Галоўны рэдактар выданьня «Трыбуна» Алег Гаруновіч камэнтуе чарговы правал беларускай хакейнай зборнай, тлумачыць, чаму менавіта хакеісты аказаліся самымі праўладнымі, і расказвае, як павінны скласьціся адносіны дзяржавы да спорту ў новай Беларусі.
Сьцісла:
- Зборная Беларусі па хакеі — пацешная каманда, ад яе ўвесь час чакаюць чагосьці вялікага, а па выніку атрымліваюць нейкі трагіфарс.
- Хакеісты, па вялікім рахунку, жывуць з ласкі Лукашэнкі, таму часам і сутыкаюцца з жорсткім стаўленьнем ад людзей.
- Большасьць спартоўцаў разумее, што ў краіне адбываецца нейкае дзікунства.
- Нармальна, калі дзяржава займаецца дзіцячым спортам, усё астатняе — гэта справа бізнэсу
— Правал беларускай хакейнай зборнай на чэмпіянаце сьвету — наколькі гэта заканамерна? Ёсьць нейкая пасьлядоўнасьць, што вынікі хакейных камандаў пагаршаюцца фактычна з кожным годам, прынамсі, не параўнаць з 2000-мі гадамі. Чым гэта тлумачыцца?
— Насамрэч нічога дзіўнага зараз у Рызе не адбылося, проста многія глядзяць на гэта пад крыху іншым ракурсам. Зборная Беларусі не дэманструе ніякіх нечаканых вынікаў. Яна прайграе, што вельмі часта здаралася ў апошнія гады. Гэта пацешная каманда (у тым сэнсе, што ад яе ўвесь час чакаюць чагосьці вялікага, а па выніку атрымліваюць нейкі трагіфарс), зь якой раней кпілі толькі спартыўныя заўзятары. Цяпер жа да спартыўных заўзятараў актыўна далучыліся людзі, якія супраць Лукашэнкі. Таму шуму вакол звычайнага правалу хакейнай зборнай дадалося.
Людзей, якія разьбіраюцца ў хакеі, тое, што адбылося на чэмпіянаце сьвету, крыху зьдзіўляе, бо склад у зборнай Беларусі даволі прыстойны. Ён амаль аптымальны. І на фоне аслабленых супернікаў можна было чакаць больш прыстойных вынікаў, чым апошняе месца ў групе. Аднак і ў такіх абставінах хакеісты абрабіліся. І тут ужо пытаньні да галоўнага трэнэра Міхаіла Захарава, вялікага сябрука Лукашэнкі.
Пры гэтым як бы людзі ні рагаталі з хакеістаў, але можа здарыцца і так, што ў бліжэйшыя гады вынікі нацыянальнай каманды пойдуць угору. Усё ж лядовых палацаў набудавалі, дзяцей у хакейныя школы панабіралі. Нават калі рабіць вельмі крыва, усё роўна пэўны плён магчымы. У Беларусі зьяўляюцца цікавыя маладыя гульцы. Проста іх сталеньне — працэс ня самы хуткі. Магчыма, праз пару гадоў Беларусь без Лукашэнкі будзе ехаць на тых гадаванцах, якія вырасьлі пры ім, як сувэрэнная Беларусь пэўны час ехала на тых, каго падрыхтавалі пры СССР.
— Хакей як любімы спорт Аляксандра Лукашэнкі часам толькі з гэтай прычыны выклікае непрыманьне ў ягоных апанэнтаў. І гэта спорт, які, на думку многіх, зьядае зашмат дзяржаўных рэсурсаў. Ці можна пагадзіцца з такой думкай, ці сапраўды хакеісты атрымліваюць надта шмат і непрапарцыйна «посьпехам»?
