Сямʼя затрыманай у Менску грамадзянкі Расеі Софʼі Сапегі атрымала першыя два лісты ад дачкі зь СІЗА КДБ. Софʼя просіць не вінаваціць у здарэньні свайго сябра, былога рэдактара тэлеграм-каналу Nexta Рамана Пратасевіча. 23 траўня Сапегу і Пратасевіча затрымалі ў аэрапорце Менску пасьля таго, як беларускія ўлады пасадзілі самалёт Ryanair, на на якім яны ляцелі з Атэнаў у Вільню. Лісты былі напісаныя 1 і 3 чэрвеня.
Расейская служба Бі-бі-сі апублікавала іх фрагмэнты з дазволу маці Софʼі Ганны Дудзіч.
«Адзіны страх, які мучыў мяне, — гэта страх адстаць. Адстаць ад жыцьця, бо яно такое нестатычнае. Баюся выйсьці нікім і абсалютна не патрэбнай грамадзтву. Страшна, што так і не абараніла дысэртацыю. Сёньня трэцяга чэрвеня, дзень, калі я павінна была раніцай абараніць магістэрскую дысэртацыю, а ўвечары адправіцца з Ромам у рэстаран, піць шампанскае, есьці пасту, сустракаць лета, цалавацца і кахаць. Аднак выйшла ўсё крыху інакш. Замест гэтага раніцай я пасьнедала кашай, патрэніравалася, а ўвечары выпіла гарбату зь печывам. Адна. Не было абароны, не было Ромы, рэстарана і халоднага шампанскага. Не было сьвята і каханьня. Але затое была гарбата. Пра гэта вельмі горка думаць, але здаецца, у жыцьці яшчэ шмат усяго здарыцца, а гэта я прапушчу. Мне не хацелася пра гэта пісаць, але падзяліцца мне няма з кім і я не ўтрымалася. Даруйце».
«Я ніколі ня верыла ў прарочыя сны ды іншае. Але… Уначы перад вылетам з Атэнаў Рома прысьніў сон, што мы прызямляемся ў Менску. Ён раней казаў, што яму сьняцца прарочыя сны. Шкада толькі, што гэта быў адзін зь іх. Прашу, ня варта вінаваціць Рому ў тым, што ўсё гэтак сталася. Ён бярог і клапаціўся пра мяне, як умеў. Гэта можна назваць каханьнем. Далей усё будзе разьвівацца нялёгка, але спадзяюся, пройдзе гэты шлях годна».
«Сёньня ўвечары я атрымала два вашыя лісты. Шчыра кажучы, гэта быў першы раз за ўвесь час, калі я заплакала. Я ня плачу тут. У першы дзень я пазнаёмілася зь дзяўчынай, яна тады ў простым сэнсе не дала мне замерзнуць. Таксама яна мне сказала, што я на ўсё жыцьцё запомню першы ліст. І мела рацыю — я запомню кожны радок, кожны сказ. Я запомню гэтае пачуцьцё».
«Што да мяне, то я трымаюся, вельмі шмат чытаю, увесь час чытаю. Толькі што дачытала „Трывожнае шчасьце“ Івана Шамякіна. 600 старонак за тры дні. Прысядаю сто разоў раніцай, спачатку прэс і іншае. Пішу дзёньнік. Цяпер нарэшце на такія рэчы часу ў мяне даволі. Я даю рады».
«Я пачала арыентавацца па званах! Як што, я жыву пакуль без дакладнага часу, гадзіньніка ў мяне тут няма, затое ёсьць званы! За вакном кожную гадзіну яны бʼюць пэўную і роўную дакладнаму часу колькасьць разоў. Так я арыентуюся.
У люстэрка сябе ня бачыла з 25 [траўня], таму стан скуры вызначаю рукамі, гэта нават забаўна. Дарэчы, люстэрка не прымалі, бо яно было не такіх парамэтраў. Трэба маленькае кішэннае і ў плястмасавай рамцы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АБСЭ: тэлевізійныя «прызнаньні» Пратасевіча і Сапегі парушаюць іх права на справядлівы суд«Хачу сказаць, дакладней напісаць, што я не здаюся. Я трымаюся. Пачала ўсьміхацца. Упершыню ў жыцьці радуюся такім дробязям, як сьпевам птушак, сонейку, цікавай кнізе. Сапраўды радуюся. Не зьвяртаю ўвагі на некаторыя дробязі. Нават адрослыя пазногці, бровы і г. д. мяне не бянтэжаць больш :)».
«Я ям, добра ем, праўда! Вашыя слодычы і іншае сканчаюцца даволі хутка :).
Так, тут ёсьць лекар і ён рэгулярна мяне наведвае. Прыемны чалавек. Выпісаў мне заспакаяльнае і коле глюкозу для апэтыту. Ён просіць называць гэта сывараткай праўды :).
