Радзівон Медушэўскі, які пасьля 2,5 месяца ў СІЗА выйшаў на волю, чакае адпраўкі на 1,5 года «хатняй хіміі», якую яму прысудзілі ў «карагоднай справе» ў Берасьці. Ён расказаў «Вясьне» пра зьдзекі за кратамі.
23-гадовы Медушэўскі — адзін з 71 чалавека, які трапіў на лаву падсудных у «карагоднай справе», прыехаў 16 сакавіка на размову ў міліцыю, на якую яго запрасілі праз тэлефон. Сьледчы сказаў, што сустрэцца трэба, каб яшчэ «разок дапытаць» Радзівона, але той стаў падазраваць, што яго выклікаюць, каб пасадзіць. Так і сталася. Медушэўскі ўзяў з сабой зубную шчотку.
Віны Радзівон не прызнаў, таксама адмовіўся даваць паказаньні. Яго перавезьлі ў СІЗА, дзе ён толькі тры дні правёў у камэры з сонечным сьвятлом, астатні час сядзеў у сутарэньні.
Жоўтая таблічка
Усіх, хто сядзіць па палітычным артыкуле, пазначалі жоўтай таблічкай на нары з надпісам «схільны да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасьці». Гэтая бірка ўяўляе сабой простакутную дошчачку з налепленым надпісам на жоўтым фоне. Кожны раз пры ранішніх і вячэрніх абходах корпуснага вязьні павінны былі паўтараць: «Схільны да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасьці». Асабіста Медушэўскі лічыць гэта абразай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 682 асуджана, амаль 1000 фігурантаў у справах аб «масавых беспарадках». Генпракуратура абяцае «не спыняцца»Чырвонай таблічкай пазначалі ўсіх пінскіх вязьняў — фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Радзівон сядзеў з адным хлопцам зь Пінску, Сяргеем Ляжэнкам. У таго была ня жоўтая, а чырвоная таблічка, што азначае «схільны да нападу на адміністрацыю і захопу закладнікаў». Тыя, хто з чырвонай таблічкай, ходзяць на прагулку заўсёды ў кайданках. Таксама ім надзяваюць кайданкі перад абходам.
Называлі фанатамі Ціханоўскай
Медушэўскі сказаў, што стаўленьне да яго з боку турэмнікаў было розным.
«Адныя разумеюць, што гэта адкрыты цырк і што амаль усім палітычным тут наогул ня месца, а іншыя лічылі нас „дурнямі і фанатамі Ціханоўскай“. Адзін сукамэрнік спытаў у супрацоўніка СІЗА, чаму пэдафіл сядзіць у добрай камэры з вакном, а мы сядзім у падвале, на што ён адказаў, што „ну пэдафіл не зрабіў нічога дрэннага дзяржаве“».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад 1,5 года «хатняй хіміі» да 1 году строгага рэжыму. Агучылі прысуд яшчэ 13 фігурантам «карагоднай справы»Таксама Радзівон прызнаўся, што мае адчуваньне, быццам палова людзей у СІЗА — гэта зьняволеныя паводле «палітычных» артыкулаў.
«Хлопцы ў камэры часта малявалі. Некаторыя прасілі мяне маляваць партрэты іхных жонак, бо я скончыў мастацкую школу і ўмею так-сяк маляваць партрэты. А яны адпраўлялі гэтыя партрэты разам зь лістамі ў капэртах. За гэта мне замаўлялі ў мясцовай краме пачастункі. Відэльцы і лыжкі нам давалі толькі на час прыёму ежы. У астатні час карысталіся чым папала. Маёй лыжкай была вялікая чорная расчоска, якую мне адправілі перадачкай родныя ў першы тыдзень».
Лісты не даходзілі, кнігі давалі
У СІЗА ёсьць бібліятэка, асабіста Радзівон прачытаў каля 9 розных кніг, але бачыў людзей, якія прачыталі ў СІЗА па 60–70 кніг. У камэры зь Медушэўскім сядзелі яшчэ пяць чалавек, пры гэтым толькі ён не курыў. На праверцы кожны стараўся называць сябе павольна, каб камэра пасьпела праветрыцца.
«У СІЗА нельга мець шнуркі, таму што на іх нібы можна павесіцца. Але можна мець кіпяцільнікі, у тым ліку і з доўгім дротам. Мабыць, на іх нельга павесіцца. Нельга мець сваю лыжку або відэлец, але можна мець станок для галеньня зь лязом», — зазначае Медушэўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта і ня мір, і не вайна». Дасьледчыца тэрарызму адказала на пытаньні пра дзеяньні ўладаў БеларусіПа расказах сукамэрнікаў Медушэўскага, да Новага году яны атрымлівалі мінімум 1–2 лісты падтрымкі ад новых людзей кожны тыдзень, але ў 2021-м усё рэзка спынілася. Засталіся толькі перапіскі з тымі, з кім ужо завязаліся хоць нейкія зносіны.
«Рэжымнікі пастаянна кажуць нам, што мы ніколі не ўладкуемся на нармальную працу, што ўсе ў краіне цяпер задаволеныя, бо няма нідзе мітынгаў, што мы цяпер ганьба для сваіх сем’яў і г. д. Я думаю, што яны гэтыя лісты зьнішчаюць, каб мы не адчувалі падтрымкі».
Радзівон прызнаецца, што ехаў на суд як на сьвята, была надзея, што вызваляць. Але стараўся занадта моцна сябе не абнадзейваць, таму што і перадумоваў, што яго пасадзяць у СІЗА, ён раней таксама ня бачыў. Цяпер Медушэўскі адчуў вялікую ўвагу і падтрымку іншых людзей, вярнуўся да старой працы, прадаўца сантэхнікі, і думае засвоіць новую, магчыма, 3D-дызайнэра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я заставалася ўнутрана свабодным чалавекам». Першае інтэрвію журналісткі Барысевіч пасьля паўгода ў турме. Відэа, фота ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны ў шоку і моцна перапалоханыя». Міліцыя выявіла «экстрэмістаў» сярод глуханямых