— У апошнія гады апэтыты беларускім хакеістам прыйшлося абмежаваць. Клюбныя бюджэты праселі, зьявіліся ліміты на памер заробкаў. Відавочна, гэта ўжо ня тыя грошы, што былі напрыканцы «нулявых». Проста хакей, як ні круці, — усё роўна дорага. Тут ня толькі заробкі, але і амуніцыя, утрыманьне лядовых арэн. Пры гэтым у беларускіх гарадах не хапае палацаў для больш даступных гульнявых відаў спорту, якімі б больш актыўна маглі займацца і звычайныя людзі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэр Рыгі адказаў Фазэлю, які заступіўся за Лукашэнку, што гатовы зьняць і сьцягі Міжнароднай фэдэрацыі хакеюЯшчэ трэба памятаць, што ёсьць чэмпіянат Беларусі па хакеі, а ёсьць менскае «Дынама» ў КХЛ, якое зжырае шмат грошай, хоць і там выдаткі ў апошнія гады скараціліся. Аднак нават пасьля скарачэньняў хакеісты зарабляюць там вельмі добра, непараўнальна больш, чым звычайныя беларусы. Пры гэтым заробкі хакеістаў у беларускім першынстве ўжо ня так уражваюць. Часам там могуць атрымліваць 1–2 тысячы рублёў, што ня так многа, калі ўлічваць фізычныя нагрузкі. Добры хакеіст атрымлівае як сярэдні айцішнік, але і першы, і другі зарабляюць больш за настаўніка.
Хакеісты чэмпіянату Беларусі па заробках ужо нават хутчэй адстаюць ад футбалістаў, але хакеістам дастаецца часьцей. Усё ж такі фактар Лукашэнкі адыгрывае ў гэтым пэўную ролю, ён абраў для разьвіцьця даволі нестандартны від спорту. Фактычна, навязаў даволі дарагую забаўку цэлай краіне. Хакеісты, па вялікім рахунку, жывуць зь яго ласкі, таму часам і сутыкаюцца з жорсткім стаўленьнем ад людзей.
— Пасьля жніўня 2020 спартоўцы падзяліліся — на тых, хто актыўна выступіў на баку народу, на тых, хто добраахвотна ці пад прымусам падпісаў праўладныя лісты, і на тых, хто спрабуе ня ўмешвацца. Як бы вы ацанілі гэтыя прапорцыі? Каго больш?
— Не бяруся вымяраць, бо хацелася б ведаць, хто падпісаўся за Лукашэнку шчыра, ад душы, а не пад прымусам. Дакладна ведаю, што ў шэрагі яго прыхільнікаў загналі і тых, хто не падтрымлівае дзейную ўладу. Зрабілі гэта нават не пагрозамі, а хапіла намёкаў на наступствы. Спартоўцы ў вялікай залежнасьці ад дзяржавы. Ня кожны гатовы казаць тое, што думае, ігнаруючы амаль гарантаваныя наступствы. Усё ж такі людзі прысьвячаюць спорту ўсё жыцьцё, а тут маячыць пэрспэктыва атрымаць высьпятка пад зад.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пра хакей мы больш ня пішам». Вялікая гутарка з галоўным рэдактарам «Трыбуны» Алегам ГаруновічамМы бачым, што ўлады ні з кім не цырымоняцца, дзейнічаюць максымальна брутальна і жорстка. Звальняюць нават тытулаваных спартсмэнаў, якія яшчэ могуць штосьці паказаць на Алімпійскіх гульнях. Аднак мая асабістая думка — большасьць спартоўцаў разумее, што ў краіне адбываецца нейкае дзікунства. Проста многія вырашылі, што разьбяруцца бязь іх. На жаль, паміж добрым спартоўцам і годным грамадзянінам далёка не заўжды можна паставіць знак роўнасьці. Нашмат часьцей мы бачым адваротныя выпадкі, дастаткова прыгадаць паводзіны гераіні Беларусі зь біятлёну.
— Ці ёсьць нейкія заканамернасьці па відах спорту? Паводле агульнай ацэнкі многіх журналістаў, менавіта хакей аказаўся самым «праўладным» відам спорту, а сярод баскетбалістаў, здаецца, вельмі шмат апанэнтаў улады. Чаму?
— Наколькі ведаю, у хакеі не сюсюкаліся. Ведаеце, бывае, калі маўчаньне азначае аўтаматычную згоду. Здаецца, кіраўніцтва клюбаў лічыць, што пры падпісаньні кантрактаў хакеісты аддаюць ня толькі сваё майстэрства і намаганьні, але яшчэ і душы заадно. І гэтымі душамі можна распараджацца на ўласны одум. У некаторых клюбах гульцоў паставілі перад фактам. У некаторых прыходзілі і пераконвалі — маўляў, калі не падпішаце, то каманда ня будзе існаваць. Ведаю, што былі прынцыповыя хлопцы, якія адмыслова не падпісаліся за Лукашэнку. І іх звальнялі з клюбаў, але безь вялікага шуму, бо і хлопцы не хацелі шумець, таму што спадзяваліся пазьней знайсьці новы клюб.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самбіст Сьцяпан Папоў: «Быць свабодным — гэта ведаць сабе цану»Аб праўладнасьці відаў спорту цяжка гаварыць, таму што няма аб’ектыўных дадзеных. Хто падпісваўся, як? Хтосьці маўчыць, кагосьці прымусілі падпісацца за Лукашэнку — цяжка рабіць высновы. Пра баскетбол заўжды казалі, што гэта даволі інтэлектуальны спорт. Быццам можна пагадзіцца — адразу ўзгадваеш братоў Мешчараковых, Леўчанку, Сныціну. Гэта разумныя людзі і добрыя сьпікеры. Але той жа Максім Рыжанкоў узначальвае фэдэрацыю баскетболу, а Трафімава, Верамеенка і Рыцікава гуляюць за нацкаманды. І яны за Лукашэнку. Таму можна толькі гадаць.