Не перадаць, як прыемна, што табе тэлефануюць і пішуць сябры з унівэрсытэту. Праўда, вельмі. Перадайце ім, калі ласка, вялікае прывітаньне, скажыце, што я вельмі гэта цаню. Я ганаруся тым, што ў мяне ёсьць такія людзі, як яны. Перадайце ім гэта!»
«Паводле чутак і вашых лістоў (навінаў у мяне тут няма), я разумею, што стала крыху знакамітай. Ніколі б не падумала, што такое адбудзецца. Тым больш са мной. Гэта таксама цешыць. Як і казала, хай мне пішуць лісты».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што не аддасьць Соф’ю Сапегу для суду ў РасеіСофʼя Сапега — студэнтка пятага курсу ЭГУ, вучылася на праграме «Міжнароднае права і права ЭЗ».
Яна грамадзянка Расеі, але большасьць свайго жыцьця пражыла ў Беларусі, скончыла школу ў Лідзе.
Сапезе выставілі падазрэньне ў распальваньні варожасьці (ч. 3 арт. 130 КК). Ёй пагражае да 12 гадоў турмы.
Консул наведаў яе толькі адзін раз, 25 траўня, праз два дні пасьля затрыманьня. З таго часу ніхто з расейскіх дыпляматаў да яе не прыходзіў, сказала маці Софʼі Ганна Дудзіч «МБХ медиа».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Праз два тыдні ў яе абарона дыплёма». Сябры і прадстаўнік ЭГУ пра затрыманьне дзяўчыны Пратасевіча Соф'і СапегіІнцыдэнт з самалётам Ryanair, затрыманьне блогера Пратасевіча і рэакцыя ў сьвеце. Сьцісла
- 23 траўня прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
- Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.
- Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.
- Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
- Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
- На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.
- У Менскім аэрапорце паведамілі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. Пазьней стала вядома, што было яшчэ некалькі пасажыраў, якія пасьля экстранай пасадкі засталіся ў Беларусі і не паляцелі далей у Вільню.
- Сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
- Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
- У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.
- Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
- Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.
- Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі.
- 24 траўня саміт Эўразьвязу запатрабаваў новых эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі і забароны палётаў
- Увечары 24 траўня дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі паказалі Рамана Пратасевіча, які кажа пра сваю віну ў арганізацыі масавых акцый у Менску. Сваякі і сябры журналіста адразу зьвярнулі ўвагу на сінякі на яго твары і неўласьцівую інтанацыю, што можа сьведчыць пра магчымыя доўгія катаваньні.
- Шэраг дзяржаў і авіякампаній забаранілі палёты ў Беларусь і ў беларускай паветранай прасторы пасьля захопу Рамана Пратасевіча. Яны заяўляюць, што падобныя захады прымаюцца дзеля бясьпекі ўласных грамадзян.
- 28 траўня Пратасевіча зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Таксама там знаходзіцца і дзяўчына журналіста Соф’я Сапега, якую абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці». Адвакат толькі на пяты дзень здолела трапіць да Рамана. Зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні дэталяў.
- Таксама 28 траўня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў пра магчымую датычнасьць Масквы да згону самалёту. 31 траўня Паўночнаатлянтычны альянс абмежаваў доступ у сваю штаб-кватэру ў Брусэлі 5 акрэдытаваным беларускім дыпляматам.
- Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) заявіла пра пачатак уласнага расьсьледаваньня інцыдэнту.
- 29 траўня ЗША прыпынілі пагадненьне пра авіязносіны зь Беларусьсю і заявілі пра падрыхтоўку новых санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня.
- Паштовы сэрвіс Proton зьняпраўдзіў вэрсію, высунутую афіцыйным Менскам аб лістах з інфармацыяй пра ілжывае мініраваньне, якія нібыта даслалі са швэйцарскіх сэрвэраў у некалькі аэрапортаў. Ліст быў толькі адзін. Раней сваю датычнасьць да пагроз выбуху абверг палестынскі блёк ХАМАС, а СМІ высьветлілі, што ліст з пагрозамі прыйшоў толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара.
- Пасьля шэрагу забарон колькасьць палётаў «Белавія» за тыдзень упала адразу на 80,5%. Дзяржаўная кампанія-манапаліст на рынку авіяперавозак імкнецца заняць рэзкі недахоп новымі рэйсамі ў Расею.
- 4 чэрвеня Эўрапейскі зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям.
- У пачатку чэрвеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў Рамана Пратасевіча ў праграме начальніка каналу Марата Маркава, якая называецца «Марков. Ничего личного». Радыё Свабода не публікуе фрагмэнты з гэтага інтэрвію, бо невядома, пры якіх абставінах запісвалася гутарка і ці мог Пратасевіч адмовіцца адказваць на пытаньні, якія яму задалі. Экспэрты гавораць пра высокі ўзровень стрэсу блогера, страху і магчымым ціску, а паплечнікі і родныя лічаць, што «інтэрвію» запісана пад катаваньнямі або пагрозай катаваньняў.
