Заяву Бірычэўскага 31 траўня апублікавала агенцтва «РИА Новости». Па словах расейскага чыноўніка, у выпадку ўвядзеньня новага пакету эканамічных санкцый (гэта зможа адбыцца 21 чэрвеня. — РС), Крэмль абароніць афіцыйны Менск ад магчымых нэгатыўных наступстваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея абяцала «заступіцца» за ўлады Беларусі ў выпадку ўвядзеньня Эўразьвязам эканамічных санкцый«Я думаю, што мы будзем абараняць нашага партнэра Беларусь, мы будзем дапамагаць нашым саюзнікам, — сказаў Бірычэўскі. — А тое, што прыдумляюць заходнікі супраць Беларусі, выклікае абсалютна нэгатыўныя эмоцыі. Таму што перш за ўсё трэба правесьці расьсьледаваньне таго, што адбылося, а потым думаць над тым, як на гэта рэагаваць, а не рабіць пасьпешныя заявы».
Якія паказьнікі мае Беларусь у эканамічных стасунках з Расеяй
Пра канкрэтныя крокі для аказаньні дапамогі Беларусі прадстаўнік МЗС РФ не расказаў. У даковідны пэрыяд, зь сярэдзіны 2018-га па сярэдзіну 2019-га, аб’ём экспарту зь Беларусі складаў каля 33 мільярдаў даляраў. Прыкладна 13 зь іх прыпадалі на Расею. Ва Ўкраіну за той жа пэрыяд Беларусь прадала тавараў на 4 мільярды даляраў.
У 2020 годзе асноўным гандлёвым партнэрам заставалася Расея, на яе долю прыпала 45% беларускага экспарту тавараў. Эўразьвяз у 2020 годзе займаў другое пасьля Расеі месца — туды Беларусь прадавала чвэрць усіх вырабленых тавараў.
У сфэры паслуг беларускі экспарт выглядае крыху іначай. На першым месцы ў 2020 годзе таксама была Расея, але на яе долю прыпала 35%. На другім месцы Эўразьвяз з 31%, трэція ЗША — 9% ад усіх прададзеных беларускай эканомікай паслуг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шайгу: Расея створыць на захадзе краіны 20 новых вайсковых злучэньняў, каб «супрацьстаяць NATO»Эканамічны экспэрт, старшы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб мяркуе, што заявы прадстаўніка расейскага замежнапалітычнага ведамства варта расцэньваць найперш як палітычную дэклярацыю падтрымкі дзейных беларускіх уладаў з боку Крамля.
«Мне здаецца дастаткова відавочным, што гэта заява палітычная, — мяркуе Вадзім Іосуб. — Дапамога можа быць толькі сымбалічнай альбо маральнай. Тут варта прыгадаць, пра якія магчымыя санкцыі ідзе гаворка. Пачаць можна з закрытага неба над усёй Эўропай для авіяперавозак. Прагучала, што могуць быць пашыраныя рэйсы ў Расею. Але я думаю, ні колькасьцю пасажыраў, ні заробленымі грашамі палёты ў Расею ніякім чынам не кампэнсуюць тое, што беларускія самалёты ня могуць лятаць ні ў Эўропу, ні над Эўропай».
Што датычыць санкцый, якія толькі абмяркоўваюцца, то тут магчымасьці Расеі яшчэ больш абмежаваныя, мяркуе экспэрт.
«Сярод таго, што абмяркоўваецца, — магчымае спыненьне куплі беларускага калію, — нагадвае Вадзім Іосуб. — Яшчэ з найбольш жорсткіх варыянтаў — магчымае спыненьне транзыту энэрганосьбітаў празь Беларусь. І любыя магчымыя сэктаральныя санкцыі. Тут трэба разумець, што Расея ў прынцыпе, нават маючы жаданьне, ад наступстваў такіх санкцый ніякім чынам Беларусь не абароніць. Расея ніякім чынам ня будзе купляць у Беларусі дадатковыя аб’ёмы ўгнаеньняў. І як яна можа дапамагчы ў выпадку забароны транзыту энэрганосьбітаў? Гэта ўвогуле ўявіць немагчыма».
У 2019 годзе Расея займала другое месца ў сьвеце пасьля Канады ў вытворчасьці калійных угнаеньняў, і трэцяе пасьля яе ж і Беларусі ў іх экспарце. Пры гэтым асаблівасьцю расейскага рынку калійных і азотных угнаеньняў зьяўляецца абмежаваны ўнутраны попыт.
Па словах Вадзіма Іосуба, у апошнія гады Расея калі не цалкам, то ва ўсё большай ступені стараецца прытрымлівацца прагматызму ў дачыненьнях з Беларусьсю. Таму заяву прадстаўніка расейскага МЗС варта разглядаць як дзяжурную.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадарка ЗША ў Беларусі: Захад мусіць адказаць мовай, якую Лукашэнка здольны зразумець ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін паабяцаў Лукашэнку другі транш крэдыту і падняў тэму затрыманьня Сапегі