Дачыненьні суседніх Беларусі і Ўкраіны ад аднаўленьня незалежнасьці ніколі не вызначаліся стабільнасьцю, хаця на ўсіх сустрэчах Аляксандар Лукашэнка казаў кожнаму прэзыдэнту Ўкраіны: «У нас ніколі не было праблем і ніколі ня будзе. Мы заўсёды былі разам і падстаўлялі адзін аднаму плячо ў цяжкія часы».
Адзін у Беларусі, пяць ва Ўкраіне
За час, калі Лукашэнка ачольвае Беларусь, ва Ўкраіне зьмянілася пяць прэзыдэнтаў — другога прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучму выбралі ва Ўкраіне ў той жа дзень, што і Лукашэнку ў Беларусі — 10 ліпеня 1994 году.
І ўвесь гэты час пэрыядычна ўзьнікалі ахаладжэньні ў палітычных стасунках. Спачатку Беларусь больш як 10 гадоў зацягвала працэс ратыфікацыі пагадненьня аб дзяржаўнай мяжы. Яго падпісалі ў 1997 годзе, у той жа год яго ратыфікаваў украінскі парлямэнт, а беларускі — толькі ў 2010-м.
На паўзу ставіліся адносіны ў найбольш пераломныя для Ўкраіны моманты — пасьля Аранжавай рэвалюцыі ў 2004–2005 гадах і Рэвалюцыі годнасьці ў 2013-2014. Абедзьве прывялі да зьмены ўлады, і абодва прэзыдэнты — і Віктар Юшчанка, і Пятро Парашэнка ледзь ня ў першыя дні пасьля перамогі на выбарах заяўлялі аб намеры дэмакратызаваць Беларусь, што, вядома, ня вельмі спадабалася нязьменнаму Лукашэнку.
Віктар Януковіч на другім годзе свайго прэзыдэнцтва (у 2011-м) адклікаў запрашэньне, якое спачатку быў накіраваў Аляксандру Лукашэнку для ўдзелу ў міжнароднай канфэрэнцыі донараў, прымеркаванай 25-годзьдзю з дня чарнобыльскай катастрофы. Тагачасны кіраўнік Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу папярэдзіў украінскія ўлады пра немагчымасьць свайго візыту ў выпадку прысутнасьці на мерапрыемстве госьця зь Беларусі. У выніку Лукашэнка ў адказ адмовіўся прыяжджаць ва Ўкраіну і 26 красавіка, на традыцыйную тады сустрэчу трох прэзыдэнтаў — Беларусі, Расеі і Ўкраіны.
З Уладзімірам Зяленскім дачыненьні так і не пасьпелі разьвіцца. Адбылася толькі адна двухбаковая сустрэча, а наступную перанесьлі — Украіна не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.
Рэкорды ў мінулым
Нягледзячы на рознае «надвор’е» ў палітычных дачыненьнях, краіны-суседкі працягвалі гандляваць, хоць і пэрыядычна абменьваліся абмежаваньнямі, пад якія траплялі беларускія запалкі, лямпачкі, ДВП, мяса-малочная прадукцыя і ўкраінскія піва, мэталічныя вырабы і іншая прадукцыя.
У 2012 годзе, калі прэзыдэнтам Украіны быў Віктар Януковіч, краіны дасягнулі рэкорднага таваразвароту — 7,5 мільярда даляраў (у 1997 годзе было 1,4 млрд). Пры гэтым з 2008 году Беларусь пачала зарабляць на гандлі з Украінай — краіна пастаўляе на ўкраінскі рынак больш, чым купляе ва Ўкраіне, таму і гандлёвае сальда складваецца на карысьць Беларусі.
Летась двухбаковы гандаль скараціўся амаль на чвэрць у параўнаньні з 2019 годам — да 4,5 мільярда даляраў, найперш праз пандэмію каранавірусу. Але Ўкраіна страціла больш, чым Беларусь.