- 8 чэрвеня, праз 11 дзён адсутнасьці, да Пратасевіча пусьцілі адваката Інэсу Аленскую. Над ім праводзілі сьледчыя дзеяньні, падчас якіх 7 гадзін не адпускалі нават у прыбіральню. Раман за кратамі перахварэў на танзыліт.
- 14 чэрвеня Пратасевіча прывялі на сустрэчу МЗС Беларусі з журналістамі. Многія журналісты заявілі, што ня вераць таму, што Пратасевіч прамаўляе свае словы добраахвотна. Журналіст BBC Джон Фішэр пакінуў залю, напісаўшы, што затрыманы відавочна будзе гаварыць пад прымусам, а журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова заявіла, што ня верыць нічому з сказанага, і выказала спачуваньне вязьню.
- 15 чэрвеня дырэктар Ryanair расказаў, як улады Беларусі ціснулі на капітана самалёта і экіпаж.
- 16 чэрвеня расейскія СМІ паведамілі аб тым, што «Генэральная пракуратура ЛНР» падзякавала Лукашэнку за магчымасьць правядзеньня сьледчых дзеяньняў з Раманам Пратасевічам". Украіна ў адказ на гэта заявіла, што гэта інтрыгі Крамля, паколькі «фактычны кантроль на часова акупаваных тэрыторыях ажыцьцяўляе акупацыйная адміністрацыя РФ». Міністэрства замежных справаў Украіны запатрабавала ад уладаў Беларусі пракамэнтаваць інфармацыю пра візыт у Менск так званай «пракуратуры» самаабвешчанай рэспублікі.
- 25 чэрвеня Рамана Пратасевіча і Софʼю Сапегу перавялі пад хатні арышт.
- 17 студзеня 2022 году ІCАО накіравала ўладам усіх краін-удзельніц арганізацыі справаздачу пра інцыдэнт пасьля некалькіх пераносаў тэрміну.
- Тэкст справаздачы зьмясьціўся на 30 старонках. Сярод іншага, яна ўключае расшыфроўкі перамоваў экіпажу самалёта з дыспэтчарамі і схему палёту самалёта над Беларусьсю з аналізам адлегласьці паміж пасажырскім лайнэрам і зьнішчальнікам ВПС Беларусі.
- «Улады Беларусі не прадставілі неабходнай інфармацыі», — гаворыцца ў справаздачы расьсьледаваньня ІCАО пра пасадку Ryanair у Менску.
- 20 студзеня ў ЗША выставілі завочныя абвінавачаньні кіраўніку «Белаэранавігацыі» Леаніду Чуро, ягонаму намесьніку Алегу Казючыцу і двум супрацоўнікам КДБ у змове з мэтай зьдзяйсьненьня авіяцыйнага пірацтва. Абвінаваўчае заключэньне пададзена ў Фэдэральны акруговы суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрку. Паводле яго, пагражае ад 20 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.
- Мін'юст ЗША прыйшоў да высновы, што беларускія чыноўнікі выкарысталі фальшывае паведамленьне пра бомбу на борце для таго, каб змусіць прызямліцца ў Менску самалёт, на якім сярод іншых пасажыраў знаходзіліся чацьвёра грамадзянаў ЗША. Паводле абвінаваўцаў, гэта было неабходна для арышту апазыцыйнага блогера Рамана Пратасевіча.
- Прадстаўнік «Белаэранавігацыі» Алег Казючыц заявіў у адказ, што выстаўленьне амэрыканскімі пракурорамі абвінавачаньня ў паветраным пірацтве супраць кіраўнікоў іх прадпрыемства можа быць інструмэнтам ціску або правакацыяй перад пасяджэньнем ICAO, на якім будзе разглядацца даклад аб інцыдэнце з рэйсам Ryanair Афіны — Вільня.
- 20 ліпеня ICAO апублікавала афіцыйную справаздачу пра здарэньне, у якім заявіла, што беларуская вэрсія падзей не атрымала ніякага пацьверджаньня, відэа- і аўдыязапісы карэктаваліся і выдаляліся, а расшыфроўка размоў паказала, што дыспэтчару каманды да экіпажу самалёта дыктавалі спэцслужбы. Мінаваньне самалёта было ілжывым.
- У канцы кастрычніка 2022 з расшыфроўкі новых паказаньняў менскага авіядыспэтчара Алега Галегава стала вядома, што пры перамовах з экіпажам самалёта ў памяшканьні знаходзіўся ня толькі супрацоўнік КДБ, але і гендырэктар «Белаэранавігацыі» Леанід Чуро, супраць якога ў ЗША яшчэ раней выставілі абвінавачаньне. Яны падышлі да дзяжурнага, які потым паведаміў дыспэтчару і яшчэ аднаму калегу аб пасажырскім самалёце Ryanair, які зьбіраўся ўвайсьці ў паветраную прастору Беларусі з боку Ўкраіны. Дзяжурны згадаў пра нібыта пагрозу выбуху супраць рэйсу і пра тое, што самалёт трэба накіраваць, але адгаварыў дыспэтчара інфармаваць Львоўскі дыспэтчарскі цэнтар у суседняй Украіне.