У Купалаўскім тэатры новы мастацкі кіраўнік — Вольга Няфёдава, якая падтрымала Лукашэнку

Уваход у Купалаўскі тэатар у жніўні 2020 году

Ім стала Вольга Няфёдава, якая раней асудзіла актораў, што пакінулі тэатар з прычыны рэпрэсій улады супраць беларусаў.

Вольга Няфёдава стала мастацкім кіраўніком Купалаўскага тэатру. Яе імя зьявілася на сайце тэатру ў разьдзеле «Кантакты. Творчае кіраўніцтва».

Улетку 2020 году, калі Купалаўскі сьвяткаваў 100-годзьдзе, тэатар пакінулі шматлікія акторы. Няфёдава тады асудзіла тых, хто звольніўся, а потым паказвала новае прачытаньне «Паўлінкі» Лукашэнку, які прыехаў у тэатар.

У жніўні купалаўцы публічна асудзілі самавольства і гвалт сілавікоў супраць мірных дэманстрантаў, пасьля чаго быў звольнены дырэктар тэатру Павал Латушка. На знак салідарнасьці зь ім з Купалаўскага сышлі амаль усе акторы, рэжысэры, рэдактары, адміністратары, музыканты аркестру, кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі, мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін — больш за 60 чалавек. З старой трупы засталося каля дзесяці актораў, на вакантныя месцы пачалі набіраць студэнтаў.

Латушка зьехаў за мяжу і ўтварыў «Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва». Ён заклікае Лукашэнку да адстаўкі, а чыноўнікаў — да «непадпарадкаваньня незаконным патрабаваньням узурпатара».

Акторы, якія пакінулі тэатар, стварылі незалежную групу «Купалаўцы» і запусьцілі канал на YouTube. На ім яны паказваюць свае пастаноўкі, чытаюць вершы і зьвяртаюцца да творчай супольнасьці Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сёньня на YouTube купалаўцаў – прэм'ера «Паўлінкі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вядомага актора Аляксандра Ждановіча — Маляваныча — звольнілі з тэатру
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вячаслаў Ракіцкі: «Сёньня хіба што найгоршы час для тэатраў»