Адамкус назваў запыт Генпракуратуры Беларусі «дурной спробай» адцягнуць увагу ад барацьбы беларусаў за свабоду

Валдас Адамкус, архіўнае фота

Колішні прэзыдэнт Літвы 94-гадовы Валдас Адамкус назваў абсурдам падазрэньні беларускай пракуратуры ў яго датычнасьці да «генацыду беларусаў».

Старшы пракурор упраўленьня Генпракуратуры Беларусі Эдуард Скурат заявіў, што Валдас Адамкус нібыта быў даручэнцам Антанаса Імпулявічуса, які камандаваў падпарадкаваным СС батальёнам дапаможнай паліцыі. Гэтае падразьдзяленьне ў гады Другой сусьветнай вайны ажыцьцяўляла карныя апэрацыі на тэрыторыі Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура Беларусі хоча дапытаць былога прэзыдэнта Літвы Адамкуса ў справе аб генацыдзе супраць беларускага народу

«Гэта абсурд. Я нават ня ведаю, што такія арганізацыі наогул існавалі. Паняцьця ня маю, што яны рабілі і хто гэтыя людзі. Упершыню чую», — сказаў палітык у камэнтары агенцтву BNS.

Ён таксама назваў дзеяньні беларускай Генпракуратуры «дурной спробай адцягнуць увагу ад барацьбы беларусаў за свабоду».

«Думаю, што гэта ніяк не жаданьне нешта высьветліць, а проста фармальная правакацыя, каб уцягнуць больш людзей у іх унутраныя праблемы», — сказаў былы прэзыдэнт Літвы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Літвы: Абвінавачаньні Менску — гэта спробы апраўдаць уласныя дзеяньні ў таталітарным духу

Генэральная пракуратура Беларусі папрасіла літоўскіх калегаў дапытаць Валдаса Адамкуса як сьведку ў справе аб генацыдзе беларускага насельніцтва ў гады вайны. Сьледзтва правярае, ці ўдзельнічаў ён у карнай дзейнасьці батальёну Антанаса Імпулявічуса.

У сваю чаргу, Генпракуратура Літвы пацьвердзіла, што атрымала ад Беларусі ліст аб прававой дапамозе. Там удакладнілі, што гэта просьбы агульнага характару, ніякіх канкрэтных дадзеных у запыце няма.

Валдасу Адамкусу 94 гады, ён двойчы займаў пасаду прэзыдэнта Літвы: у 1998–2003 i ў 2004–2009 гадах.