Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
«Лідэры абмеркавалі стратэгічнае партнэрства ў падтрымку пляну прэзыдэнта Зяленскага па барацьбе з карупцыяй і рэалізацыі праграмы рэформаў, заснаванай на нашых агульных дэмакратычных каштоўнасьцях і эўраатлянтычных памкненьнях Украіны, якія забясьпечваюць справядлівасьць, бясьпеку і росквіт народу Ўкраіны», — гаворыцца ў заяве прэсавай сакратаркі Белага дому Джэн Сакі.
«Прэзыдэнт Байдэн пацьвердзіў непахісную прыхільнасьць ЗША сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны перад тварам расейскай агрэсіі, якая працягваецца на Данбасе і ў Крыме, — адзначыла Сакі. — Прэзыдэнт Байдэн запрасіў прэзыдэнта Зяленскага наведаць Вашынгтон гэтым летам».
Як расказаў журналістам дарадца па нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван, Байдэн запэўніў Зяленскага, што «будзе рашуча адстойваць сувэрэнітэт Украіны» і «зь нецярпеньнем чакае магчымасьці прыняць яго ў Белым доме гэтым летам».
Запрашэньне стала праявай падтрымкі Ўкраіны напярэдадні саміту Байдэна з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, які адбудзецца ў Жэнэве на наступным тыдні.
Зяленскі заявіў, што прыняў запрашэньне наведаць Вашынгтон у ліпені.
Паводле яго, у тэлефоннай размове Байдэн пацьвердзіў, што ЗША «непахісна падтрымліваюць» Украіну і выступаюць за наданьне ёй магчымасьці ўступіць у NATO.
Зяленскі таксама «выказаў удзячнасьць за рашэньне ЗША даць Украіне 900 тысячаў дозаў вакцыны супраць Covid-19», гаворыцца ў заяве ўкраінскага прэзыдэнта.
Адміністрацыя Байдэна рашуча падтрымала Кіеў на фоне нядаўняй канцэнтрацыі расейскіх войскаў уздоўж усходняй мяжы Ўкраіны і ў Крыме, які сем гадоў таму быў анэксаваны Масквой.
Масква настойвала, што яе дзеяньні не ўяўляюць пагрозы для суседняй краіны, і пасьля адвяла ад мяжы частку войскаў.
У сакавіку адміністрацыя Байдэна ўхваліла вайсковую дапамогу Ўкраіне памерам 125 мільёнаў даляраў. Вылучэньне яшчэ 150 мільёнаў даляраў адкладзенае да тых часоў, пакуль Кіеў не прадэманструе прагрэс у вайсковых рэформах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі просіць Байдэна аб неадкладнай сустрэчы да саміту ЗША і РасеіАднак Украіна выказвае занепакоенасьць з нагоды рашэньня Вашынгтону адмяніць частку санкцыяў супраць праекту «Паўночны паток — 2».
«Паўночны паток — 2» не зьяўляецца эканамічным праектам. Ён уяўляе сур’ёзную пагрозу і праблему ў сфэры бясьпекі, — гаворыцца ў заяве Зяленскага.
- Байдэн можа сутыкнуцца з крытыкай з нагоды сустрэчы зь Зяленскім у сувязі з роляй Украіны ў леташняй перадвыбарчай кампаніі.
- Супраць тагачаснага прэзыдэнта Дональда Трампа распачалі працэдуру імпічмэнту пасьля таго, як ён выкарыстаў вайсковую дапамогу ў якасьці рычага ціску на Зяленскага, каб атрымаць палітычны кампрамат на Байдэна, які некалькі гадоў таму вёў справы з гэтай краінай, калі займаў пасаду віцэ-прэзыдэнта.
- Рэспубліканцы па-ранейшаму сьцьвярджаюць, што Байдэн абараняе сябе і свайго сына Гантэра дзеля ценявых дзелавых угодаў з украінцамі, у якіх яны нібыта замяшаныя.
- Калі Байдэн быў віцэ-прэзыдэнтам, яго сын уваходзіў у раду дырэктараў адной з найбуйнейшых энэргетычных кампаній Украіны, якая, як мяркуецца, хацела выкарыстаць яго палітычныя сувязі.