Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога міліцыянта Кулакоўскага з «сутак» адправілі адразу на «хімію»


Дзьмітры Кулакоўскі
Дзьмітры Кулакоўскі

Міліцыянту, які спыніў працу ў органах пасьля сфальшаваных выбараў, далі 2 гады абмежаваньня волі ў памяшканьні адкрытага тыпу.

Экс-міліцыянта Дзьмітрыя Кулакоўскага адправілі адбываць пакараньне на «хімію» проста з «сутак», якія ён адбыў. Цяпер Кулакоўскі зноў лічыцца палітвязьнем, піша «Вясна». Агулам у Беларусі па стане на 7 чэрвеня 471 палітычны зьняволены.

Кулакоўскага абвінавацілі ў «публічнай абразе службовай асобы ў сувязі з выкананьнем ёй службовых абавязкаў» і прызначылі 2 гады «хіміі» паводле артыкулу 369 Крымінальнага кодэксу. Хаця яшчэ 20 траўня былога міліцыянта затрымалі ў адміністрацыйнай справе нібыта за непадпарадкаваньне паводле арт. 24.3 КаАП і арыштавалі на 15 сутак.

У апошні дзень 15-дзённага арышту, 4 чэрвеня, Дзьмітрыя Кулакоўскага этапавалі ў папраўчую ўстанову № 7. Цяпер ён знаходзіцца на «хіміі» ў Купліне Пружанскага раёну.

Дзьмітры Кулакоўскі служыў у міліцыі з 2006 году, узначальваў крымінальны вышук Заводзкага РУУС Менску. Мае прафэсійныя ўзнагароды і падзякі. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў заявіў, што ня згодны зь дзеяньнямі ўлады, і звольніўся. Першы раз яго затрымалі за «непадпарадкаваньне» і прысудзілі 12 дзён арышту паводле арт. 23.4 КаАП. На знак пратэсту ён праглынуў некалькі мэталічных прадметаў. Затым на яго склалі новы пратакол і далі ўжо 15 сутак.

4 сьнежня Дзьмітры Кулакоўскі спрабаваў пакінуць Беларусь, але яго затрымалі на мяжы і даставілі ў менскі ізалятар. Затым у якасьці падазраванага яго перавялі ў СІЗА Жодзіна і абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 КК.

22 студзеня былога міліцыянта асудзілі на 2 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову. Вызвалілі ў залі суду да апэляцыі.

Указам Лукашэнкі, разам больш як з 80 іншымі сілавікамі, яго разжалавалі і пазбавілі афіцэрскіх прывілеяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG