Дзяржаўны канал АНТ апублікаваў відэа з Раманам Пратасевічам, на якім той заяўляе, што прызнае віну ў арганізацыі «дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342 КК). Пры якіх абставінах зьнялі гэтае відэа, не паведамляецца. Заяву Пратасевіч зрабіў не ў судзе ці праз адваката, а сказаў у студыі ў адказ на пытаньне вядоўцы.
У эфіры «Настоящего времени» ўражаньнямі ад убачанага падзяліўся бацька Рамана Пратасевіча, а таксама дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
Падчас гэтага інтэрвію Раман Пратасевіч таксама крытыкаваў сяброў Каардынацыйнай рады і супрацоўнікаў штабу Сьвятланы Ціханоўскай, а Аляксандра Лукашэнку назваў «чалавекам з сталёвымі яйцамі». На запясьцях Рамана журналісты «Нашай нівы» заўважылі пашкоджаньні.
«У карэспандэнта дзяржканалу больш правоў, чым у адваката: яго ўжо пяць сутак не пускаюць да Рамана». Дзьмітры Пратасевіч
— Хацеў спытацца вашае думкі наконт гэтай размовы.
— Я цалкам з вамі згодны, што ў нас карэспандэнт дзяржканалу мае больш правоў, чым адвакат, якога ўжо больш за пяць сутак не пускаюць да Рамана. Што тут можна сказаць? Гэта сапраўды жах, што адбываецца. Мне як бацьку дужа цяжка. Калі нехта глядзеў гэты фільм, ён можа заўважыць, што ў Рамана ўвесь час ідзе ўнутраная барацьба паміж тым, што ён павінен сказаць, і паміж тым, што ён ніколі б у жыцьці не сказаў. І гэта вельмі бачна па твары. Я ўпэўнены, што гэта наступствы больш як тыднёвага ягонага знаходжаньня ў засьценках СІЗА КДБ, зьдзекаў, катаваньняў. Спачатку яго спрабавалі душыць, білі, цяпер бачныя сьляды ад кайданкоў. Колькі яго ў іх трымалі, страшна нават уявіць. Яго запужалі. І ён цяпер невядома дзе, можа, нават нейкімі псыхатропамі яго нашпігавалі — я ня ведаю, наша ўлада ня спыніцца ні перад чым.
Яны цяпер намагаюцца ўявіць, што Раман кажа тое, што чакаюць ад яго пачуць. Нібыта [сярод пратэстоўцаў] раскол, нібыта ён прызнаецца невядома ў чым. Мы цудоўна ведаем свайго сына. Наш сын ніколі не прызнаецца ў тым, чаго не рабіў. Некаторыя кажуць: «Вось ён без паперкі гаворыць, сам прызнаецца». Вы разумееце, Раман — даволі адукаваны разумны кемлівы чалавек, ён цудоўна разумее, што трэба казаць і пра што ідзе гаворка. Таму ў мяне няма ніякіх сумневаў: тое, што кажа Раман — гэта вынік ягонага запужваньня, вынік няспыннага псыхалягічнага, фізычнага гвалту над ім. Гэта вынік таго, што яго папросту запужалі, прыгразілі, можа, жыцьцём дзяўчыны і ягоным жыцьцём, я ня ведаю, мне цяжка ўявіць і цяжка ўвогуле пра гэта казаць.
— Калі я сёньня перад эфірам паглядзеў гэтыя фрагмэнты, адчуваньне сапраўды складвалася, што Раман гаворыць абсалютна свабодна, ён даволі вясёлы на гэтых відэа. У вас ёсьць тлумачэньні такім паводзінам сына, якога затрымалі, пасадзілі самалёт дзеля яго зь перахопам?
— Так, у мяне ёсьць тлумачэньні. Такіх тлумачэньняў можа быць два. Разумееце, я ведаю свайго сына даволі даўно, ад самага нараджэньня. Выхоўвалі, ён рос, на маіх вачах ён станавіўся разумным, начытаным хлопчыкам, ён цікавіўся вельмі ўсім. І той стан, у якім ён быў у першым фільме, і вось цяпер... У першым фільме ён увогуле нібыта сьмяецца, усьміхаецца, апавядае. Я як псыхоляг магу сказаць, што ягоны стан цалкам тлумачыцца тым, што ён знаходзіцца ў стане глыбокага стрэсу. А рэакцыі дзьве ў чалавека: альбо ён правальваецца ў ступар, альбо ён пачынае весяліцца, бегаць, рабіць адвольныя рухі. Вось другая рэакцыя акурат і назіраецца.
