Гэтую інфармацыю пацьвердзілі Свабодзе некалькі вартых даверу крыніц. Пазьней Рашэньне сыноду БПЦ зацьвердзіў кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы патрыярх Кірыл.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Патрыярх Кірыл звольніў Горадзенскага архіяпіскапа Арцемія, які асудзіў гвалт і падтрымаў пратэстоўцаўЧым вядомы архіяпіскап Арцемій, які ўзначальвае горадзенскую япархію амаль з таго самага часу, як Аляксандра Лукашэнку выбралі на пасаду кіраўніка дзяржавы?
Вучыўся ў Ленінградзе, служыў у Карэліі, абараніў доктарскую ступень у Варшаве
Архіяпіскапу Арцемію (Кішчанку) 69 гадоў. Ён архіяпіскап Горадзенскі і Ваўкавыскі, доктар тэалёгіі.
Нарадзіўся ў Менску. Тры курсы адвучыўся ў сельскагаспадарчым інстытуце, адслужыў два гады ў арміі. Быў паслушнікам у Пскоўска-Пячорскай лаўры. Вучыўся ў Ленінградзкай духоўнай сэмінарыі. Сьвятаром стаў 39 гадоў таму. Служыў у Карэліі. У 1982 годзе вярнуўся ў Беларусь.
На пасаду япіскапа Горадзенскага і Ваўкавыскага яго выбралі амаль 26 гадоў таму, у канцы 1995 году. Пазьней ён вучыўся ў Варшаўскай тэалягічнай акадэміі, там жа абараніў магістарскую і доктарскую дысэртацыі, апошнюю — на тэму гісторыі праваслаўя ў горадзенскім рэгіёне ў міжваенны пэрыяд. У 2012 годзе атрымаў сан архіяпіскапа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліт Веньямін забараніў выконваць гімн «Магутны Божа», бо ён «падзяляе грамадзтва»Асудзіў гвалт і фальсыфікацыі
Пасьля масавых жнівеньскіх пратэстаў 2020 году архіяпіскап Арцемій ня раз выказваўся ў падтрымку пратэстоўцаў, супраць гвалту і фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня. Ён адзіны зь беларускіх праваслаўных герархаў, хто заняў такую пазыцыю.
Сталі вядомымі шэраг ягоных пропаведзяў, якія выкладалі ў сеціва.
14 жніўня архіяпіскап Арцемій асудзіў гвалт супраць мірных дэманстрантаў і падтрымаў жанчын, якія выйшлі на пратэст з кветкамі. Сказаў, што верыць у здольнасьць любові і міру «вярнуць праўду ў нашы душы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Архіяпіскап Горадзенскі Арцемій: «Царква не павінна быць абыякавай... Маўчаньнем прадаецца Бог». ВІДЭА«Кроў ахвяраў і цяжкія пакуты людзей у гэтыя дні — на сумленьні тых, хто сьвядома сам забіваў альбо прымушаў іншых забіваць праўду», — казаў праваслаўны герарх.
«Царква не павінна быць абыякавай... Маўчаньнем прадаецца Бог», — адзначыў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Архіяпіскап горадзенскі — настаўнікам: «Вам на каленях трэба стаяць за ўсе фальсыфікацыі, за тую хлусьню, якую вы пхалі нашым дзецям»Праз тыдзень пасьля выбараў ён на сьвяточнай пропаведзі ў саборы зноў асудзіў гвалт.
«Мы кажам, што чыніцца беззаконьне! Нашы людзі зьвярэюць! І драпежаць сваіх жа братоў! Да нас, сьвятароў, прыходзяць і апавядаюць са сьлязьмі на вачах: „Што з маёй дачкой робяць?!“ Да нас прыходзяць і расказваюць пажылыя людзі: „На лавачцы сядзелі, а іх пабілі, зьняважылі“», — казаў галава Горадзенскай япархіі Праваслаўнай царквы.
Таксама ён зьвярнуўся да настаўнікаў і заклікаў іх пакаяцца ў фальсыфікацыях.
