У Віцебску знайшлі спонсараў для аднаўленьня «шагалаўскай» сынагогі

Рэшткі Вялікай Любавіцкай сынагогі ў Віцебску

Будынак Вялікай Любавіцкай сынагогі, якую наведвала сям’я сусьветна вядомага мастака Марка Шагала, доўгія гады прастаяў у паўразбураным стане. У Віцебску даўно няма хасідзкай грамады, таму абласныя ўлады выставілі аб’ект за адну базавую велічыню.

Як паведамляе Радыё Рацыя, музэй Марка Шагала неаднаразова рабіў спробы вярнуць будынак у культурніцкую прастору горада — тут ладзіліся канцэрты і прэзэнтаваліся арт-аб’екты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ТОП-7 віцебскіх адрасоў Марка Шагала

Інфармацыя пра тое, што сынагогі прадаецца, паспрыяла зьяўленьню спонсараў, кажа Ірына Воранава, дырэктарка музэя Марка Шагала.

«Усе сталі казаць: „А што? А як яго будуць прадаваць?“ Рэзананс пайшоў больш шырока. І цікаўнасьць выказала хасідзкая грамада з Расеі. Ужо ёсьць спонсары, перадпраектная дакумэнтацыя. І на гэты аб’ект, як на спадчыну, заявіла свае правы наша віцебская габрэйская грамада».

Спонсары прапануюць сродкі на аднаўленьне будынка як культавага аб’екта. А пакуль праходзяць бюракратычныя працэдуры, каб перадаць паўразбураны будынак Вялікай Любавіцкай сынагогі віцебскай габрэйскай грамадзе, музэй Шагала запрашае валянтэраў на прыборку тэрыторыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цуды Беларусі. 7 велічных сынагог, якія руйнуюцца

Пра найбліжэйшыя задачы ў падрыхтоўцы будынка да рэстаўрацыі расказала грамадзкая актывістка Яўгенія Юнашава.

«Мы хочам сабраць гістарычную цэглу, якая тут засталася, і яе захаваць. Так часам робіцца падчас рэканструкцый. І таксама канчаткова вычысціць гэтую тэрыторыю, каб яе можна было аглядаць, пакуль не пачнуцца працы на будынку».

Прыборка вакол Вялікай Любавіцкай сынагогі пачалася ў выходныя і завершыцца 31 траўня. Да яе далучыліся і прадстаўнікі габрэйскай грамады, і неабыякавыя віцябляне.