У мяне ёсьць другі варыянт: альбо яго проста нашпігавалі псыхатропнымі рэчывамі і прымушаюць гаварыць тое, што трэба сказаць, пры гэтым папярэдне запужаўшы. Вядома ж, ён ніколі не сказаў бы такіх словаў сам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўны тэлеканал паказаў «інтэрвію» вязьня СІЗА КДБ Рамана Пратасевіча— У гэтым эфіры Раман апраўдвае дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі і кажа, што яго паважае, хаця раней крытыкаваў. Што ён казаў вам пра Лукашэнку? Што ён сапраўды пра яго думае?
— Вы ведаеце, я б не хацеў гэта абмяркоўваць у жывым эфіры, што мы гаварылі з сынам наконт Лукашэнкі. Мы мала размаўлялі на тэму палітыкі, нас больш за ўсё цікавіла, як ён жыве, чым ён займаецца. Справа ў тым, што Раман апошнім часам дужа-дужа шмат працаваў. Яму знайсьці нават было [цяжка] хвіліначку, каб пазваніць і пагутарыць, было вельмі мала часу. Ён апошнія два гады ці нават больш працаваў практычна па 12, часам па 16 гадзін на дзень! Зьвязваесься , а ён: «Тата, я працую, я працую, я працую». І ў адпачынак ён жа паляцеў... Тры гады дзіця не было ў адпачынку. Яго проста калегі прымусілі пайсьці ў адпачынак. І вось ён паляцеў у Атэны, відаць, сумясьціў з тым, што неабходна было яшчэ паздымаць Сьвятлану Ціханоўскую. Але яго перакананьні, я ўпэўнены, цалкам адрозьніваюцца ад тых, што ён агучыў. Абсалютна я ў гэтым упэўнены, на 100%.
— Як вы з жонкай цяпер перажываеце гэты момант?
— Скажыце, як можна перажываць такі момант, калі ў цэнтры Эўропы ў XXI стагодзьдзі, учыніўшы, як шмат хто называе, і я далучаюся да гэтай ацэнцы, акт дзяржаўнага тэрарызму, проста выкрадаюць сына? Цяпер яму навешваюць ярлыкі праз тыя ж дзяржаўныя СМІ, называюць яго і нэанацыстам, і фашыстам, і экстрэмістам, і вырадкам, ня маючы пры гэтым ніякай доказнай базы. Дзе доказы таго, што ён нэанацыст? Дзе ён фашыст, дзе ён экстрэміст? А цяпер, калі яго Лукашэнка захапіў, пачынаецца пошук: як бы яго падаць у сродках масавай інфармацыі ў патрэбным для рэжыму сьвятле? Таму няма нічога дзіўнага, што яго прымушаюць казаць тое, што трэба. І я ні слову ня веру ў тым, што кажа мой сын.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцслужбы Грэцыі пацьвердзілі, што за Пратасевічам і Сапегай сачылі некалькі расейцаў«Ёсьць Раман Пратасевіч на волі і Раман Пратасевіч у КДБ», — Франак Вячорка
— Давайце адразу агаворымся: мы ня ведаем, пры якіх абставінах запісаная гэтая размова, бо Раман Пратасевіч пад сьледзтвам, ён не волі, але пры гэтым у яго бяруць інтэрвію. Але тым ня менш зь ягоных вуснаў гучаць абвінавачаньні і ў ваш адрас таксама. Ён кажа, што вы нібыта ўваходзілі ў нейкі тайны чат, там вы нібыта давалі ўказаньні, пісалі тэзы, паводле якіх трэба працаваць Nexta. Як вы можаце гэта пракамэнтаваць?
— Я магу пракамэнтаваць, што ў нас цяпер два Раманы Пратасевічы: Раман Пратасевіч на волі і Раман Пратасевіч у КДБ. І гэта два розныя чалавекі. Тое, што мы чулі, бачылі, — гэта зусім іншы Раман Пратасевіч, ён кажа тое, што яму сказалі казаць. Зразумела, што і словы, і фармулёўкі, і тое, як ён падае інфармацыю, і гэтыя ўсхваленьні Лукашэнкі — гэта ўсё вынік катаваньняў, гэта вынік таго, да якога псыхалягічнага і фізычнага стану яго давялі. Лукашэнка кінуў у камэру катаваньняў ня толькі асобных людзей, але і ўвесь беларускі народ. І стан, у якім Раман дае гэтае інтэрвію, быццам не вытлумачальны лягічна.