Тэндэнцыя падзеньня гандлю працягваецца і сёлета. У студзені—сакавіку 2021 году ўкраінскія пастаўкі ў Беларусь склалі 305,8 млн даляраў, што на 13,4% менш, чым у аналягічны пэрыяд мінулага году. Беларускія пастаўкі ва Ўкраіну павялічыліся на 23,1%, да 863,6 млн даляраў.
Але цяпер, апроч каранавірусу, дадаліся эканамічныя і палітычныя абмежаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспарт зь Беларусі ва Ўкраіну ў 2020 годзе ўпаў амаль на чвэрцьФорум рэгіёнаў скасавалі
Форум рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны разглядалі як адзін з інструмэнтаў актывізацыі эканамічных і дзелавых кантактаў.
Аб такой форме супрацы Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка дамовіліся ў 2017 годзе. Форумы мусілі праводзіцца па чарзе на беларускай і ўкраінскай тэрыторыі. Але прайшлі яны толькі двойчы — у 2018 годзе ў Гомлі пры ўдзеле Пятра Парашэнкі і ў 2019 годзе ў Жытоміры пры ўдзеле Ўладзіміра Зяленскага.
У 2020 годзе форум мусіў прайсьці ў Горадні, і менавіта тады плянаваўся першы афіцыйны візыт украінскага прэзыдэнта ў Беларусь. Але Ўладзімір Зяленскі скасаваў яго пасьля жорсткага разгону ў Беларусі акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і іх непрызнаньня.
Наўрад ці і сёлета адбудзецца трэці форум.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі скасаваў свой візыт у Беларусь для ўдзелу ў форуме рэгіёнаўПершы «званочак» для беларускай тэхнікі
Украінскі рынак для беларускіх вытворцаў пасажырскай, грузавой і спэцыяльнай тэхнікі быў ці не найбольшым сярод блізкіх суседзяў.
Дзякуючы дзяржаўнай праграме, зацьверджанай украінскім урадам для замены грамадзкага транспарту, у фінансаваньні якой былі задзейнічаныя і крэдыты двух эўрапейскіх банкаў, геаграфія беларускіх аўтобусаў і тралейбусаў імкліва пашыралася з захаду на ўсход і з поўначы на поўдзень Украіны. Дылеры беларускай тэхнікі перамагалі на большасьці тэндэраў. Зьявіліся ва Ўкраіне і зборачныя вытворчасьці беларускіх тралейбусаў, камунальнай і сельскагаспадарчай тэхнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Беларусь едзе ва Ўкраіну не на танках, а на тралейбусахПершы «званочак» прагучаў у Львове сёлета ў красавіку, калі мэр горада Андрэй Садавы заявіў пра намер правесьці новы тэндэр для вызначэньня іншага пастаўшчыка аўтобусаў, якія гарадзкія ўлады купляюць за грошы Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку. У канцы 2020 году яго выйграў Менскі аўтамабільны завод, які, паводле ўмоў конкурсу, мусіў паставіць 100 аўтобусаў. Пасьля выбараў у Беларусі ўлада Львова не захацела такім чынам «фінансаваць рэжым».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня маем права фінансаваць рэжым». Львоў адмовіўся купляць беларускія аўтобусыЦяпер пад пагрозай яшчэ адзін тэндэр, у Мікалаеве. Абвяшчэньне вынікаў конкурсу вартасьцю 4,5 мільёна эўра, у якім удзельнічаў МАЗ і нібыта прапанаваў найлепшыя варыянты пастаўкі, перанесьлі на сярэдзіну траўня. Як паведамілі Свабодзе ў камунальным прадпрыемстве «Мікалаеўпастранс», вынікаў не абвясьцілі дагэтуль, хоць чакаюць з дня на дзень.
