Абарона Калесьнікавай абскардзіла яе абвінавачваньне. Што ў ім ня так?

Марыя Калесьнікава, архіўнае фота

Адвакаты Марыі Калесьнікавай падчас знаёмства з матэрыяламі крымінальнай справы падалі скаргу ў Сьледчы камітэт на пастанову аб прыцягненьні яе ў якасьці абвінавачанай. У чым сутнасьць скаргі?

Як адзначае тэлеграм-канал штабу арыштаванага прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, пастанова не адпавядае патрабаваньням Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, выкладзеным у п.2 ч.1 арт.241 і арт.89.

Абвінавачваньне не канкрэтнае, не зьмяшчае неабходных, прадугледжаных законам, зьвестак, што не дазваляе Марыі Калесьнікавай ажыцьцяўляць сваю абарону.

Што адкажа Сьледчы камітэт, стане вядома цягам 10 дзён, такі тэрмін адводзіцца на разгляд скаргі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калесьнікаву здымала група дзяржаўнага тэлебачаньня. Бязь яе згоды

Марыю Калесьнікаву схапілі летась 7 верасьня ў цэнтры Менску. На наступны дзень стала вядома, што яе і двух прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады, Антона Раднянкова і Івана Краўцова, гвалтоўна вывезьлі ва Ўкраіну.

Аднак Калесьнікаву выправадзіць зь Беларусі не ўдалося — на мяжы яна парвала свой пашпарт. Тады ёй выставілі абвінавачаньне «ў закліках да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаньнем СМІ і сеткі інтэрнэт».

У канцы сьнежня Генэральная пракуратура завяла супраць шэрагу сяброў Каардынацыйнай рады крымінальныя справы «па фактах стварэньня экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньня ім з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўскай, Вераніцы Цапкала і прадстаўніцы Марыі Калесьнікавай уручылі нямецкую прэмію

Сёлета ў лютым Марыю Калесьнікаву і аднаго зь яе адвакатаў Максіма Знака абвінавацілі ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» (ч. 1 арт. 357) і ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньні ім» (ч. 1 арт. 361-1).

Марыя Калесьнікава знаходзіцца ў менскім СІЗА №1, на вуліцы Валадарскага, 2, паштовы індэкс 220030.