Сваякі і сябры затрыманых журналістаў расказваюць, што тыя пішуць зь вязьніц, які ў іх настрой і на што спадзяюцца.
«Адчуваю, што вы побач, што думаеце пра мяне»
Журналістка парталу Tut.by Алена Талкачова, як і яе затрыманыя калегі, з 18 траўня знаходзіцца ў менскім СІЗА на Валадарскага. Апошнімі днямі вясны стала вядома, што Алену Талкачову падазраюць у памаганьні ва ўхіленьні ад падаткаў у асабліва вялікім памеры.
Сяброўка Талкачовай Аляксандра Багуслаўская, якая лістуецца з Аленай, пасьля гэтай навіны зрабіла выснову, што сама меней на два месяцы тая застанецца на «Валадарцы». Аляксандра носіць у СІЗА перадачы для Алены, даглядае ейнага сабаку Тоні, які застаўся адзін дома, выконвае іншыя просьбы, якія Алена прысылае ў лістах. Такіх пасланьняў ад яе было ўжо два. Кранальны кавалак зь першага ліста сяброўкі, зь яе ўражаньнямі ад убачанага падчас першай прагулкі, Аляксандра зьмясьціла ў сваім фэйсбуку.
«Бачыла сёньня неба ў клетку — галоўнае ўражаньне ад першага дня. Яно прыгожае, калі не зьвяртаць увагу на краты. Падчас прагулкі, як у залі, паскакала і папрысядала, а таксама ад лаўкі трыцэпс патрэніравала», — расказала пра сябе Алена.
У другім лісьце, атрыманым праз тры дні, дзяўчына падзякавала ўсім, хто пра яе клапоціцца, за падтрымку, перадачы і добрыя словы. «Ня ведаю, чым я гэта ўсё заслужыла. Адчуваю, што вы побач, думаеце пра мяне», — піша Алена Талкачова.
У сьпісе затрыманых супрацоўнікаў Tut.by больш за 10 прозьвішчаў, у тым ліку галоўнай рэдактаркі Марыны Золатавай. Удава заснавальніка парталу Tut.by Юрыя Зісера Юлія Чарняўская на час сьледзтва зьмешчаная пад хатні арышт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы вымушаныя звольніць фактычна ўсіх». Гутарка з адным з уласьнікаў Tut.by«Лета спазьняецца, бо чакае нашага вяртаньня»
Ужо шосты месяц трымаюць на «Валадарцы» былую галоўную рэдактарку «„Комсомольской правды“ в Беларуси», заснавальніцу менскага «Прэс-клюбу» Юлію Слуцкую. Журналістку вінавацяць у няплаце падаткаў у асабліва вялікім памеры, але вінаватай сябе яна не прызнае, а сьледчыя дзеяньні зь яе ўдзелам, як піша Юлія, даўно не праводзіліся.
Дачка Аляксандра вызначае дзьве асноўныя праблемы, якімі дзеліцца маці. Першая — гэта пагаршэньне здароўя Юліі.
«У мамы ня зьнік кашаль і скача ціск. Тэрапэўт, у якога яна раней лячылася, па сымптомах падазрае хваробу сэрца. Таксама праблемай стала пагаршэньне зроку. Якраз сёньня перадала маме новыя акуляры, інакш ужо ня можа чытаць. У камэры сьвятла не хапае.
Другая праблема якраз вынікае з умоваў у камэры. Там зьмешчана 8 чалавек, спальных месцаў усім хапае, але вольнага месца зусім няма. Адносіны з сукамэрнікамі таксама складваюцца па-рознаму; хоць мама зусім не канфліктны чалавек, але бываюць непаразуменьні. З тымі ж прагулкамі. Часам бывае, што нехта ня хоча ісьці на прагулку, а тады не выводзяць усю камэру. Толькі ў апошніх лістах мама паведаміла, што з прагулкамі справа наладзілася. Яна заўсёды імкнецца выходзіць на прагулку, каб на сьвежым паветры займацца фізычнымі практыкаваньнямі, бо ў камэры гэта фактычна немагчыма.