У грузавым транспарце Менскі аўтамабільны завод увогуле трымае траціну ўкраінскага рынку, апярэджваючы ўсясьветныя брэнды Mercedes-Benz, MAN, Scania, Ford Trucks, Volvo Trucks і ўкраінскі КрАЗ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская фірма кантралюе чвэрць украінскага рынку грузавога транспарту — дасьледаваньнеУ красавіку Ўкраіна нечакана ўвяла абмежаваньні для беларускага грузавога, пасажырскага і спэцыяльнага транспарту ў выглядзе 35 адсоткаў мыта ад вартасьці пастаўкі. Такое рашэньне было ўхвалена без правядзеньня антыдэмпінгавага расьсьледаваньня, у адказ на ўвядзеньне Беларусьсю ўтылізацыйнага збору на пастаўку колавых транспартных сродкаў з Украіны і абмежаваньня магчымасьцяў украінскіх кампаній для ўдзелу ў дзяржаўных закупках Беларусі.
Што праўда, гэтага мыта Ўкраіна пакуль не прымяняе — Акруговы адміністрацыйны суд Кіева на пазоў украінскага прадпрыемства з замежнымі інвэстыцыямі «Гандлёвы дом „МАЗ-Украіна“» часова спыніў дзеяньне рашэньня Міжведамаснай камісіі Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю да канца разгляду справы ў судзе.
Паводле ўкраінскай статыстыкі, з пачатку 2021 году Беларусь павялічыла на 46,5% пастаўку тэхнікі ва Ўкраіну да 55,79 млн даляраў. Па колькасьці гэтая прадукцыя займае другое месца ў структуры беларускага гандлю.
Закрытае неба
Імаверна, што Ўкраіна яшчэ доўга б магла захоўваць статус-кво ў гандлі зь Беларусьсю, калі б у траўні беларускія ўлады не пайшлі на беспрэцэдэнтныя захады для пасадкі ў Менску самалёта Ryanair і затрыманьне журналіста і блогера Рамана Пратасевіча.
Адна зь першых у Эўропе, Украіна спачатку скасавала прамыя авіязносіны зь Беларусьсю, а потым і магчымасьці выкарыстаньня беларускімі самалётамі ўкраінскага неба пры палётах у іншыя краіны.
Штотыдзень між Украінай і Беларусьсю ажыцьцяўлялася 80 прамых рэйсаў.
Ва ўкраінскім урадзе разьлічваюць, што страты атрымаецца кампэнсаваць за кошт вымушанай пераарыентацыі замежных авіякампаній на палёты праз украінскае неба ў паўднёвым кірунку. Для авіякампаній, якія ажыцьцяўляюць палёты ў паўночным кірунку (Паўночная Эўропа), павялічацца выдаткі ў сувязі зь неабходнасьцю аблятаць тэрыторыю Беларусі.
Абмежаваньні ў адказ
На закрыцьцё ўкраінскага неба беларускія ўлады адрэагавалі імгненна. Пад рэжым індывідуальнага ліцэнзаваньня ў Беларусі падпалі ўкраінскія кандытарскія вырабы, шакаляд, сокі, піва, пліты ДСП і ДВП, шпалеры, туалетная папера і ўпакоўка, цэгла, шкляныя ампулы, сельгастэхніка для пасеваў, пральныя машыны і мэбля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Украіны: Беларусь увяла абмежаваньні на пастаўку ўкраінскай прадукцыіНе крытычная для Беларусі, гэтая прадукцыя мае невялікую частку і ў структуры ўкраінскага гандлю на беларускім рынку: найбольшую (4%) маюць папера, упакоўка і тэхніка, драўляныя вырабы (2%), усё іншае — да1%. Найчасьцей іх пастаўляюць невялікія прадпрыемствы, якім цяпер давядзецца шукаць іншыя рынкі для збыту сваёй прадукцыі.
Пры гэтым Беларусь не абмяжоўвае паставак з Украіны крытычнай для сябе прадукцыі — мэталу, а таксама адходаў харчовай прамысловасьці, якія беларускія прадпрыемствы выкарыстоўваюць для вытворчасьці кармоў для жывёлы. У агульнай структуры ўкраінскага гандлю на беларускім рынку гэтыя віды прадукцыі займаюць адпаведна 10 і 13,4%.
