Пра Віктара Бугаёва сьцісла
- Біялягічных бацькоў ня знае. Двухгадовым яго ўсынавілі.
- Жанаты. З жонкай Натальляй Стрэльчанкай разам 20 гадоў. У іх двое сыноў. Адзін вучыцца ва ўнівэрсытэце, другі скончыў дзевяць клясаў.
- Быў асуджаны на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Інкрымінавалі прымус у сплаце доўгу, ужываньне гвалту і заведама непраўдзівы данос. Справу лічыць сфабрыкаванай.
- У 2013-м зарэгістраваў сялянска-фэрмэрскую гаспадарку «Віктор-прадукт». Разводзілі свойскую птушку і жывёл. Займаліся пчалярствам.
- Сябра незарэгістраванай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада». Да 2019 году быў актывістам Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
- У 2017 годзе зьехаў зь Беларусі. Тры з паловай гады правёў у Швэцыі. Цяпер у Польшчы.
- У Швэцыі пачаў весьці ў сацыяльных сетках блогі пра беларускае жыцьцё: «Усё аб Дуброўна», «Хватит врать» і «Народный приговор».
Пра жыцьцё сіраты, сустрэчу з Лукашэнкам, 6 гадоў у калёніі
Віктар Бугаёў кажа, што ў дзяцінстве яго цкавалі, бо атачэньне ўспрымала сіроцтва як загану. Такое стаўленьне адбілася на характары. Віктар востра рэагуе на несправядлівасьць і варожасьць да сябе.
Кажа, што палітыкай пачаў цікавіцца з 15 гадоў. У 16 пабываў на сустрэчы з вылучэнцам у прэзыдэнты Аляксандрам Лукашэнкам, які ў 1994 годзе прыяжджаў у Дуброўна агітаваць за сябе.
Перадвыбарчы выступ палітыка хлопцу не спадабаўся. За Лукашэнку ніколі не галасаваў. Той, на погляд Віктара, прагне панаваць над усім, над чым толькі можа.
На пачатку 2000-х, кажа Бугаёў, у дубровенскім аддзеле міліцыі яго пабілі: траўмавалі пазваночнік, грудзіну, ныркі. Сам лічыць, што прычынаю стала яго заява аб вымаганьні мясцовымі міліцыянтамі хабару з дальнабойнікаў, сьведкам чаму неаднойчы бываў. Па факце пабіцьця двойчы распачыналі крымінальную справу, але вінаватых так і не пакаралі.
У 2008-м Бугаёва абвінавацілі ва ўчыненьні злачынства. Па ягоных словах, яму інкрымінавалі прымус у сплаце доўгу, ужываньне гвалту і заведама непраўдзівы данос. Пацярпелым прызналі былога супрацоўніка міліцыі, якому пагражала прымусовае лячэньне за злоўжываньне алькаголем.
Сваю невінаватасьць актывіст даказаць ня змог і быў асуджаны на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Пазьней, кажа, пацярпелы прызнаўся, што агаварыў яго пад ціскам былых калегаў. Тыя словы ўдалося задакумэнтаваць, але яны нічога не зьмянілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я перад бандытамі не ўстаю». Як у Берасьці судзяць актывістку Паліну Шарэнду-ПанасюкПа вызваленьні Бугаёў скардзіўся ў розныя дзяржаўныя інстанцыі, але нажыў сабе толькі новыя непрыемнасьці. Яму пагражалі, у дом нават урываліся ўзброеныя людзі.
«Пасьля канфліктаў зь міліцыяй я стаў аб’ектам няспыннага перасьледу», — адзначае актывіст.
На ягоную думку, «рэпрэсіўная машына бязь літасьці распраўляецца з тымі, хто паўстае супраць яе». Найгорш з гэтым у глыбінцы, дзе меней кантролю і людзі менш абароненыя, кажа суразмоўца.