«Той, хто старэйшае пакаленьне, якое бурчыць, настаўнікі: „Мы там палітыку ўбачылі“ — вам на каленях трэба стаяць, за ўсе фальсыфікацыі, за тую хлусьню, якую вы пхалі нашым дзецям! За гэты БРСМ, за камсамол, за ўсё тое, што было... атэістычнае. Вось вынік вашага выхаваньня! Цяпер вашы выхаванцы з ланцуга сарваліся! Яны прагнуць крыві. Яны шалёныя», — казаў архіяпіскап Арцемій у горадзенскім саборы 16 жніўня 2020 году.
Арцемія хацелі зьняць у верасьні, а Царкве вынесьлі папярэджаньне
БПЦ адмежавалася ад заяваў Арцемія і назвала іх выказваньнем асабістай грамадзянскай пазыцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БПЦ адмежавалася ад словаў горадзенскага архіяпіскапа пра беззаконьне ў БеларусіПасьля гэтага пачалі зьбіраць подпісы за адкліканьне Арцемія зь япіскапскай катэдры. Спачатку меркавалі, што ініцыятаркай збору стала ігуменьня жаночага манастыра ў Горадні Гаўрыіла Глухава, аднак пазьней адказнасьць за збор подпісаў узяла на сябе Натальля Яцэвіч.
Аднак кіраўнік БПЦ мітрапаліт Веньямін заклікаў спыніць збор подпісаў.
«Ніякіх подпісаў не зьбіраць ні ў які бок! (...) Ніякіх подпісаў, ніякіх проціпастаўленьняў! Толькі разам — у міры», — сказаў кіраўнік БПЦ па-беларуску падчас размовы ў Горадні.
Сёлета ў студзені Ўпаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў вынес Беларускай праваслаўнай царкве папярэджаньне. У ім гаварылася, што царква абавязаная прытрымлівацца Канстытуцыі і закону «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях». Калі парушэньне паўторыцца цягам году, суд можа пазбавіць Беларускую праваслаўную царкву юрыдычнага статусу і забараніць яе дзейнасьць у Беларусі.
У артыкуле 16 Канстытуцыі забараняецца дзейнасьць рэлігійных арганізацый, скіраваная супраць сувэрэнітэту Беларусі і канстытуцыйнага ладу. А ў артыкуле 8 закону «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях» гаворыцца, што царква ня ўдзельнічае ў дзейнасьці палітычных партыяў, а ў месцах набажэнстваў не дапускаюцца мітынгі і агітацыя.
За што менавіта вынесьлі папярэджаньне, невядома.
Герарх і раней выказваўся супраць прыстасавальніцтва і ладзіў малітву на ўгодкі абвяшчэньня БНР
У 2019 годзе з дабраслаўленьня архіяпіскапа Арцемія ў Калоскай царкве ўрачыста маліліся за Беларусь і беларускі народ у #БНР-101.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На #БНР101 у горадзенскай Калоскай царкве памоляцца за БеларусьУ 2012 годзе ў інтэрвію архіяпіскап успомніў, што ў савецкі час вернікі займаліся прыстасавальніцтвам, але пакутніцтва не прымае кампрамісаў і саступак.
«Толькі суцэльная аддача сябе Праўдзе Божай. Толькі так можна застацца хрысьціянінам, калі ты не мімікруеш пад пераменлівую каньюнктуру... На крыві пакутнікаў стаіць Царква, а не на прыстасавальніцтве», — казаў ён.
У 2014 годзе ў інтэрвію ён казаў, што таго, хто жыве па-хрысьціянску, будуць перасьледаваць.
«Калі чалавек жыве па-хрысьціянску, хай не хвалюецца, перасьлед яго не пакіне», — казаў уладыка.
Паводле Статуту РПЦ, беларускія архіярэі падаюць на імя Патрыярха Маскоўскага і Ўсяе Русі прашэньне аб адстаўцы ў 75 гадоў.