Наракае ў лісьце, што прыход цяпла ўсё адкладаецца. Цытую па памяці: „Лета спазьняецца, ня хоча прыходзіць, чакае нашага вяртаньня“. То бок ясна, што мама вельмі сумуе па волі, па нас. Як і мы па ёй», — кажа дачка Юліі Слуцкай Аляксандра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выйшаў дакумэнтальны фільм аб палітзьняволенай Юліі Слуцкай, заснавальніцы «Прэс-клюбу». ВІДЭА«Мы будзем шалёна шчасьлівыя»
Аляксандра расказала таксама пра свайго брата Пятра, відэапэратара «Прэс-клюбу», якога трымаюць там жа, на «Валадарцы», але яшчэ ў горшых умовах.
«Пятро сядзіць у так званым „шанхаі“ — паўпадвале, дзе ў камэрах цісканіна і самыя кепскія бытавыя ўмовы. Да гэтага дадалося тое, што некалькі сукамэрнікаў захварэлі на каранавірус. У іх увялі карантын і, адпаведна, некаторыя абмежаваньні. Сьледчых дзеяньняў з удзелам Пятра не вядзецца», — кажа Аляксандра.
Аляксандра працытавала таксама і адзін зь лістоў, які з «Валадаркі» адправіў яе брат.
«Адчуваю сябе плыўцом, якога кінулі ў раку, і пакуль што плынь мяне кудысьці нясе, а мая галоўная задача — не патануць. Але, калі вада выкіне мяне на бераг, мяркую, я буду найлепшым плыўцом у сьвеце. На беразе будуць стаяць мае родныя, і ўсе мы будзем шалёна шчасьлівыя», — перадала мары брата Аляксандра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы вымушаныя звольніць фактычна ўсіх». Гутарка з адным з уласьнікаў Tut.by«Гэта вымушаная выправа»
З канца сьнежня ў вязьніцы на Валадарскага таксама знаходзіцца фінансавы дырэктар «Прэс-клюбу» Сяргей Альшэўскі, яшчэ адзін фігурант справы аб нясплаце падаткаў у гэтай арганізацыі. Юлія, жонка Сяргея Альшэўскага, ня ведае, як яе муж ставіцца да абвінавачаньня і ці вядуцца зь ім цяпер хоць якія сьледчыя дзеяньні.
«Адвакат даў падпіску пра невыдаваньне, і Сяргей пра гэта нічога ня піша. І пра ўмовы ён ня піша, шкадуе мяне, беражэ ад такіх навінаў», — паведаміла Юлія. На ліставаньне з мужам Юлія Альшэўская ня скардзіцца і ахвотна дзеліцца тым, што ведае зь ягоных лістоў.
«Заўсёды нас супакойвае і падтрымлівае. Чытае шмат кніг і потым дзеліцца ўражаньнямі са мной, дае парады, што прачытаць. У нас зь ім такая звычка — дзяліцца ўражаньнямі ад прачытанага, і мы яе працягваем падтрымліваць нават цяпер. Яшчэ мы разам любім вандраваць па Беларусі, і вось Сяргей прыслаў малюнак, на якім намаляваў нас разам падчас паходу. Гэта вельмі дзіўна, бо раней ён не маляваў. Аказваецца, яму прыслалі каляровыя алоўкі, і ён паспрабаваў. Атрымалася добра. Гэты малюнак я ўставіла ў рамку, ён чакае, калі Сяргей выйдзе на волю. Веру, гэта абавязкова хутка будзе, і ён у гэта верыць. У адным зь лістоў прапанаваў лічыць, што ён у «вымушанай службовай выправе, але пройдзе час — і мы зноў будзем разам», — расказала Юлія Альшэўская.
Ейнаму мужу 37 гадоў, ягонае хобі — заняткі бегам. Ён рэгулярна браў удзел у менскіх паўмаратонах. Юля падзялілася, як Сяргей нядаўна адзначыў у турме дзень народзінаў.
«Вырашыў зладзіць з гэтай нагоды асабісты паўмаратон — прабегчы 21,5 кілямэтра ў камэры. Але як? Аднак ён такі ўпарты і прыдумаў бегчы на месцы столькі часу, колькі звычайна ў яго патрабуецца на такую ж дыстанцыю. І прабег, малайчына. У яго ўсё атрымалася! Так ён пачуваецца добра. Адвакат адзначае, што Сяргей усё ж схуднеў за гэты час, але сам ён на здароўе не скардзіцца», — кажа Юлія пра свайго мужа, палітвязьня Сяргея Альшэўскага.
