«Беларусь ізноў апынулася ў топе міжнароднага парадку дня з прычыны апошніх падзеяў з самалётам Ryanair і працягу рэпрэсіяў з боку рэжыму Лукашэнкі», — заявіў вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль, выступаючы сёньня ў Эўрапарлямэнце падчас абмеркаваньня сытуацыі ў Беларусі.
Пра гэта паведамляе БелаПАН.
«Рэпрэсіі неаднаразова рашуча асуджаліся Эўразьвязам, як і маштабныя парушэньні правоў чалавека, якія працягваюцца з моманту прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні мінулага году, — сказаў Бурэль. — Апошнія падзеі са згонам цывільнага самалёта, які накіроўваўся паміж дзьвюма сталіцамі краін ЭЗ, і прымуc яго да пасадкі ў Менску з выкарыстаньнем вайсковага зьнішчальніка сталі перасячэньнем „чырвонай рысы“. Гэта было ня толькі пагарджаньне бясьпекай больш як 100 пасажыраў, але і выклік міжнародным правілам, якія рэгулююць авіязносіны».
Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі асудзіў арышт журналіста і блогера Рамана Пратасевіча і яго сяброўкі Сафіі Сапегі, які адбыўся пасьля пасадкі самалёта.
«Вымушаныя паказаньні ў эфіры дзяржаўнага тэлебачаньня — яшчэ адзін прыклад жахлівага парушэньня базавых правоў чалавека, у якіх вінаваты рэжым Лукашэнкі, — адзначыў Бурэль. — Было жудасна бачыць, як затрыманы плача і робіць прызнаньні перад камэрамі дзяржаўнага тэлебачаньня, нібы ён вінаваты ў мностве злачынстваў супраць Беларусі. Паверце мне, гэта былі жудасныя кадры».
Ён нагадаў эўрадэпутатам, што на наступны дзень пасьля інцыдэнту з самалётам Эўрапейская Рада ўнесла пытаньне Беларусі ў парадак дня свайго пасяджэньня і затым прыняла шэраг рашэньняў па гэтым пытаньні.
«Эўрапейская Рада заклікала да дадатковых санкцыяў, — адзначыў кіраўнік дыпляматычнай службы ЭЗ. — І ўпершыню мы вырашылі выкарыстоўваць адрасныя эканамічныя санкцыі. Да гэтага моманту нашы санкцыі ўжываліся пэрсанальна, закранаючы фізычных і юрыдычных асобаў, але ня ўсю эканоміку краіны. Гэтым разам Эўрапейская Рада зрабіла запыт на ўжываньне адрасных эканамічных санкцыяў. Эўрапейская Рада таксама палічыла, што ўсе авіякампаніі, якія базуюцца ў ЭЗ, павінны пазьбягаць беларускай паветранай прасторы, а таксама заклікаў да прыняцьця неабходных мераў, каб забараніць палёты ў эўрапейскай паветранай прасторы для беларускіх авіякампаній».
Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі падкрэсьліў, што забарона на палёты беларускіх авіякампаній у Эўразьвяз і эўрапейскіх кампаній у Беларусь была ўхваленая Радай ЭЗ на мінулым тыдні.
Паводле яго, завяршаецца праца над санкцыямі ў дачыненьні да фізычных і юрыдычных асобаў, якія маюць дачыненьне да інцыдэнту з самалётам Ryanair. Іх сьпіс будзе ўхвалены ў бліжэйшыя дні.
Бурэль адзначыў, што Эўрапейская служба зьнешніх дзеяньняў, якою ён кіруе, супольна з Эўракамісіяй вядзе працу па падрыхтоўцы адрасных эканамічных санкцыяў у дачыненьні да Беларусі. «Я спадзяюся, што яны будуць ухваленыя падчас наступнага пасяджэньня Рады міністраў замежных справаў ЭЗ. Санкцыі будуць закранаць крытычныя галіны беларускай эканомікі, — сказаў ён. — Але фінальнае рашэньне будуць прымаць дзяржавы-ўдзельніцы. Я спадзяюся, што яны будуць адзіныя ў гэтым рашэньні».
Жузэп Бурэль таксама заклікаў не забываць, што цяпер у Беларусі «налічваецца ня менш як 450 палітвязьняў, у тым ліку журналістаў, якія былі затрыманыя проста за выкананьне імі сваёй працы, а таксама прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і звычайных грамадзянаў, якія пратэставалі супраць парушэньня рэжымам іх правоў і свабодаў».
Ён падкрэсьліў, што Эўразьвяз працягне аказваць падтрымку ўсім пацярпелым ад рэпрэсій, а таксама будзе працаваць над тым, каб прыцягнуць вінаватых у рэпрэсіях да адказнасьці.