«Да прыезду ў Польшчу мы ня ведалі, куды едзем. Мы не падпісвалі на мяжы ніякіх дакумэнтаў», — заявіла на прэсавай канфэрэнцыі ў Варшаве Ірэна Бярнацкая, кіраўніца Саюзу палякаў у Лідзе, перадае «Белсат».
Яна паведаміла, што ў турму прыяжджаў польскі консул і пытаўся ў затрыманых жанчын, ці гатовыя яны прыехаць у Польшчу.
«Нам, вядома, не хацелася зьяжджаць, але як выйшла, так выйшла. Мы ўжо тут, ня бачылі ніякіх дакумэнтаў, не падпісвалі на мяжы, што хочам зьехаць», — сказала яна.
Ірэна Бярнацкая дадала, што ў дзень вызваленьня ім далі падпісаць дакумэнт пра зьмену меры стрыманьня і павезьлі, не сказаўшы, куды.
«„Куды вы нас везяце?“ — „Пані ўбачыць“. І прывезьлі нас на мяжу. Мяне прывезьлі нават бяз пашпарта, — і вось мы тут», — сказала яна.
Ірэна Бярнацкая дадала, што «ўдзячная польскаму боку», падзякавала прэзыдэнту і Міністэрству замежных спраў.
Кіраўніца Форуму польскіх мясцовых ініцыятыў у Берасьці Ганна Панішава сказала, што яе пабілі падчас арышту і два месяцы не аказвалі мэдычнай дапамогі. Цяпер яна ходзіць на мыліцах. Яна таксама заявіла пра шматлікія псыхалягічныя катаваньні ў турме. Яна падзякавала польскай дзяржаве, якая выратавала яе з турмы і дазволіла захаваць здароўе.
«Вялікі дзякуй спадару прэзыдэнту Анджэю Ду́ду, бо дзякуючы яго ўдзелу і ўдзелу консульска-дыпляматычных службаў мы ўтрох змаглі апынуцца тут», — Ганна Панішава.
Яна адзначыла, што ня можа шмат апавесьці пра абставіны вызваленьня, бо ў Беларусі па-ранейшаму вядзецца крымінальная справа.
Не хаваючы хваляваньня, сказала, што яе абвінавацілі ў праслаўленьні нацызму, што было для яе «жорсткім абвінавачаньнем», бо яе сямʼя таксама пацярпела ў той пэрыяд.
Панішава адзначыла, што яе абвінавачвалі пракуроры зь Берасьця, якія таксама належаць да польскай меншасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сказала, што зробіць, як усе»: дачка палітзьняволенай Ірэны Бярнацкай пра вываз маці ў ПольшчуСтаршыня аддзяленьня СПБ у Ваўкавыску Марыя Цішкоўская сказала, што ў недарэчнае абвінавачаньне супраць яе ня верылі нават супрацоўнікі вязьніцы.
«Нянавісьць паміж народамі, паміж рэлігіямі — гэта было абсурдна. Мы сапраўды адчувалі, што польскі бок не пакіне нас адных», — заявіла яна.
Дапамагчы вытрымаць бесчалавечныя ўмовы ў турме ёй дапамагла вера ў Бога.
Цішкоўская сказала, што яна і іншыя вызваленыя актывісткі польскай меншасьці ў Беларусі сумуюць па доме. Яны спадзяюцца, што справа хутка праясьніцца і яны змогуць вярнуцца ў родны дом. Хоць і ў Польшчы пачуваюцца цяпер як дома.
«Вельмі шкада, што да палякаў у Беларусі так ставяцца. Мы нарадзіліся палякамі на гэтай зямлі, вучылі дзяцей польскай мове, памяталі пра месцы нацыянальнай памяці, пра жаўнераў, якія загінулі на ўсходзе. Нічога дрэннага мы не рабілі, — сказала Цішкоўская.
Віцэ-міністар замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач сказаў, што праз «далікатныя абставіны» справы ня можа зараз расказаць падрабязнасьці правозу прадстаўніц польскай меншасьці цераз мяжу. Наконт магчымага пераезду зь Беларусі сем’яў вызваленых з-пад арышту Пшыдач заявіў, што Польшча як вольная краіна ня можа за іх вырашаць ці ладзіць нейкія сцэнары, пры якіх сем’і былі б змушаныя да пераезду. Ён сказаў, што гэта будзе іх самастойнае рашэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Польшчы: трое зь пяці зьняволеных у Беларусі палякаў-палітвязьняў прыехалі ў ПольшчуУ беларускіх турмах засталіся двое зьняволеных у справе — Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут. Вядома, што яны адмовіліся ад дэпартацыю ў Польшчу.
«Справа палякаў»
10 сакавіка сілавікі завялі крымінальную справу за правядзеньне імпрэзы ў польскай сацыяльнай школе скаўтаў імя Рамуальда Траўгута ў Берасьці. Тады затрымалі сузаснавальніка школы, 43-гадовага берасьцейца, і дырэктарку Ганну Панішаву. Пазьней стала вядома аб ператрусах у Лідзе, Ваўкавыску і затрыманьнях Ірэны Бярнацкай і Марыны Цішкоўскай.
23 сакавіка ў Горадні затрымалі Анжаліку Борыс, а яшчэ праз два дні — Анджэя Пачобута.
Усіх арыштаваных у «польскай справе» праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі. Санкцыя крымінальнага артыкулу прадугледжвае ад 5 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.
Як разьвіваўся беларуска-польскі канфлікт
- 2 кастрычніка 2020 году беларускі МЗС запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх і літоўскіх консулаў у Беларусі. Да 9 кастрычніка зь Беларусі выехалі 32 польскія дыпляматы.
- 29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.
- 21 сьнежня Беларусь закрыла межы на ўезд і выезд, у тым ліку з Польшчай. Афіцыйная прычына — каранавірус.
- 12 сакавіка 2021 году на беларуска-польскай мяжы затрымалі дырэктарку прыватнай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. На яе завялі справу за «распальваньне нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці» (частка 3 артыкул 130 КК). Яна знаходзіцца пад вартай.
- 13 сакавіка на запатрабаваньне беларускіх уладаў з Горадні выехалі яшчэ два польскія консулы, у тым ліку генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк. Прычыны — польскі консул узяў удзел у імпрэзе памяці «праклятых жаўнераў» у Берасьці. У Горадні застаўся апошні польскі консул. У адказ Польшча паведаміла, што высылае ў Беларусь двух беларускіх консулаў.
- 23 сакавіка ў Горадні затрымалі старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс.
- 24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі.
- 25 сакавіка затрымалі сяброў незарэгістраванага СПБ Анджэя Пачобута (Горадня), Ірэну Бярнацкую (Ліда), Марыю Цішкоўскую (Ваўкавыск).
- Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» (частка 3 артыкулу 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Борыс, Пачобут, Бярнацкая, Цішкоўская знаходзяцца на «Валадарцы» ў якасьці падазраваных.
- 29 сакавіка стала вядома, што смаргонская пракуратура запрошвае сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы. Запыт датаваны 25 сакавіка. Прыватныя школы польскай мовы паведамляюць, што праверкі ў іх ідуць па ўсёй Беларусі.
- 31 сакавіка праваабаронцы прызналі Борыс, Пачобута, Бярнацкую, Цішкоўскую, Панішаву палітвязьнямі.
- 6 красавіка Лукашэнка выставіў Польшчы прэтэнзіі ў тым, што яе ўлады абвінавачваюць афіцыйны Менск у фальсыфікацыі выбараў, а таксама «падтрымліваюць здраднікаў і экстрэмістаў».