Пра загадкавую сьмерць кандыдата ў дэпутаты, рашэньне пакінуць радзіму
Падчас перадвыбарчай кампаніі 2015 году Віктар Бугаёў уступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю і стаў даверанай асобай Анатоля Лябедзькі. Па словах актывіста, ён першым у Дуброўне арганізаваў агітацыйны пікет апазыцыйнага палітыка.
Пасьля пікету і рэпартажаў пра мясцовае жыцьцё, кажа Віктар, Дуброўна актыўна ўзяліся парадкаваць. У райцэнтры зладзілі «Дажынкі», да якіх шмат чаго адрамантавалі.
Што значыць быць апазыцыянэрам у невялікім горадзе, Бугаёў адчуў у 2016-м — пасьля загадкавай сьмерці вылучэнца ў Палату прадстаўнікоў Аляксандра Турка, у якога быў даверанай асобай. Цела Турка з праламаным чэрапам знайшлі на закінутай фэрме. Пазьней актывіст даведаўся, што сьледзтва ня выявіла ў сьмерці прэтэндэнта на дэпутацтва крыміналу. Паводле расьсьледаваньня, ён упаў і ўдарыўся патыліцай.
Бугаёў у высновы сьледчых не паверыў і доўга асьцерагаўся выходзіць на вуліцу адзін, бо не выключаў, што зь ім можа здарыцца тое самае, што і з Турком.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога міліцыянта Кулакоўскага з «сутак» адправілі адразу на «хімію»Тым часам, кажа Віктар, райвыканкам абмежаваў для ягонай гаспадаркі разьвядзеньне свойскай птушкі, і займацца ёю стала нявыгадна. Унесьлі зьмены і ў аплату арэнды памяшканьняў. Так сямейны бізнэс збанкрутаваў.
Бугаёў сьцьвярджае: пасьля таго як на сайце АГП апублікавалі фільм пра злоўжываньні мясцовых чыноўнікаў і сілавікоў, зьняты з удзелам палітыка Анатоля Лябедзькі, адзін з службоўцаў абвінаваціў яго ў паклёпе. У той час ён быў адным з заяўнікаў пратэставых акцыяў супраць «дэкрэту аб дармаедах». Калі Бугаёў ехаў на такую акцыю ў суседнюю Воршу, яго затрымалі. Правёўшы ў аддзеле міліцыі сем гадзін, Віктар зразумеў: калі ня зьедзе зь Беларусі, то апынецца за кратамі.
Пра тры з паловай гады «пекла», пагрозу дэпартацыі
Пакідаючы Беларусь, працягвае Віктар Бугаёў, ён меў надзею, што Швэцыя стане яму другім домам. Тры з паловай гады, праведзеныя ў гэтай краіне, цяпер называе «пеклам».
У Швэцыі Бугаёў хацеў атрымаць палітычны прытулак. Кажа, што перадаў мясцовым уладам зьвесткі пра перасьлед на радзіме ды небясьпеку зьняволеньня. Спачатку яму выдалі дакумэнт, які дазваляў жыць у краіне, выдзелілі месячную матэрыяльную дапамогу і жытло. Аднак міграцыйныя ўлады не далі веры, што беларускі актывіст — ахвяра рэпрэсіяў, і пастанавілі яго дэпартаваць. Скасаваньня такога рашэньня Бугаёў дамагаўся праз суды. Яму дапамагалі беларускія і швэдзкія праваабаронцы. Быў зварот спэцдакладчыка ААН, каб пастанову аб дэпартацыі прыпынілі.
У судах Бугаёў даведаўся, што ягоныя дакумэнты аб перасьледзе не разглядаліся. Іх арыгіналы абяцалі аддаць, як пасадзяць у самалёт, выпраўляючы на радзіму. Дзе яны цяпер, ён ня ведае.
Віктар Бугаёў мяркуе: на пазыцыю міграцыйных уладаў паўплывала тое, што ў Беларусі тады не было масавых рэпрэсіяў. Па словах актывіста, судзьдзі акцэнтавалі ўвагу на тым, што партыя, сябрам якой ён быў, мае афіцыйную рэгістрацыю і нават — у той час — свайго дэпутата ў парлямэнце (Ганну Канапацкую. — РС).