Але можна зьвярнуць увагу на ўзровень рыторыкі тых, хто за перамены, і тых, хто ўскосна ўхваляе гвалт у краіне. Дастаткова прыгадаць дыскусію Леўчанкі зь лёгкаатлетам Недасекавым. Апошні аказаўся проста моськай на фоне баскетбалісткі. Увогуле, быццам бы прыхільнікі Лукашэнкі пазьбягаюць штосьці гаварыць пра сваю пазыцыю. Падпісаліся — і маўчок. І гэта падштурхоўвае да пэўных высноваў.
— Спартоўцы маўчалі даволі доўга, хоць палітычна актыўныя людзі прасілі іх выказаць сваю пазыцыю даволі даўно. Што адбылося зь імі ў 2020 годзе, чаму «прарвала»?
— Прарвала ня толькі спартоўцаў, а ўсё беларускае грамадзтва. Людзі з самых розных сфэраў пачалі гаварыць, пачалі артыкуляваць сваю незадаволенасьць уладамі. Дастаткова ўзгадаць стрымы Ціханоўскага, дзе да мікрафона сьмела падыходзілі прадстаўнікі самых розных слаёў грамадзтва. Таму ня дзіўна, што неабыякавыя людзі знайшліся ў спорце. Спартоўцы — гэта далёка не заўжды тупні, як некаторыя іх зусім недарэчна бачаць. Сярод спартоўцаў хапае разумных людзей, годных людзей, у якіх сэрца сапраўды баліць за сваю краіну і за свой народ.
— Цяпер многія беларусы найперш ацэньваюць грамадзянскую пазыцыю спартоўца, і толькі потым — ягоны ўзровень спартовых дасягненьняў. Ці правільна гэта, ці гэта проста адбітак нашых надзвычайных падзеяў гэтага году? Ці такое стаўленьне павінна быць заўсёды, і да спартоўцаў варта ставіцца як да прадстаўнікоў любых іншых сфэр дзейнасьці — найперш чалавечыя і грамадзянскія якасьці, а ня толькі перамогі і галы?
— Ведаеце, гэта зусім ненатуральнае становішча, калі хтосьці кажа сваім суайчыньнікам: ну так, вас катуюць, забіваюць, але мне пофіг, я па-за палітыкай. Гэта непрымальна, таму што гаворка пра нейкія базавыя рэчы. Гэта гаворка пра каштоўнасьць жыцьця, пра недатыкальнасьць асобы, пра права выбару.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падыму бел-чырвона-белы сьцяг», — 61-гадовая Лілія Яноўская можа стаць першай беларускай на ЭвэрэсьцеДзіўна, што некаторыя прадстаўнікі нашага грамадзтва лічаць такія пытаньні неістотнымі. Але калі яны займаюць такую пазыцыю, яны павінны быць падрыхтаванымі да таго, што астатняя частка грамадзтва зьменіць да іх сваё стаўленьне. Да гэтага павінны быць падрыхтаваныя палітыкі, бізнэсмэны і спартсмэны ў тым ліку.
Яшчэ раз паўтару: пляваць на свой народ — гэта супрацьнатуральна. Пры такім раскладзе ня можа быць падтрымкі. І такое становішча будзе захоўвацца да таго часу, пакуль сытуацыя ня вырашыцца і грамадзтва ня прыйдзе да нейкага кансэнсусу.
