Эўропа закрыла неба. Меркаваньне экспэрткі

Дошка аб'яваў у аэрапорце Менску

Чаму Эўразьвяз прыняў жорсткія авіясанкцыі адносна Беларусі? Ці ўлічваліся пры прыняцьці рашэньня інтарэсы беларусаў, якія вымушаныя ўцякаць з краіны? Чаму на пазыцыю ЭЗ не паўплывала пагроза Лукашэнкі распачаць палёты беларускіх самалётаў у Крым? Ці можа Лукашэнка пазбавіцца ад гэтых санкцыяў, вызваліўшы Пратасевіча?

На гэтыя пытаньні каналу Свабода Premium адказвае палітоляг, дырэктарка міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC Policy Institute Алена Кудзько.

Кудзько

  • Гэты інцыдэнт з самалётам быў на першых старонках усіх эўрапейскіх газэтаў.
  • Грамадзкая думка Эўропы вельмі ціснула на свае ўлады, каб рашучыя крокі былі зробленыя.
  • І гэта ўжо не пытаньне ўнутранай палітыкі Беларусі, гэта пытаньне бясьпекі грамадзянаў краінаў ЭЗ.

Алена Кудзько

  • На прыкладзе інцыдэнту з Ryanair у менскім аэрапорце многія дыктатары сьвету могуць падумаць, што і яны могуць рабіць, як Лукашэнка.
  • Я мяркую, што на жорсткасьць рашэньня ЭЗ паўплывала і тое, як беларускія ўлады абыходзяцца з Пратасевічам і Сапегай.
  • Усім бачна, пад якім прэсінгам на яго запісваліся гутаркі зь ім.
  • Некаторыя могуць сказаць, што ўскосна адказнасьць за гэта ляжыць і на Эўразьвязе.
  • Пратасевіч прасіў прытулку, але гэта асобная гісторыя.
  • Да 21 чэрвеня будуць яшчэ прынятыя санкцыі — візавыя і эканамічныя.
  • Беларускі бок кажа, што гатовы да расьсьледаваньня інцыдэнту з самалётам.
  • Але ці адбываецца гэта ў рэальнасьці?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Матыў авіясанкцыяў Захаду — страх прэцэдэнту
  • Беларускія ўлады ня вельмі дапамагаюць расьсьледаваньню.
  • Тыя электронныя лісты, якія былі нібыта накіраваныя ад ХАМАСу з сэрвэру ў Швайцарыі, ня выклікалі станоўчай рэакцыі ў ЭЗ.
  • Тое, што беларусам зараз стане складаней уцячы з краіны, ратуючыся ад рэпрэсіяў, — гэта фактар сытуацыі.
  • Яго ўзмацняе і той чыньнік, што Беларусь зачыніла і аўтапераходы на мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз забараніў палёты беларускіх авіякампаній у паветранай прасторы ЭЗ
  • Гэта ўсё абмяркоўваецца, сытуацыю ўсьведамляюць асабліва краіны-суседзі — Літва і Польшча.
  • Сярод варыянтаў вырашэньня праблемы — распрацоўка дадатковых маршрутаў праз Маскву.
  • Закрыцьцё паветранай прасторы ЭЗ — гэта і знак тым беларусам, якія ня вельмі цікавіліся палітыкай: калі вы хочаце лятаць у Эўропу — рабіце нешта, каб зьмяніліся парадкі ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: S & P: новыя санкцыі супраць Беларусі могуць узмацніць яе залежнасьць ад Расеі
  • Вельмі доўгі час, нават яшчэ ўвосень летась і ўзімку сёлета, многія ў ЭЗ разважалі так: Лукашэнка ўсё ж ня цалкам падпарадкоўваецца Маскве, давайце пачакаем з больш моцнымі санкцыямі.
  • Цяпер гэты аргумэнт робіцца ўсё менш пераканаўчым.
  • Калі беларускія самалёты будуць лятаць у Крым — гэта ўжо няважна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка даў дабро на авіярэйсы ў анэксаваны Расеяй Крым
  • Нават калі Беларусь афіцыйна прызнае Крым часткай РФ, наўрад ці гэта стане прэцэдэнтам для Казахстану ці Армэніі.
  • Для гэтых краінаў важныя адносіны з Эўразьвязам.
  • Тэарэтычна ў Лукашэнкі ёсьць задні ход у гэтым крызісе — вызваліць Пратасевіча і Сапегу, выбачыцца, заплаціць кампэнсацыю.
  • Але ня думаю, што ён гэтым ходам скарыстаецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна пагражае санкцыямі, калі хаця б адзін беларускі самалёт апынецца на тэрыторыі акупаванага Крыму
  • Для Лукашэнкі занадта высокія палітычныя страты ад такога ходу.
  • Гэта стала б сыгналам для апазыцыі, што ёй час ісьці ў наступ.
  • Гэтыя санкцыі — гэта сродак і пакараньня, і выхаваньня.
  • Санкцыі могуць і будуць выкарыстоўвацца ў сукупнасьці з торгам з рэжымам наконт вызваленьня палітвязьняў і агульнай лібэралізацыі ўнутры краіны.

Што было раней

Эўрапейскі Зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ, а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускім авіякампаніям.

Гэтае рашэньне вынікае з ранейшых высноваў, калі кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў ЭЗ «жорстка асудзілі незаконнае прымусовае прызямленьне 23 траўня ў Менску рэйсу Ryanair, што паставіла пад пагрозу авіяцыйную бясьпеку».

Паводле крыніцаў у Эўразьвязе, ёсьць папярэдняя дамова, што ў сераду прадстаўнікі ЭЗ увядуць забарону на ўезд і замарожваньне актываў для 7 чалавек і адной кампаніі ў сувязі з інцыдэнтам з самалётам Ryanair.

2 чэрвеня Агенцтва авіяцыйнай бясьпекі Эўразьвязу (EASA) выпусьціла дырэктыву, у якой заклікала ўлады дзяржаваў EASA абавязаць нацыянальных авіяперавозчыкаў пазьбягаць паветранай прасторы Беларусі.