«Іранічна атрымалася. Раніцай 3 чэрвеня выходзіць выпуск праекту „Рэдакцыя“, які завяршаецца маімі словамі пра тое, што я не адчуваю простай пагрозы і таму не зьяжджаю зь Беларусі, а ўжо вечарам я ў сьпешцы зьбіраю рэчы і выбіраюся з краіны», — напісаў Арцём Шрайбман у «Тэлеграме».
Прычынай сталі словы Рамана Пратасевіча на АНТ пра тое, што Арцём Шрайбман дапамагаў парадамі ў чаце, які можна было назваць каардынацыйным штабам рэвалюцыі — Love Hata.
«Магу толькі здагадвацца, чаму і ці з сваёй волі, але Рома перабольшыў мой удзел у працэсе. Я сапраўды да канца восені 2020 году быў у гэтым чаце, які пачынаўся як простая онлайн-сходка блогераў, але па меры нарастаньня пратэстаў гэтая тэма станавілася ключавой у абмеркаваньнях.
Мой інтарэс быў у тым, каб назіраць ужывую, як камунікуюць тыя, каго да жніўня сталі называць каардынатарамі беларускай рэвалюцыі. Далёка ня ўсе ў чаце падыходзілі пад гэтае апісаньне, дый само абмеркаваньне дэталяў будучых акцый дзеля бясьпекі праходзіла на сазвонах „каардынатараў“. Я з тых самых меркаваньняў бясьпекі ні ў адным з такіх сазвонаў так і не паўдзельнічаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У яго там дзяўчына», — «прызнаньні» Пратасевіча разьбірае былы вязень данецкай турмы, які прайшоў такі самы допыт перад тэлекамэрайШрайбмана паказалі ў сьпісе ўдзельнікаў чату на АНТ яшчэ ў сьнежні, але ён ня зьехаў тады, бо лічыў, што сілавікам яму няма чаго прадʼявіць.
«З майго боку не было ніякага кансультаваньня за межамі нейкага базавага апісаньня майго бачаньня сытуацыі ў краіне, то бок таго, што я і так кажу ў інтэрвію і пішу ў артыкулах».
Але пасьля перадачы з Пратасевічам сытуацыя перайшла ў «зону некамфортнай рызыкі», — напісаў Шрайбман.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці скончылася рэвалюцыя? Гутарка з аналітыкам Арцёмам Шрайбманам«Гэтае пачуцьцё ўзмацнілася, калі ў той самы вечар я ўбачыў нешта падобнае на вонкавае назіраньне каля свайго падʼезда. Ня ведаю, ці пагражаў мне арышт. Інтэрвію Рамана пусьцілі ў эфір, не затрымаўшы мяне напярэдадні, хоць я і не хаваўся. Можа, і цяпер усё б скончылася, як і паўгода таму, то бок нічым. Але спакойна жыць і працаваць у краіне пры такіх уводных далей было б складана. Таму давялося пайсьці на вельмі некамфортнае рашэньне — зьехаць.
Абедзьве альтэрнатывы — СІЗА і штодзённае чаканьне СІЗА — былі яшчэ горш, як для мяне, так і для блізкіх», — адзначыў Шрайбман.
Арцём Шрайбман асобна адзначыў, што не крыўдуе на Рамана Пратасевіча.
«Мы ня ведаем, які падвал у ЛНР і які лёс для ягонай дзяўчыны яму абрысавалі ў выпадку адмовы ад гэтага інтэрвію. Закладнікаў ня судзяць».
Цяпер Арцём Шрайбман ва Ўкраіне, паведаміў ён «Нашай Ніве».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прызнаньне пад руляй аўтамата». Бацька Рамана Пратасевіча і Франак Вячорка пра «інтэрвію» Рамана Пратасевіча ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крызісны псыхоляг тлумачыць, што варта разумець пра «відэапрызнаньні» зьняволеных