«Я лічу, што міжнародная супольнасьць недастаткова актыўная і даволі слаба рэагуе на тое, што адбываецца ў Беларусі, і калі яна адмовілася б ад адзінага рычага ціску — санкцыяў, то тады засталося б толькі назіраньне, а гэта несправядліва — і ў маральным і ў палітычным пляне. Санкцыі патрэбныя, каб рэжым даведаўся цану таго, што адбываецца, але трэба накіраваць усе стрэлы ў бок рэжыму — у бок тых, хто яго фінансуе, хто знаходзіцца ў асяродзьдзі... Ціск павінен быць. І не такі, як цяпер, цяпер ён слабы», —сказаў Лінкявічус.
Адказваючы на пытаньне, ці не падштурхне гэта Лукашэнку глыбей у абдымкі Пуціна, Лінкявічус сказаў, што Лукашэнка не такі ўжо і наіўны, ён разумее, што рана ці позна ён Пуціну будзе не патрэбны.
«Лукашэнка ўжо абраў такі шлях, ён не будзе сядзець на плоце і падлашчвацца да абодвух бакоў. Ён абраў адзіны варыянт абароны з боку спонсара, паколькі іншых шляхоў ня бачыць, але калі ён не наіўны, то павінен разумець, што гэтая дапамога не бясконцая, з часам Лукашэнка Пуціну ня будзе патрэбны», — сказаў экс-міністар.
На яго думку, у Лукашэнкі няма іншага выйсьця, як толькі адступіць.
«Лукашэнка ўжо трэба думаць аб адступленьні і, мабыць, найбліжэйшым часам далучыцца да свайго калегі Януковіча, іншага выйсьця ў яго ня будзе. Нам трэба думаць, што значаць перамены. Калі вызваляць палітвязьняў, правядуць новыя выбары, тады мы зможам сябраваць, усё будзе добра, але трэба мець на ўвазе, што так будзе, калі выбары будуць празрыстымі, калі ня прыйдзе нейкая прамаскоўская сіла, іншы лідэр зь іншым прозьвішчам, што ён не будзе такім жа дзіўным, як цяперашні, а краіна пойдзе наперад, тады мэта будзе дасягнутая. Такія варыянты таксама нельга адхіляць», — сказаў экс-міністар.