У міжнароднай арганізацыі палічылі, што ў спалучэньні зь іншым лёзунгам, нанесеным на футболкі — «Слава Україні!» — ён можа разглядацца як палітычны, паведамляе AFP.
Інфармацыю пра забарону аднаго зь лёзунгаў пацьвердзіла Ўкраінская асацыяцыі футболу, піша ua.tribuna.com.
Пры гэтым словы «Слава Україні!» на футболках застануцца, як і абрысы тэрыторыі Ўкраіны да расейскай акупацыі Крыму і часткі Данбасу, паколькі ААН прызнае тэрыторыю Ўкраіны менавіта ў межах да расейскай агрэсіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна едзе на ЧЭ ў форме з сылюэтам Крыму і дэвізам «Героям слава!»Расейскі футбольны саюз (РФС), тым ня менш, застаўся незадаволеным такім рашэньнем УЭФА. Пачэсны прэзыдэнт РФС Вячаслаў Каласкоў заявіў, што гэта «ніякае не рашэнне пытаньня».
«Катэгарычна ня згодны з рашэньнем УЭФА! Што „Слава Україні“ палітычны сьлёган, што „Героям слава!“ Прыбраць другое — гэта мінімальная саступка, на якую пайшоў УЭФА, і тое пасьля лістоў РФС. УЭФА стварыла прэцэдэнт, зь якога потым можна ня выйсьці».
Украінская асацыяцыя футболу паведаміла, што зараз вядзе перамовы з УЭФА аб тым, каб пакінуць на форме словы «Героям слава!» У арганізацыі заявілі, што прадставілі аргумэнты, чаму лёзунг мае застацца на футболках.
Раней новыя гульнявыя строі зборнай Украіны на чэмпіянат Эўропы, выкананыя ў трох камплектах — жоўтым, сінім і белым, выклікалі шэраг пратэстаў з боку расейскіх палітыкаў. Яны назвалі гэта спробай палітызацыі спорту.
З украінскага боку, у сваю чаргу, рашэньне УЭФА па забароне словаў «Героям слава!» на форме раскрытыкавалі, заўзятары зборнай Украіны вінавацяць міжнародную арганізацыю ў працы ў інтарэсах расейскай кампаніі «Газпром», якая ўжо шмат год зьяўляецца афіцыйным спонсарам Лігі чэмпіёнаў і іншых праектаў пад эгідай УЭФА.
Чэмпіянат Эўропы ў футболе стартуе 11 чэрвеня. Украінскія футбалісты трапілі ў адну групу з камандамі Аўстрыі, Нідэрляндаў і Паўночнай Македоніі. Зборная Ўкраіны рыхтуецца да турніру ў румынскім Бухарэсьце, а 13 чэрвеня правядзе першы матч зь Нідэрляндамі ў Амстэрдаме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Крумкачоў» ізноў папярэдзілі, бо заўзятары стаяць сьпінай да чырвона-зялёнага сьцяга