Ціханоўская правядзе ў Чэхіі чатыры дні. У панядзелак яна наведае чэскі Сэнат, дзе ў сераду плянуецца яе выступ перад сэнатарамі ў поўным складзе.
Увечары гэтага дня яна возьме ўдзел у дэманстрацыі ў падтрымку Беларусі на Старамескім пляцы, а таксама сустрэнецца з чэскімі беларусамі каля помніка Францішку Скарыну. Радыё Свабода будзе весьці жывую трансьляцыю з гэтых імпрэзаў на YouTube-канале «Свабода Premium».
На аўторак заплянаваная сустрэча з прэм’ер-міністрам Андрэем Бабішам. У 11:30 адбудзецца прыём у прэзыдэнта Чэхіі Мілаша Зэмана.
У аўторак увечары на востраве Кампа ў цэнтры Прагі адбудзецца канцэрт у падтрымку Беларусі, які адкрые Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская выступіць на слуханьнях у камітэце міжнародных адносінаў Сэнату ЗШАПадчас візыту яна плянуе абмеркаваць справу Рамана Пратасевіча, дапамогу беларускім СМІ і праваабаронцам, санкцыі супраць рэжыму, стыпэндыйныя праграмы для студэнтаў, праграмы рэабілітацыі для пацярпелых.
У рамках візыту ў Чэхію заплянаваныя супольныя сустрэчы з амбасадарамі Канады, Мэксыкі, Літвы, ПАР, Эстоніі, ЗША, Румыніі, Партугаліі, Аргентыны, Чылі, Іраку і іншых дзяржаваў, якія падтрымліваюць народ Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам Польшчы і адкрыла помнік салідарнасьці ў ВаршавеНапярэдадні візыту Сьвятлана Ціханоўская сказала:
«Чэхія з самага пачатку актыўна падтрымлівала Беларусь і беларусаў у нашай барацьбе за свабоду. Яна першай прыняла пацярпелых і заступалася за нас на міжнароднай арэне. Беларусы ўсё гэта бачаць і адчуваюць. Я еду ў Прагу, каб выказаць падзяку і знайсьці рашэньні, як Чэхія можа дапамагчы нам, беларусам, спыніць гвалт, вызваліць палітвязьняў і прыйсьці да новых выбараў».
У чацьвер раніцай Сьвятлана Ціханоўская накіруецца ў Нямеччыну.