Ну як можна заўзець за спартсмэна, які згодны з гвалтам? За яго будуць заўзець толькі тыя, хто таксама падтрымлівае гвалт, або тыя, хто вельмі добра заплюшчыў вочы. Для цяперашняга часу гэта цалкам нармальна. Але я спадзяюся, што мы прыйдзем да таго, што беларусы будуць адрозьнівацца ў нюансах, а не ў пытаньні, ці можна чалавека проста так зьбіваць на горкі яблык, фальсыфікаваць выбары і гэтак далей.
— Футбольныя заўзятары заўсёды былі даволі апазыцыйныя да ўладаў (з таго ці іншага боку) і крыніцай падвышанай увагі з боку ГУБАЗІКа. Чаму менавіта вакол футбольных клюбаў зьбіраюцца людзі з пэўнымі поглядамі, у чым гэты фэномэн?
— Мне здаецца, што ў фанацтва часьцяком ідуць падлеткі, якія бунтуюць, а таксама хлопцы, якіх такія падлеткі прыцягваюць. Такія людзі прагнуць свабоды, а рэжым Лукашэнкі — гэта штосьці цалкам супрацьлеглае свабодзе. Плюс наяўнасьць нейкай ідэі — гэта традыцыйна для фанатаў. Гэта прыйшло да нас з Захаду, і нейкая ідэалёгія ў футбольнай субкультуры — у гэтым ёсьць і элемэнт перайманьня.
— У новай Беларусі якімі ў ідэале павінны быць адносіны паміж дзяржавай і спортам? Сёньня амаль усе футбольныя, хакейныя клюбы маюць бюджэтную падтрымку мясцовых органаў улады або дзяржаўных прадпрыемстваў. Ці нармальная гэта сытуацыя?
— Дзяржава ў Беларусі — гэта галоўны бізнэсмэн. Яна прыхапіла шмат якія сфэры, сканцэнтравала ў сваіх руках значны фінансавы рэсурс, і таму проста абавязаная дзяліцца гэтым рэсурсам з грамадзтвам, у тым ліку праз спорт. Калі дзяржава пачне займацца ня бізнэсам, а адміністраваньнем, а бізнэс стане справай бізнэсмэнаў, то я ня думаю, што грошай у спорт стане прыходзіць меней. Можа, і наадварот, таму што сярод бізнэсмэнаў хапае прыхільнікаў спорту.
Так, можа здарыцца нейкі крызіс на той час, пакуль сыстэма перабудоўваецца, але ў пэрспэктыве магчымасьцяў для спартсмэнаў стане нават больш. Банкі, кампаніі будуць зацікаўленыя ў рэкляме. Гэта будуць зусім іншыя грошы. Быць зоркай стане больш выгадна, а калі ты ня зорка, то будзеш ня толькі трэніравацца, але і падпрацоўваць. У гэтым няма нічога страшнага, так жывуць спартоўцы ў многіх краінах. Нават беларускія спартсмэны, якія зьяжджаюць за мяжу, часам павінны дзесьці яшчэ працаваць, каб сябе добра забясьпечваць. Прыклады можна пашукаць сярод нашых гандбалістаў, якія пераехалі жыць у Фінляндыю і там, акрамя спорту, працуюць на вытворчасьці кардону.
Для небагатых краін нармальна, калі дзяржава займаецца дзіцячым спортам, усё астатняе — гэта справа бізнэсу. «Беларуськалій» падтрымлівае спорт з Лукашэнкам, але і без Лукашэнкі будзе рабіць тое самае. Банкі падтрымліваюць спорт з Лукашэнкам і будуць падтрымліваць безь яго. Магчыма, зьменяцца формы або кірункі, але пры зьмене ўлады ня будзе катастрофы, калі гэтая зьмена не адбудзецца ў нейкім разбуральным рэчышчы, хоць пакуль усё вельмі падобна да гэтага.
Яшчэ цікавы кірунак — студэнцкі спорт. Такога размаху, як у ЗША, дасягнуць немагчыма, але студэнцкі спорт у Беларусі павінен быць сьцяжынкай да прафэсійнага спорту. У ЗША нават самыя крутыя профі атрымліваюць адукацыю ва ўнівэрсытэтах, прычым вучацца ўсур’ёз, а не на спушчаных колах, як у нас. Гэта складана, трэба прыкладаць намаганьні, але ў выніку там атрымліваюцца і спартоўцы добрыя, і разам з тым людзі, якія ведаюць цану сваёй рэпутацыі. Яны ня могуць сказаць, што ім пляваць на нейкую частку свайго грамадзтва. А ў нас, на жаль, хапае тых, каму пляваць.