шпіянажы на карысьць Расеі, паведамляе Delfi.
Служба дзяржаўнай бясьпекі прадставіла дакумэнты аб 43 эпізодах шпіянажу. Паводле вэрсіі сьледзтва, палітык апошнія чатыры гады перадаваў Расеі інфармацыю аб бюджэце арміі, закупках і ўсходняй мяжы.
Старшыня парлямэнцкай Камісіі нацыянальнай бясьпекі Марыс Кучынскіс паведаміў, што ў справе Адамсанса ёсьць сур’ёзныя доказы, якія сьведчаць, што падазрэньні ў шпіянажы абгрунтаваныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Чэхіі заклікаў усе краіны Эўразьвязу выслаць «хаця б па адным» расейскім дыплямацеПалітык сваю віну адмаўляе. Кажа, яго не запрасілі на пасяджэньне камісіі, на якім прымалася рашэньне, і ён паняцьця ня мае, у чым яго вінавацяць. Адамсанc заявіў, што «за ім няма ніякіх грахоў», а адзінымі эпізодамі перадачы інфармацыі былі ягоныя інтэрвію.
Адамсанс нарадзіўся 3 лістапада 1956 году. Ён скончыў Кіеўскае вышэйшае ваенна-марское палітычнае вучылішча, пасьля чаго да 1979 г. служыў на Далёкім Усходзе на пагранічных вартавых караблях на розных пасадах, ад намесьніка ў палітычнай працы камандзіра ПСКР да камандзіра карабля. У жніўні 1991 году зьехаў у Латвію. У Латвіі да абраньня ў парлямэнт быў камандуючым Дзяржаўнай памежнай службы, потым кіраўніком МУС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баўгарыя выслала двух расейскіх дыпляматаў праз падазрэньні ў шпіянажыГенэральная пракуратура Польшчы паведаміла аб затрыманьні 31 траўня мужчыны, які таксама падазраецца ў шпіянажы на карысьць Расеі. Яго завуць Януш Н. Прозьвішча мужчыны не раскрываецца. Паводле вэрсіі сьледзтва, ён на заказ супрацоўнікаў расейскай выведкі спрабаваў устанавіць кантакт з польскімі і заходнімі палітыкамі, у тым ліку прадстаўнікамі Эўрапарлямэту.
Падчас ператрусаў сілавікі знайшлі вялікую колькасьць носьбітаў інфармацыі і грашовыя сродкі на суму больш за 300 тысяч злотых ($81000).
Артыкул аб шпіянажы пагражае мужчыну 10 гадамі пазбаўленьня волі. Суд арыштаваў яго на тры месяцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Італія выдварыла двух расейскіх дыпляматаў на тле абвінавачаньня ў шпіянажы