Барацьба зь нядобрасумленнымі пастаўшчыкамі сэканд-хэнду ў Беларусь павінна пачынацца ўжо на мытні, лічыць старшыня канцэрну «Беллегпрам» Тацяна Лугіна. Яна нагадала, што ўрад раней ужо прымаў рашэньне, згодна зь якім у крамах сэканд-хэнду забаронены продаж новага стокавага адзеньня, чыноўніцу цытуе БелаПАН.
«Мы бачым, што прырост крамаў мас-маркет і сэканд-хэнду за апошнія гады не на карысьць айчыннай лёгкай прамысловасьці. Зразумела, што мы абараняем нашых вытворцаў ад канкурэнтаў, наколькі нам дазваляе гэта заканадаўства, не забываючы, што мы ўваходзім у ЭАЭС», — адзначыла Лугіна.
Паводле яе словаў, у канцэрна ёсьць інфармацыя, што пад выглядам сэканд-хэнду ў Беларусь завозяць стокавую прадукцыю, а пастаўшчыкі проста зразаюць новыя этыкеткі, прадаючы яе як быццам тую, што ўжо выкарыстоўвалася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беллегпрам» прапанаваў забараніць сэканд-хэндам прадаваць новыя рэчы«Беллегпрам», па словах Лугінай, дамовіўся зь Дзяржстандартам і Міністэрствам антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю, што прыкметай стокавага адзеньня зьяўляецца шэраг памераў і колеравая гама вырабаў: сэканд-хэнд ня можа мець 2–4 памеры і 2–4 колеры адной і той жа мадэлі. Знаходзіць «псэўда-сэканд-хэнд» дапамагаюць абласныя камісіі па выяўленьні нядобрасумленнай і недабраякаснай прадукцыі.
«Галоўнае месца ўваходу — гэта мытня. Гэта будзе галоўным інструмэнтам, што гэта „сэканд“ і „на вагу“, а гэта — стокавае, якое павінна размытоўвацца за адзінку. Мы будзем працаваць з мытняй і думаць, як тут навесьці парадак», — паведаміла Лугіна.
На яе думку, павінны працаваць і мясцовыя органы кіраваньня, каб крамы сэканд-хэнду і мас-маркету ў вялікім аб’ёме не адкрываліся ў цэнтрах гарадоў і іншых населеных пунктаў. Дазваляючы такім крамам масава адкрывацца і працаваць, улады, на думку кіраўніцы «Беллегпраму», забіваюць уласную прамысловасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму эканамічныя санкцыі Вялікабрытаніі супраць афіцыйнага Менску былі б магутным ударамНа яе думку, гранічная колькасьць крамаў сэканд-хэнду і мас-маркету павінна вызначацца старшынёй кожнага райвыканкаму для кожнага асобнага населенага пункту.
Дзяржаўны канцэрн і асабіста Тацяна Лугіна ўжо не ўпершыню спрабуюць строга абмежаваць дзейнасьць крамаў сэканд-хэнду ў краіне. У прыватнасьці, пра мыта на такія тавары і іх блытаніну са стокавымі гаварылася ў траўні 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінус 2 тысячы за 5 гадоў толькі на адным заводзе. Як скарачаецца колькасьць супрацоўнікаў заводаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Са сьпявачкі Агурбаш, якая выказвалася супраць Лукашэнкі і за новыя выбары, хочуць спагнаць грошы за 40 футраў