«Страчваем 2 мільёны эўра штомесяц». Статус «замежнага агента» вядзе да закрыцьця незалежнага мэдыяпраекту «Медуза»

Галіна Цімчанка

Генэральны дырэктар мэдыяпраекту Meduza Галіна Цімчанка заявіла пра страты ў 2 мільёны эўра штомесяц і немагчымасьць выкананьня журналісцкіх абавязкаў з прычыны пагрозаў.

«Статус „замежнага агента“ — гэта толькі верхняя частка айсбэрга», — сказала Галіна Цімчанка, генэральны дырэктар медыяпраекту Meduza. «У мінулым месяцы Meduza страціла больш за 2 мільёны эўра даходаў, таму што 23 красавіка Міністэрства юстыцыі Расеі дадало нас у сьпіс «замежных агентаў» — цытуе «Голас Амэрыкі» заяву Цімчанкі падчас віртуальнай сустрэчы ў Інстытуце Кэнана.

«Праект будзе закрыты, бізнэс-мадэль абрынулася, — растлумачыла Цімчанка. — Але нават у самым пачатку, калі мы толькі запускалі наш СМІ, у 2014 годзе мы былі да гэтага гатовыя. І справа ня толькі ў фінансаваньні. Самае балючае, што нас сталі пазьбягаць ня толькі рэклямадаўцы, але і ньюсмэйкеры: людзі баяцца з намі размаўляць. Атрымаць камэнтар ад расейскіх праваахоўных органаў стала немагчыма: ім забаранілі мець зносіны з „замежнымі агентамі“, што супярэчыць праву журналіста на атрыманьне інфармацыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Расеі адмовіўся прызнаць незаконным уключэньне пскоўскай журналісткі ў рэестр замежных агентаў

«Паводле нашых ацэнак, за апошнія гады Дзяржаўная Дума РФ прыняла больш за 80 законаў і іншых дакумэнтаў, якія абмяжоўваюць свабоду слова. І паведамленьне аб статусе „замежнага агента“, якое мы цяпер абавязаны разьмяшчаць перад кожным нашым матэрыялам — гэта яшчэ ня ўсё. Галоўнае — гэта рызыкі для нашых журналістаў. Цяпер усе яны мусяць таксама асабіста прызнаць сябе «замежнымі агентамі» і падаваць справаздачы ў Мінюст Расеі. А гэта 84 старонкі ў месяц: вы літаральна абавязаныя паведамляць пра тое, якую гарбату п’яце на працы, пералічваючы, куды ідзе кожны рубель. І нават калі журналіст пойдзе ў адстаўку, яму назаўжды застанецца чорны знак: яго будуць зваць «былым замежным агентам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: РСЭ/РС патрабуе адмены загаду «Роскомнадзора» наконт СМІ — «замежных агентаў»

«За месяц мы страцілі восем журналістаў. Двух (зь Беларусі і Расеі) прыйшлося эвакуаваць наогул: з прычыны асабістых пагрозаў у іх адрас, у тым ліку з боку „пуцінскага кухара“ Яўгена Прыгожына, вядомага сваёй „фабрыкай троляў“. Ён літаральна сказаў нашаму журналісту: „У савецкі час былі ворагі народу. Іх расстрэльвалі. Вы належыце да той жа катэгорыі“».

«Нядаўна, — расказвае Галіна Цімчанка, — я сустракалася з прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў Латвіі і шэрагу іншых эўрапейскіх краінаў. Абмеркавалі магчымасьць экстранай эвакуацыі журналістаў у выпадку пагрозы іх жыцьцю, здароўю і свабодзе».

Гаспадар сустрэчы Мэцью Ражанскі, дырэктар Інстытуту Кенана пры Цэнтры Вільсана, спытаў, ці выкліканы напад Крамля на Meduza парлямэнцкімі выбарамі ў Расеі і ці можна чакаць зьмякчэньня сытуацыі пасьля іх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі сайт навінаў NEWSru.com абвясьціў пра сваё закрыцьцё

«У гэтым сэнсе я пэсіміст, — кажа Цімчанка. — Новы Бэрлінскі мур амаль завершаны, і дзьверы зачыняюцца на вачах. У Пуціна занадта шмат спосабаў зьнішчыць нас. На жаль, беларускі досьвед таксама паказаў яму, што для рэжыму эфэктыўныя самыя жорсткія дзеяньні. Мы, мабыць, самы папулярны незалежны моладзевы СМІ. 53% нашай аўдыторыі — людзі ад 18 да 35 гадоў. 70% маладзейшыя за 40 гадоў. І большасьць зь іх жыве ў вялікіх гарадах. Гэта самая адчувальная катэгорыя для Крамля, як паказала масавая падтрымка Аляксея Навальнага. Ёсьць шмат спосабаў правесьці фальшывыя выбары, таму пасьля іх лягчэй не будзе: гэты цягнік ідзе ў адным кірунку».

«Тым ня менш леташняя кампанія ў падтрымку нашага журналіста Івана Галунова, якому карумпаваныя расейскія праваахоўнікі спрабавалі падкласьці наркотыкі, каб перашкодзіць ягонай журналісцкай дзейнасьці, усяляе некаторую надзею. — адзначыла Цімчанка. — І, калі за апошні месяц 85 тысяч расейцаў падтрымалі нас ня толькі вусна, але і матэрыяльна, даслаўшы ахвяраваньні, — гэта сьведчыць пра любоў аўдыторыі. Нам патрэбен час, каб перабудавацца. Але мы абяцаем, што працягнем працаваць, калі вы, чытачы, падтрымайце нас».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Радыё Свабода накіравала пазоў супраць Расеі ў Эўрапейскі суд у правах чалавека