Як паведаміў тэлеграм-канал Ціханоўскай, сэнатары Джын Шахін, Крыс Мэрфі і Роб Портман прыбылі ў Вільню, каб сустрэцца зь Ціханоўскай і «задэкляраваць падтрымку беларускаму народу». Гадзінная сустрэча прайшла ў віленскім аэрапорце і скончылася сумеснай прэс-канфэрэнцыяй, перадае БелаПАН.
Ціханоўская падзякавала за прыняцьце Belarus Democracy Act, які прадугледжвае падтрымку незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасьці. Яна абмеркавала з сэнатарамі атакі на Hrodna.life, Tut.by, «Белсат» і ўсіх незалежных журналістаў. Ціханоўская прапанавала падтрымаць беларускую службу Радыё Свабода і запусьціць беларускую рэдакцыю «Голасу Амэрыкі».
Сэнатар Шахін падкрэсьліла, што ў пытаньні Беларусі Рэспубліканская і Дэмакратычная партыі ЗША маюць агульную пазыцыю і будуць падтрымліваць беларусаў.
Портман сказаў, што час заяў мінуў і настаў час рашучых дзеяньняў, таму ЗША гатовыя да сэктаральных санкцый, каб спыніць беззаконьне і самавольства рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Які плян перамогі? Дыскусія экспэртаўЦіханоўская заявіла, што «цяпер Лукашэнка — пагроза ня толькі беларускай, але і міжнароднай бясьпецы, і заклікала даць выразны сыгнал Расеі, што любыя дамовы, падпісаныя зь нелегітымным рэжымам, будуць перагледжаныя альбо адмененыя».
Сэнатары запрасілі Ціханоўскую наведаць у чэрвені Вашынгтон і выступіць у камітэце замежных спраў Сэнату ЗША. Яны таксама абмеркавалі яе магчымы ўдзел у саміце «Вялікай сямёркі».
Ціханоўская адзначыла важнасьць сустрэчы прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным і прапанавала падрыхтаваць пазыцыю ад беларускіх дэмакратычных сіл да гэтай сустрэчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Унучка Шушкевіча: Санкцыі — гэта шокавая тэрапія, каб будаваць новую БеларусьСустрэча Байдэна і Пуціна адбудзецца пасьля саміту «Вялікай сямёркі» (11–13 чэрвеня), куды гатовая прыехаць і расказаць пра сытуацыю Ціханоўская. Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон падтрымаў яе ініцыятыву.
Прэс-сакратар Белага дома Джэн Псакі 25 траўня паведаміла, што на сустрэчы з Пуціным у Жэнэве прэзыдэнт ЗША мае намер падняць пытаньне аб Беларусі і выказаць сурʼёзную заклапочанасьць амэрыканскага боку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Літвы – Лукашэнку: «Сыходзь і пакінь свой народ у спакоі!»Ціханоўская абмеркавала з канцлерам Аўстрыі Курцам абвастрэньне сытуацыі ў Беларусі
Сьвятлана Ціханоўская 1 чэрвеня правяла онлайн-гутарку з фэдэральным канцлерам Аўстрыі Сэбастыянам Курцам.
Як паведаміў тэлеграм-канал Ціханоўскай, яна расказала пра націск на палітвязьняў і катаваньні ў турмах. Гутарка адбылася пасьля паведамленьня пра спробу суіцыду Сьцяпана Латыпава, які парэзаў сабе горла ў залі суду, перадае БелаПАН.
«Сьцяпан — гэта новая ахвяра рэжыму, і з кожным днём іх становіцца ўсё больш. Таму мы і гаворым пра неабходнасьць рашучых дзеяньняў — у нас больш няма часу чакаць. Мы заклікаем Аўстрыю падтрымаць чацьвёрты пакет санкцый і разгледзець пяты. І ня менш важна цяпер дапамагаць грамадзянскай супольнасьці Беларусі», — заявіла Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволены Латыпаў спрабаваў парэзаць горла ў залі суду. Яго праапэравалі ў шпіталі. Кажуць, што пагрозы жыцьцю ўжо нямаЯна падзякавала Курцу за тое, што пасьля сустрэчы зь ёй у красавіку ён падняў пытаньне крызісу ў Беларусі ў размове з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным.
«Рэжым стаў таксычным нават для Расеі. Я ўпэўнена, Крэмль бачыць, што Лукашэнка страціў падтрымку народу і сусьветнай супольнасьці і ўжо не верне яе ніколі. Таму цяпер у інтарэсах усіх, у тым ліку Расеі, не дапусьціць грамадзянскага канфлікту ў Беларусі», — адзначыла Ціханоўская.
Сэбастыян Курц пацікавіўся, чым Аўстрыя можа дапамагчы беларусам, акрамя санкцый і праграм дапамогі, і Ціханоўская прапанавала Аўстрыі ўзяць на сябе ініцыятыву правядзеньня міжнароднай канфэрэнцыі высокага ўзроўню аб вырашэньні крызісу ў Беларусі. Курц запрасіў Ціханоўскую выступіць на Форуме Эўропы ў аўстрыйскім Вахаў і падняць на ім пытаньне рэгіянальнай бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская пра ўчынак Латыпава: «Цэлы год у Беларусі не было дня, за які рэжым не зламаў лёс нявіннага чалавека»Як адзначыў Курц у твітэры, падчас гутаркі ён запэўніў Ціханоўскую ў тым, што Аўстрыя працягне падтрымліваць народ Беларусі і апазыцыю ў барацьбе за справядлівасьць і дэмакратыю.
«На жаль, за апошнія некалькі тыдняў сытуацыя ў Беларусі абвастрылася — апошні раз адбыўся цалкам непрымальны інцыдэнт з самалётам Ryanair і арышт журналіста. Важна, каб Эўразьвяз неадкладна адрэагаваў санкцыямі. Аўстрыя таксама адкрытая для далейшых санкцый у выпадку неабходнасьці і працягвае падтрымліваць апазыцыю і грамадзянскую супольнасьць», — напісаў канцлер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што зробіць Байдэн зь Беларусьсю. Два варыянты