У кожным разе я скажу так: мы, што б ён ні казаў, што ён ні рабіў, зробім усё, каб яго вызваліць. Бо ён закладнік. Калі чалавек закладнік, ён робіць розныя рэчы, і мы ня ведаем дакладна, якія ў яго матывы і чаму ён так ці гэтак казаў.
— У той жа размове Пратасевіч кажа, што Народнае атрыкрызіснае кіраўніцтва Павал Латушка нібыта скраў у Ціханоўскай, што гэтае кіраўніцтва павінна было, па сутнасьці, быць кабінэтам міністраў Ціханоўскай. Што вы можаце сказаць пра гэта?
— Мы абмяркоўваем цяпер прызнаньне чалавека пад руляй аўтамата. Тое, што ён нагаварыў, там палова, зразумела, гэта напісана, палова — гэта нейкія развагі на тэму. Мне проста нават няма чаго сказаць. І я ня ведаю ўвогуле, ці трэба, ці маем мы маральнае права абмяркоўваць, тым самым у тым ліку падстаўляць Рамана.
— Але калі ня мець вашай пазыцыі, цішыня дае нейкую фору дзяржаўнай прапагандзе.
— Ну а што, мы цяпер будзем усе паказаньні пад катаваньнямі абмяркоўваць усурʼёз? Мы дамо прапагандзе яшчэ такую магчымасьць? «Ага, аказваецца можна яшчэ тут зашчаміць чалавека ў турме і стварыць патрэбны наратыў». Я думаю, што мы не павінны гуляць менавіта паводле сцэнару Лукашэнкі. Ён хоча гэтую тэму памяняць: ня ён, аказваецца, вінаваты ў тым, што сагнаў самалёт і захапіў закладніка, а аказваецца, унутраныя нейкія разборкі за гэтым стаялі. Таму падыгрываць яму, абмяркоўваючы Рамана і што той гаворыць, я ня буду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ня варта аналізаваць «прызнаньні» Пратасевіча— Франак, добра, што тады можна зрабіць і што вы будзеце рабіць для вызваленьня Рамана Пратасевіча?
— Найперш — максымальны ціск і ізаляцыя Лукашэнкі. Трэба, каб за кожнага Рамана, за кожнага закладніка, за кожную ахвяру рэжыму — гэта і Вітольд Ашурак, і Сьцяпан Латыпаў, які зрабіў спробу суіцыду пару дзён таму, гэта Ігар Лосік, які некалькі разоў спрабаваў парэзаць вены — ён нёс адказнасьць і плаціў. Для гэтага трэба ўводзіць максымальна шырокія санкцыі супраць Лукашэнкі, ягоных памагатых і тых прадпрыемстваў, якія дапамагаюць яму трымацца на плаве. Апроч гэтага, мы дамагаемся максымальнай ізаляцыі, так, каб яму было балюча. Так, каб Лукашэнка сышоў ці яго прыбралі ягоныя ж людзі. Бо менавіта ён стварыў гэтую сытуацыю. Ён падтрымлівае крызіс, ён забівае простых людзей у турме і на вуліцы.
Цяпер мы абмяркоўваем з прадстаўнікамі Злучаных Штатаў Амэрыкі, Брусэлю, нашых суседзяў, камунікуем з Украінай — якім чынам можна ізаляваць Лукашэнку. Лукашэнка ўжо ізгой, але, апроч таго, што ён ізгой, ён яшчэ і тэрарыст. А тэрарыстаў трэба караць. Таму дыпляматычная праца, палітычная праца, увядзеньне кропкавых санкцый супраць людзей, якія атачаюць Лукашэнку, і сэктаральных санкцый супраць тых сэктараў, якія падтрымліваюць гэты рэжым, — гэта рашэньне. Сёньня пачалі працаваць амэрыканскія санкцыі, у найбліжэйшыя тыдні Эўразьвяз разгледзіць санкцыі супраць сэктараў лукашэнкаўскіх. І будзем рабіць таксама ўсё магчымае, каб дапамагчы людзям на месцах. Лукашэнка трымае закладнікамі людзей: не выпускае, не ўпускае. Але трэба знайсьці спосабы дапамагаць людзям, якія застаюцца ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інтэрвію з бацькамі Соф'і Сапегі, якую затрымалі з Раманам Пратасевічам. ВідэаІнцыдэнт з самалётам Ryanair, затрыманьне блогера Пратасевіча і рэакцыя ў сьвеце. Сьцісла
- 23 траўня прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
- Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.
- Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.
- Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
- Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
- На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.
- У Менскім аэрапорце паведамілі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. Пазьней стала вядома, што было яшчэ некалькі пасажыраў, якія пасьля экстранай пасадкі засталіся ў Беларусі і не паляцелі далей у Вільню.
- Сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
- Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
- У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.
- Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
- Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.
- Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі.
- 24 траўня саміт Эўразьвязу запатрабаваў новых эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі і забароны палётаў
- Увечары 24 траўня дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі паказалі Рамана Пратасевіча, які кажа пра сваю віну ў арганізацыі масавых акцый у Менску. Сваякі і сябры журналіста адразу зьвярнулі ўвагу на сінякі на яго твары і неўласьцівую інтанацыю, што можа сьведчыць пра магчымыя доўгія катаваньні.
- Шэраг дзяржаў і авіякампаній забаранілі палёты ў Беларусь і ў беларускай паветранай прасторы пасьля захопу Рамана Пратасевіча. Яны заяўляюць, што падобныя захады прымаюцца дзеля бясьпекі ўласных грамадзян.
- 28 траўня Пратасевіча зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Таксама там знаходзіцца і дзяўчына журналіста Соф’я Сапега, якую абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці». Адвакат толькі на пяты дзень здолела трапіць да Рамана. Зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні дэталяў.
- Таксама 28 траўня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў пра магчымую датычнасьць Масквы да згону самалёту. 31 траўня Паўночнаатлянтычны альянс абмежаваў доступ у сваю штаб-кватэру ў Брусэлі 5 акрэдытаваным беларускім дыпляматам.
- Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) заявіла пра пачатак уласнага расьсьледаваньня інцыдэнту.
- 29 траўня ЗША прыпынілі пагадненьне пра авіязносіны зь Беларусьсю і заявілі пра падрыхтоўку новых санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня.
- Паштовы сэрвіс Proton зьняпраўдзіў вэрсію, высунутую афіцыйным Менскам аб лістах з інфармацыяй пра ілжывае мініраваньне, якія нібыта даслалі са швэйцарскіх сэрвэраў у некалькі аэрапортаў. Ліст быў толькі адзін. Раней сваю датычнасьць да пагроз выбуху абверг палестынскі блёк ХАМАС, а СМІ высьветлілі, што ліст з пагрозамі прыйшоў толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара.
- Пасьля шэрагу забарон колькасьць палётаў «Белавія» за тыдзень упала адразу на 80,5%. Дзяржаўная кампанія-манапаліст на рынку авіяперавозак імкнецца заняць рэзкі недахоп новымі рэйсамі ў Расею.
- 4 чэрвеня Эўрапейскі зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям.
- У пачатку чэрвеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў Рамана Пратасевіча ў праграме начальніка каналу Марата Маркава, якая называецца «Марков. Ничего личного». Радыё Свабода не публікуе фрагмэнты з гэтага інтэрвію, бо невядома, пры якіх абставінах запісвалася гутарка і ці мог Пратасевіч адмовіцца адказваць на пытаньні, якія яму задалі. Экспэрты гавораць пра высокі ўзровень стрэсу блогера, страху і магчымым ціску, а паплечнікі і родныя лічаць, што «інтэрвію» запісана пад катаваньнямі або пагрозай катаваньняў.
- 8 чэрвеня, праз 11 дзён адсутнасьці, да Пратасевіча пусьцілі адваката Інэсу Аленскую. Над ім праводзілі сьледчыя дзеяньні, падчас якіх 7 гадзін не адпускалі нават у прыбіральню. Раман за кратамі перахварэў на танзыліт.
- 14 чэрвеня Пратасевіча прывялі на сустрэчу МЗС Беларусі з журналістамі. Многія журналісты заявілі, што ня вераць таму, што Пратасевіч прамаўляе свае словы добраахвотна. Журналіст BBC Джон Фішэр пакінуў залю, напісаўшы, што затрыманы відавочна будзе гаварыць пад прымусам, а журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова заявіла, што ня верыць нічому з сказанага, і выказала спачуваньне вязьню.
