Пасьля паразаў на хакейным чэмпіянаце Захараў пакінуў пасаду галоўнага трэнэра зборнай Беларусі

Міхаіл Захараў, архіўнае фота

На паседжаньні выканкаму Беларускай фэдэрацыі хакею заслухалі даклад галоўнага трэнэра нацыянальнай зборнай Беларусі Міхаіла Захарава па выніках чэмпіянату сьвету ў Рызе. Спэцыяліст падвёў вынікі мінулага сэзону і падаў прашэньне аб адстаўцы, якое было прынята.

Выступ каманды Беларусі чальцы выканкаму фэдэрацыі прызналі нездавальняючым.

Як нагадвае сайт хакейнай арганізацыі, пад кіраўніцтвам 59-гадовага Міхаіла Захарава каманда заняла перадапошняе 15-е месца, апярэдзіўшы толькі італьянцаў. Беларусы атрымалі адну перамогу ў сямі матчах, абыграўшы Швэцыю (1:0), акрамя таго, здолелі адабраць адно ачко ў Чэхіі, саступіўшы ў авэртайме 2:3.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як можна заўзець за спартсмэна, які згодны з гвалтам?»

Прапіску ў эліце зборная захавала дзякуючы таму, што праз пандэмію не праводзіліся чэмпіянаты сьвету ў ніжэйшых дывізыёнах.

Міхаіл Захарава прызначылі галоўным трэнэрам 20 жніўня 2019 году, на гэтай пасадзе ён зьмяніў Андрэя Сідарэнку.

Пад яго кіраўніцтвам зборная правяла 8 матчаў: 5 перамог і 3 паразы. Беларусы выйгралі Кубак чатырох нацый у Ліепаі і Кубак шасьці нацый у Будапэшце.

Новым трэнэрам, які ўзначаліць зборную Беларусі на пэрыяд падрыхтоўкі і на кваліфікацыю да Алімпійскіх гульняў 2022 году, прызначылі Крэга Вудкрафта, які адначасова ўзначальвае трэнэрскі штаб менскага «Дынама».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэнэ Фазэль надалей шкадуе, што Менск страціў хакейны чэмпіянат з прычыны палітычнага крызісу

Першапачаткова чэмпіянат сьвету – 2021 разам з Рыгай мусіў прыняць і Менск, але праз рэпрэсіі і гвалт першынство ў Беларусі забралі.