Беларускі гандаль крытычна залежыць ад паставак ва Ўкраіну нафтапрадуктаў. Іхная частка складае 59,2%. Таму скарачэньне паставак нафты з Расеі ў сувязі з амэрыканскімі санкцыямі прымушае Беларусь скарачаць і пастаўкі нафтапрадуктаў ва Ўкраіну. Пакуль што скарачэньні закранулі толькі адзін від аўтамабільнага паліва. Каб кампэнсаваць будучыя страты, Беларусь у студзені—сакавіку 2021 году на 39,1% павялічыла нафтапастаўкі ва Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіну спынілі пастаўкі аднаго гатунку бэнзіну зь Беларусі. Магчыма, з прычыны санкцыяўЗабарона электраэнэргіі
26 траўня Нацыянальная камісія, якая ажыцьцяўляе дзяржаўнае рэгуляваньне ў сфэры энэргетыкі Ўкраіны, забараніла пастаўкі на ўкраінскі рынак электрычнай энэргіі зь Беларусі.
Беларусь цягам студзеня—сакавіка 2021 году павялічыла пастаўкі электраэнэргіі ва Ўкраіну ў 3,8 раза, да 503,5 мільёна кіляват-гадзін, у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. Але ўжо ў лютым—сакавіку аб’ёмы пастаўкі беларускай электраэнэргіі пачалі зьніжацца. Неабходнасьць у беларускай энэргіі з канца 2020-га да вясны 2021-га была абумоўленая крызісам у вугальнай галіне, што магло прывесьці да разбалянсаваньня энэргетычнай сыстэмы Ўкраіны і да праблемаў у ацяпленьні жыльлёва-камунальнага сэктару.
Новыя абмежаваньні для беларускай энэргіі таксама часовыя. Яны будуць дзейнічаць да 1 кастрычніка, каб мець магчымасьці манэўраваць у выпадку неабходнасьці з пачаткам новага ацяпляльнага сэзону.
Менская пляцоўка пад пытаньнем
Менская пляцоўка для ўрэгуляваньня сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны была такой жа важнай для Беларусі, як і для самой Украіны. Зь яе дапамогай афіцыйны Менск фактычна вярнуўся ў геапалітыку, зь якой быў выключаны пасьля сфальсыфікаваных выбараў і задушаных пратэстаў у сьнежні 2010 году.
Цяпер ва Ўкраіне заяўляюць аб намеры адмовіцца ад паслуг Менску пасьля завяршэньня карантынных захадаў. Пакуль што ўсе перамовы адбываюцца онлайн, без прыезду ўдзельнікаў перамоў у беларускую сталіцу.
Ці будуць пэрсанальныя санкцыі
Ад пачатку беларускага крызісу Ўкраіна неаднаразова заяўляла аб намеры далучыцца да пэрсанальных санкцый, уведзеных Эўрапейскім Зьвязам супраць чыноўнікаў, датычных да фальсыфікацыі вынікаў выбараў і да катаваньня ўдзельнікаў акцыяў пратэсту.
Але далей заяваў кіраўніцтва Ўкраіны не прасунулася. Як стала вядома Свабодзе, урадавы камітэт толькі 6 траўня папярэдне разгледзеў праект адпаведнага рашэньня, падрыхтаванага Міністэрствам замежных справаў Украіны. У гэты дзень у Кіеве з візытам знаходзіўся дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар Блінкен: ЗША не пакінуць без адказу любыя агрэсіўныя дзеяньні МасквыСвабода зьвярнулася да МЗС Украіны з запытам аб канкрэтызацыі пэрсанальных санкцый супраць грамадзян Беларусі, але адказу так і не атрымала.
Паводле працэдуры, рашэньне аб увядзеньні санкцый на падставе прапаноў ураду і МЗС ухваляе Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны. Апошняе яе пасяджэньне адбылося 14 траўня. Тады пад санкцыі падпалі тры беларускія «злодзеі ў законе», а два прадпрыемствы выйшлі з-пад абмежаваньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад санкцыі ва Ўкраіне падпалі тры беларускія «злодзеі ў законе», два прадпрыемствы выйшлі з-пад абмежаваньняў