- 15 чэрвеня дырэктар Ryanair расказаў, як улады Беларусі ціснулі на капітана самалёта і экіпаж.
- 16 чэрвеня расейскія СМІ паведамілі аб тым, што «Генэральная пракуратура ЛНР» падзякавала Лукашэнку за магчымасьць правядзеньня сьледчых дзеяньняў з Раманам Пратасевічам". Украіна ў адказ на гэта заявіла, што гэта інтрыгі Крамля, паколькі «фактычны кантроль на часова акупаваных тэрыторыях ажыцьцяўляе акупацыйная адміністрацыя РФ». Міністэрства замежных справаў Украіны запатрабавала ад уладаў Беларусі пракамэнтаваць інфармацыю пра візыт у Менск так званай «пракуратуры» самаабвешчанай рэспублікі.
- 25 чэрвеня Рамана Пратасевіча і Софʼю Сапегу перавялі пад хатні арышт.
- 17 студзеня 2022 году ІCАО накіравала ўладам усіх краін-удзельніц арганізацыі справаздачу пра інцыдэнт пасьля некалькіх пераносаў тэрміну.
- Тэкст справаздачы зьмясьціўся на 30 старонках. Сярод іншага, яна ўключае расшыфроўкі перамоваў экіпажу самалёта з дыспэтчарамі і схему палёту самалёта над Беларусьсю з аналізам адлегласьці паміж пасажырскім лайнэрам і зьнішчальнікам ВПС Беларусі.
- «Улады Беларусі не прадставілі неабходнай інфармацыі», — гаворыцца ў справаздачы расьсьледаваньня ІCАО пра пасадку Ryanair у Менску.
- 20 студзеня ў ЗША выставілі завочныя абвінавачаньні кіраўніку «Белаэранавігацыі» Леаніду Чуро, ягонаму намесьніку Алегу Казючыцу і двум супрацоўнікам КДБ у змове з мэтай зьдзяйсьненьня авіяцыйнага пірацтва. Абвінаваўчае заключэньне пададзена ў Фэдэральны акруговы суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрку. Паводле яго, пагражае ад 20 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.
- Мін'юст ЗША прыйшоў да высновы, што беларускія чыноўнікі выкарысталі фальшывае паведамленьне пра бомбу на борце для таго, каб змусіць прызямліцца ў Менску самалёт, на якім сярод іншых пасажыраў знаходзіліся чацьвёра грамадзянаў ЗША. Паводле абвінаваўцаў, гэта было неабходна для арышту апазыцыйнага блогера Рамана Пратасевіча.
- Прадстаўнік «Белаэранавігацыі» Алег Казючыц заявіў у адказ, што выстаўленьне амэрыканскімі пракурорамі абвінавачаньня ў паветраным пірацтве супраць кіраўнікоў іх прадпрыемства можа быць інструмэнтам ціску або правакацыяй перад пасяджэньнем ICAO, на якім будзе разглядацца даклад аб інцыдэнце з рэйсам Ryanair Афіны — Вільня.
- 20 ліпеня ICAO апублікавала афіцыйную справаздачу пра здарэньне, у якім заявіла, што беларуская вэрсія падзей не атрымала ніякага пацьверджаньня, відэа- і аўдыязапісы карэктаваліся і выдаляліся, а расшыфроўка размоў паказала, што дыспэтчару каманды да экіпажу самалёта дыктавалі спэцслужбы. Мінаваньне самалёта было ілжывым.
- У канцы кастрычніка 2022 з расшыфроўкі новых паказаньняў менскага авіядыспэтчара Алега Галегава стала вядома, што пры перамовах з экіпажам самалёта ў памяшканьні знаходзіўся ня толькі супрацоўнік КДБ, але і гендырэктар «Белаэранавігацыі» Леанід Чуро, супраць якога ў ЗША яшчэ раней выставілі абвінавачаньне. Яны падышлі да дзяжурнага, які потым паведаміў дыспэтчару і яшчэ аднаму калегу аб пасажырскім самалёце Ryanair, які зьбіраўся ўвайсьці ў паветраную прастору Беларусі з боку Ўкраіны. Дзяжурны згадаў пра нібыта пагрозу выбуху супраць рэйсу і пра тое, што самалёт трэба накіраваць, але адгаварыў дыспэтчара інфармаваць Львоўскі дыспэтчарскі цэнтар у суседняй Украіне.