Даклад Анаіс Марэн будзе прадстаўлены на 47-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН, якая пройдзе з 21 чэрвеня па 9 ліпеня. Пытаньне Беларусі значыцца ў парадку дня чацьвёртым.
Анаіс Марэн апісвае сытуацыю з грамадзянскімі, палітычнымі, эканамічнымі, сацыяльнымі і культурнымі правамі, якая склалася ў Беларусі ў 2020 годзе і ў пачатку 2021-га. Яна дакумэнтуе хвалю рэпрэсій доказамі масавых парушэньняў, беспрэцэдэнтных сваімі маштабах і цяжарам, адзначае Праваабарончы цэнтар «Вясна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адмысловая дакладчыца ААН: Беларускі ўрад актыўна перашкаджае абароне правоў чалавека ў краінеНа 24 старонках дакладу ўздымаюцца пытаньні, якія востра паўстаюць у беларускім грамадзтве:
- права на жыцьцё: сьмяротнае пакараньне і адвольнае пазбаўленьне жыцьця;
- права на фізычную недатыкальнасць: катаваньні і іншыя жорсткія, бесчалавечыя віды абыходжаньня; адвольныя затрыманьні і ўзяцьце пад варту; гвалтоўныя зьнікненьні; прымусовыя выдварэньні; справядлівасьць судовага разбору;
- свабода мірных сходаў і асацыяцый: свабода асабістай думкі і яе выказваньня, права на ўдзел у грамадзкім жыцьці;
- права на здароўе, адукацыю, у тым ліку на беларускай мове і мовах меншасьцяў.
Анаіс Марэн адзначае, што глыбока ўстрывожаная беспрэцэдэнтнай эскаляцыяй парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, якая назіралася летась і сёлета.
«Палітычны крызіс і сацыяльныя падзеі яшчэ раз пацьвердзілі цыклічнасьць усплёскаў парушэньняў правоў чалавека ў пэрыяд выбараў у Беларусі, але ў той жа час яны выявілі глыбока ўкаранёныя інстытуцыйныя недахопы дзяржаўнага апарату, у прыватнасьці праваахоўнай сыстэмы і сыстэмы правасудзьдзя, якія выкарыстоўваюцца не дзеля абароны правоў чалавека, а дзеля іх абмежаваньня. Асаблівую заклапочанасьць выклікае той факт, што сытуацыя працягвае пагаршацца ў атмасфэры страху, беспакаранасьці і непрыцягненьня да адказнасьці вінаватых», — піша спэцдакладчыца ААН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стварэньне незалежнай судовай сыстэмы ў Беларусі павінна стаць галоўным пунктам пляну рэформаў, — экспэрт ААНЯна нагадвае свае ранейшыя рэкамэндацыі, якія так і не былі выкананыя, а таксама падтрымлівае парады, сфармуляваныя Вярхоўным камісарам ААН Мішэль Бачэлет у яе дакладзе, асабліва тыя, якія патрабуюць тэрміновых дзеяньняў з боку ўраду Беларусі.