«Адказваем на пазамінулыя лісты. Такая машына часу»
З мэдыямэнэджарам Андрэем Аляксандравым, былым адказным супрацоўнікам БелаПАН і БАЖ, трывала лістуецца журналіст Дзьмітрый Яненка. Дзьмітрый перадаў фота старонкі зь ліста свайго сябра Андрэя, зь якога зразумела, як у таго ідзе ліставаньне з воляй і якія ёсьць нараканьні.
«Я вось пішу вам цяпер адказ, а ўжо два маіх ліста знаходзяцца ў дарозе да вас (а магчыма, ужо і болей). То бок атрымліваецца, што мы пішам адказы на пазамінулыя лісты. Такая вось машына часу. :) Але самае галоўнае, што сувязь ёсьць. А то зь некаторымі нібыта трывалымі карэспандэнтамі яна разладзілася. Пачалі, праўда, прыходзіць лісты ад белапаненак, што вельмі-вельмі радуе, хаця ад галоўнай, як было ў пачатку лютага, пакуль і цішыня».
Андрэя Аляксандрава вінавацяць у фінансаваньні пратэстаў. Паводле сьледзтва, ён аплаціў 250 штрафаў пратэстоўцам, грошы атрымліваў ад фонду BY_Help. У студзені разам з Андрэем Аляксандравым затрымалі ягоную дзяўчыну Ірыну Злобіну, яна праходзіць па той жа крымінальнай справе. Трымаюць Аляксандрава і Злобіну на «Валадарцы».
Вось што Дзьмітрый Яненка дадаў пра свайго сябра Андрэя Аляксандрава.
«Пра настрой піша, што ўсё нармальна, наколькі ў вязьніцы гэта магчыма. Шмат чытае, прычым чаргуе філязофскую літаратуру з мастацкай. Адносна здароўя нібыта таксама ўсё нармальна, ва ўсякім разе, лекаў і вітамінаў ня просіць. Што да ягонай крымінальнай справы, як яна праходзіць, дык такой інфармацыяй не валодаю», — паведаміў сябра палітвязьня Андрэя Аляксандрава Дзьмітрый Яненка.
«Упершыню за паўгода я проста ішла па асфальце»
Журналістку Белсату Кацярыну Андрэеву нядаўна перавялі адбываць пакараньне двума гадамі зьняволеньня ў гомельскую жаночую калёнію.
Вось што Кацярына напісала ў першым лісьце з Гомля:
«Самае галоўнае ўражаньне сёньня — неба! Промні сонца на маёй скуры! КВЕТКІ! Упершыню за паўгода я проста ішла па асфальце, а над галавой быў гэты аграменны блакітны купал з пушыстымі аблокамі», — працытаваў ліст Кацярыны яе муж журналіст Ігар Ільяш.
Таксама Ігар Ільяш падзяліўся апошнімі зьвесткамі пра жонку.
«Пакуль яна ў карантыне, на працу яе яшчэ не разьмяркоўвалі. Займаецца пасадкай кветак. Высадзіла больш за сотню парасткаў партуляка махровага. Піша, што адчувае сябе добра».
Што такое «Прэс-клюб»
«Прэс-клюб» — гэта «пляцоўка для прафэсійнага разьвіцьця мэдыясупольнасьці», «нефармальнае аб’яднаньне мэдыяпрафэсіяналаў, усіх тых, хто жадае ўдасканаліць журналісцкія ўменьні і працаваць у рытме прафэсійных стандартаў і трэндаў».
«Прэс-клюб» заснаваны ў 2011 годзе. У чэрвені 2014-га арганізацыя стала сябрам Міжнароднай асацыяцыі «Прэс-клюбаў» (International Association of Press Clubs). У лістападзе 2015-га ў Беларусі зарэгістравалі культурна-асьветніцкую ўстанову «Журналісцкая майстэрня Прэс-клюб».
«Прэс-клюб» арганізуе прафэсійныя дыскусіі, трэнінгі, варштаты для журналістаў, займаецца мэдыяграматнасьцю, маніторынгам і аналізам фэйкаў і прыкладаў прапаганды ў дзяржаўных мэдыя.
Юлія Слуцкая — заснавальніца і старшыня «Прэс-клюбу». У 1995–2006 — галоўны рэдактар «„Комсомольской правды“ в Белоруссии». У 2007–2010 — галоўны рэдактар «Эўрапейскага радыё для Беларусі».