«У маёй гісторыі было задзейнічана шмат палітыкаў, праваабаронцаў, дзяржаўных службоўцаў, і калі б мяне дэпартавалі на радзіму, я стаў бы падарункам для прапаганды. Мяне чакала б турма і катаваньні. Я б сутыкнуўся з тым, што перажывае цяпер Раман Пратасевіч», — кажа ён.
Па словах Бугаёва, выехаць са Швэцыі яму «дапамаглі неабыякавыя людзі». Тады ён жыў ужо на вуліцы — стаў нелегалам, калі ў яго адклікалі дакумэнт на права знаходзіцца ў краіне.
Пра распродаж гаспадаркі і перасьлед жонкі
Пакуль Віктар Бугаёў шукаў паратунку ў Швэцыі, ягоная сям’я выжывала, распрадаючы маёмасьць ліквідаванай жонкай фэрмэрскай гаспадаркі. Натальля мусіла збыць і сямейны аўтамабіль. Суразмоўца кажа, што дапамагаў родным грашыма, калі знаходзіў часовую працу на чужыне.
Па ягоных словах, жонка да знаёмства зь ім была далёкая ад палітыкі. Празь ягоны характар і канфлікты з уладай перажыла шмат непрыемнасьцяў, але гаворкі пра развод не было. У 2016 годзе яна сама ўступіла ў АГП і была партыйнай актывісткай тры гады.
Віктар Бугаёў кажа, што па ягоным ад’езьдзе жонку пачалі перасьледаваць: выклікалі ў міліцыю, абшуквалі дом. Натальлі нават удалося ў жывым эфіры расказаць, як яе везьлі ў міліцыю. Той рэпартаж, на думку актывіста, уратаваў яе ад працяглага зьняволеньня.
Па вызваленьні Натальля расказала яму, што ў аддзеле зь яе зьдзекаваліся. Прымусілі разьдзецца дагала, здымалі гутарку на відэа. Дзень трымалі ў камэры. Міліцыянты казалі жанчыне, што сама вінаватая, бо ведала, якога мужа выбірала.
Цяпер, працягвае Віктар, жонку ня хочуць браць на працу.
«Калі б перастаў пісаць у сацыяльных сетках пра рэаліі беларускага жыцьця, то, можа, вакол сям’і стала б цішэй», — мяркуе актывіст.
Віктар Бугаёў адзначае: жонка сышла з АГП, бо «страціла давер да кіраўніцтва раённай партыйнай арганізацыі». Як і ён, далучылася да партыі Мікалая Статкевіча, бо лічыць, што «зьняволены цяпер палітык заўжды народу кажа праўду».
Пра жыцьцё ў Польшчы і вяртаньне на радзіму
На жыцьцё ў Польшчы Віктар Бугаёў не наракае. Ужо мае дазвол на працаўладкаваньне і шукае працу кіроўцы.
«Суайчыньнікам, якія плянуюць эміграцыю празь перасьлед, лепей выбірацца ў суседнія краіны, — раіць ён. — Там разумеюць беларускую бяду, бо самі перажылі падобнае ў сваёй гісторыі».
Віктар Бугаёў кажа, што будучыня застаецца няпэўнай, і ўзьяднацца зь сям’ёю бліжэйшым часам ня ўдасца. Жыцьцё ў эміграцыі, кажа мужчына, стала для яго «катаваньнем»: нельга зьмірыцца, што сыны растуць безь яго. Вярнуцца ж на радзіму ня можа празь небясьпеку арышту. Калі б такой пагрозы не было, то, кажа, «пайшоў бы пешшу».
«У мяне было нармальнае жыцьцё, — кажа ён. — Быў свой бізнэс, зь якога жыла сям’я. Цяпер я ня ведаю, што мяне чакае».
«Пакуль ён пры ўладзе, пераменаў ня будзе», — кажа актывіст пра пэрспэктывы Беларусі пад уладай Аляксандра Лукашэнкі.